Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Засьцілаў вочы, спусташаў душу». Вячаслаў Ракіцкі пра тое, кім быў для нас Мілаш Форман

абноўлена

Пайшоў з жыцьця культавы чэска-амэрыканскі рэжысэр Мілаш Форман. Пра сацыяльны пратэст ягоных фільмаў, значэньне для савецкага гледача і ролю ў гісторыі сусьветнага кінэматографа піша Вячаслаў Ракіцкі.

Памёр Мілаш Форман — рэжысэр фільма «Палёт над гняздом зязюлі»

Мы перажываем час, калі адзін за адным пакідаюць сьвет куміры пакаленьняў 1960 — 1980 гадоў — пісьменьнікі, рок-музыкі, мастакі, акторы, рэжысэры. Яны, тады маладыя людзі ў апрытомненых ад наступстваў Другой сусьветнай вайны заходніх грамадзтвах, стваралі новую культуру. У аснове іх твораў ляжаў пратэст супраць сьвету спажываньня, зацьвілай традыцыйнай маралі, які спараджаў хлусьню, зьядаў свабоду. Бязьлітаснае, нонканфармісцкае адлюстраваньне рэчаіснасьці выяўлялася як у ламаньні старых мастацкіх формаў, гэтак і ва ўзмацненьні іх надзвычайнай моцы псыхалягізмам.

1990 год, кінафэстываль у Карлавых Варах. Вацлаў Гавал, Мілаш Форман і Павел Ландоўскі
1990 год, кінафэстываль у Карлавых Варах. Вацлаў Гавал, Мілаш Форман і Павел Ландоўскі

Новая культура новага часу, хай і зь цяжкасьцю, але ўсё ж прарывалася і да нас, якіх адгарадзілі ад Захаду калючым дротам. І мы, слухаючы «галасы з-за бугру», купляючы ў фарцоўшчыкаў кружэлкі з запісамі культавых заходніх рок-выканаўцаў, запісваючыся ў чэргі ў бібліятэках на часопіс «Иностранная литература», ломячыся ў кінатэатры, дзе час ад часу паказвалі заходнія фільмы, што прарываліся скрозь цэнзуру, бо адлюстроўвалі «крызіс буржуазнага грамадзтва», таксама далучаліся да той новай заходняй культуры. Праўда, часьцей зь істотным, у гады, спазьненьнем.

Мы перакідвалі іх праблематыку на сябе, усьведамлялі яе вельмі востра, бо савецкае грамадзтва было яшчэ болей рэпрэсаваным, чым заходняе. Але пра гэта мы, адрозна ад амэрыканцаў ці заходнеэўрапейцаў, увогуле нават сказаць услых не маглі. У пэўнай ступені замежнае нонканфармісцкае мастацтва рыхтавала і сьвядомасьць савецкіх людзей, перадусім моладзі і інтэлігенцыі, да пераменаў.

Афіша фільму «Народ супраць Лары Флінта»
Афіша фільму «Народ супраць Лары Флінта»

Сёньня ня стала аднаго з тых вялікіх заходніх творцаў, кінарэжысэра Мілаша Формана — найбуйнейшага прадстаўніка новай хвалі амэрыканскага кіно 1970-х — 1980-х гадоў.

Ягоная вялікая кінапрыпавесьць «Пралятаючы па-над гняздом зязюлі» (у савецкім пракаце фільм называўся «Палёт над гняздом зязюлі» — РС), зьнятая ў 1976 годзе, атрымала дзясяткі прэстыжных узнагародаў, улучна зь пяцьцю галоўнымі Оскарамі. У савецкі пракат яна трапіла толькі пры закаце СССР, у 1988 годзе.

Але да таго часу яна стала ўжо і ў нас культавай. Гэта быў час відэамагнітафонаў, і стужкі з запісам гэтага фільма (зрэшты, як і ягонай ранейшай экранізацыі рок-опэры «Валасы» пра сьвет гіпі) заціраліся да дзіраў. Востры, невырашальны канфлікт асобы і рэпрэсіўнага грамадзтва мы выдатна разумелі. Натуральна, тыя, хто мелі вочы, вушы і хацелі бачыць і асэнсоўваць рэальнасьць.

Я і праз сорак гадоў памятаю свае эмоцыі пры праглядзе фільма. Ён зьбіваў з ног, засьцілаў вочы, сьціскаў скроні, спусташаў душу, дабіваў сваім безвыходным для ўсіх, акрамя Важака, фіналам. Гэта быў неверагоднай моцы псыхалягізм.

За фільм «Амадэй» Форман атрымаў 8 Оскараў у 1985 годзе
За фільм «Амадэй» Форман атрымаў 8 Оскараў у 1985 годзе

Такія ж эмоцыі я назіраў у публікі і пазьней у менскіх кінатэатрах. Іх, зрэшты, няцяжка вытлумачыць. Псыхіятрычная клініка, у якой разварочваўся канфлікт, вырашалася Мілашам Форманам і ўспрымалася публікай як мэтафара грамадзтва, як турма, дзе катуюць маральна і фізычна, зь якой, адрозна ад аднайменнага рамана Кізі, выйсьця няма.

Для нас усіх у той ці іншай ступені прымянялася сацыяльная тэрапія, а для адкрытых дысыдэнтаў — і тэрапія псыхічная. Мне нават падавалася, што фільм зроблены наўпрост пра нас, настолькі зьмест і форма яго былі ўнівэрсальнымі.

Для мяне асабіста і гэты, і іншыя фільмы Формана былі прывабнымі і зь гледзішча візуальнасьці. Сьвет стужкі «Пралятаючы па-над гняздом зязюлі» — замкнёная прастора, цёмна-шэрыя піжамы і чорны касьцюм Мак-Мёрфі на кантрасьце зь беласьнежнымі халатамі мэдпэрсаналу — злавесны, ён пужае. А вось у яшчэ адным вялікім фільме Майстра, у «Амадэі» — баль фарбаў, прыгожых касьцюмаў, музыкі.

Рэжысэр Форман, як кажуць, раствараўся ў акторах. Калі мы гаворым пра эмацыйнасьць, псыхалягізм, верагоднасьць фільма «Пралятаючы па-над гняздом зязюлі», тут жа аднаўляем у памяці Джэка Нікалсана і Луізу Флетчэр. Калі б я складаў рэйтынг самых праўдзівых і сымбалічных роляў за гісторыю сусьветнага кінэматографа, дык на адны зь першых месцаў паставіў бы ў іх выкананьні Мак-Мёрфі і сястры Мілдрэд Рэтчэд.

Цяпер мы ўжо прывыклі, што ці ня кожны год адзін галівудзкі фільм атрымлівае шмат Оскараў у розных намінацыях. А тады, 5 самых прэстыжных Оскараў адной стужцы — за лепшы фільм, лепшую рэжысуру, лепшыя мужчынскую і жаночую ролі, найлепшы адаптаваны сцанар — быў толькі другім выпадкам у гісторыі гэтай узнагароды.

Зьняты ж Форманам у 1984 годзе фільм «Амадэй» — білетрызаваная гісторыя Моцарта і Сальеры — атрымаў ажно 8 Оскараў. У тым ліку і творчасьць Мілаша Формана зрабіла 1970-я — 1980-я гады лепшымі гадамі для кінэматографу ЗША.

Сацыяльная, пратэстовая тэма моцна прысутнічала ў творчасьці Формана. Узгадваюцца тут антырасісцкі фільм «Рэгтайм» і палітычная драма «Народ супраць Лары Флінта». Мне падаецца, што на грамадзянскасьць ягонай творчасьці паўплывалі ня толькі тагачасны бунтарскі настрой заходняга грамадзтва, але і папярэдняя вельмі драматычная біяграфія самога Майстра.

Ён нарадзіўся ў Чэхаславаччыне (у мілым невялікім гарадку Часлаў), перажыў у гэтай краіне вайну і камуністычны рэжым. Бацьку забілі нацысты ў Бухэнвальдзе, маці загінула ў Асьвенціме. Вучыўся будучы рэжысэр у чэскім Падэбрадзе, дарэчы, разам з будучым прэзыдэнтам ужо свабоднай Чэхіі Вацлавам Гаўлам. Пасьля ўварваньня ў Чэхаславаччыну ў 1968 годзе савецкіх войскаў Мілаш Форман эміграваў у ЗША.

«Жыцьцё — кароткае, мастацтва — вечнае», сьцьвярджае старажытная мудрасьць. Фільмы Мілаша Формана, — я перакананы, — яе таксама пацьвердзяць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG