Лінкі ўнівэрсальнага доступу

13 красавіка Рада Белдзяржунівэрсытэту вырашыла надаць самастойны статус факультэту падвышэньня кваліфікацыі кадраў і іх перападрыхтоўкі, які ўваходзіць у структуру Інстытуту журналістыкі. Па сутнасьці гэта азначае скасаваньне апошняга і паніжэньне ягонага статусу да ўзроўню факультэту —​ як гэта і было да 2008 году.​

Як сказала карэспандэнту Свабоды начальнік прэс-службы БДУ Алена Марцулевіч, рашэньне перайменаваць Інстытут журналістыкі БДУ пакуль не прынятае.

Цягам апошніх 10 год Інстытут журналістыкі БДУ складаўся з двух факультэтаў — журналістыкі ды падвышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў.

Цяпер факультэт падвышэньня кваліфікацыі выводзіцца са складу Інстытуту журналістыкі.

«Прынятае рашэньне аб наданьні самастойнага статусу факультэту падвышэньня кваліфікацыі кадраў і іх перападрыхтоўкі. Гэты факультэт будзе мець статус адзінага навукова-мэтадычнага і каардынацыйнага цэнтру дадатковай адукацыі дарослых у комплексе БДУ», — сказала Алена Марцулевіч.

Гэтае рашэньне выклікана «пашырэньнем дзейнасьці ў сфэры дадатковай адукацыі, узмацненьнем экспарту адукацыйных паслуг і ўдасканаленьнем сыстэмы дадатковай адукацыі».

«Калі адзін факультэт выводзіцца са структуры Інстытуту, значыць, хутчэй за ўсё, будзе функцыянаваць факультэт журналістыкі. Але цяпер стаіць пытаньне пра яго перайменаваньне. Яму будзе нададзены імпульс для далейшага разьвіцьця», — сказала Алена Марцулевіч.

Сяргей Дубовік
Сяргей Дубовік

​Учора стала вядома, што дырэктар Інстытуту журналістыкі Сяргей Дубовік быў адпраўлены ў адстаўку падчас знаходжаньня ў адпачынку. Дасьведчаныя крыніцы патлумачылі Свабодзе, што стварыць на базе Інстытуту журналістыкі факультэт падвышэньня кваліфікацыі было ягонай ідэяй.

Ініцыятыву рэфармаваць Інстытут журналістыкі зьвязваюць з прыходам новага рэктара БДУ Андрэя Караля. Дубовік нібыта быў супраць.​

Абавязкі дырэктара факультэту журналістыкі пакуль выконвае намесьніца Дубовіка Вольга Самусевіч. Хто стане новым кіраўніком журфаку, будзе вырашацца «ў рабочым парадку», сказалі Свабодзе ў прэс-службе БДУ.

Дырэктара Інстытуту журналістыкі адправілі ў адстаўку. Стаў ахвярай зьменаў у БДУ?

У лютым Інстытут журналістыкі БДУ трапіў у скандал, зьвязаны з адлічэньнем з другога курсу лідэра моладзі БНФ Ганны Сьмілевіч (Пахолкі).

Ганна Сьмілевіч
Ганна Сьмілевіч

10 красавіка на сустрэчы зь дзяржаўнымі СМІ Аляксандар Лукашэнка паставіў задачу «вырашыць праблему забесьпячэньня кадрамі сродкаў масавай інфармацыі». Ён таксама падтрымаў ідэю аб папярэдняй працы на ўзроўні школ з тымі, хто хоча зьвязаць будучыню з журналістыкай.

Лукашэнка правёў паралель з IT-сэктарам, дзе сталі аддаваць вялікую ўвагу падрыхтоўцы будучых кадраў для галіны.

​28 лютага звольнілі з пасады шматгадовага дырэктара Інстытуту бізнэсу і мэнэджмэнту БДУ Ўладзімера Апанасовіча. У размове са Свабодай Апанасовіч ня выключыў, што ягонае звальненьне часткова зьвязанае з прыходам новага рэктара і аптымізацыяй унівэрсытэту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG