Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктара Інстытуту журналістыкі адправілі ў адстаўку. Стаў ахвярай зьменаў у БДУ?


Сяргей Дубовік

Дырэктара Інстытуту журналістыкі БДУ 65-гадовага Сяргея Дубовіка, які цяпер у адпачынку, адправілі ў адстаўку. Пра гэта карэспандэнту Свабоды сказала крыніца ў Інстытуце.

У афіцыйным камэнтары Свабодзе паведамілі, што Дубовіка «ніхто не звальняў і на сёньняшні дзень ён знаходзіцца ў адпачынку». Пры гэтым на афіцыйным сайце Інстытуту ў разьдзеле «Адміністрацыя» зьвестак пра Дубовіка ўжо няма, але ёсьць пра ягоную намесьніцу Вольгу Самусевіч.

У прэс-службе БДУ карэспандэнту Свабоды сказалі, што ня маюць зьвестак пра звальненьне Дубовіка.

Рэктар БДУ Андрэй Кароль
Рэктар БДУ Андрэй Кароль

Паводле ж неафіцыйнай інфармацыі, на вучоным савеце факультэту было абвешчана, што Дубовік вернецца з адпачынку на працу не дырэктарам, а прафэсарам адной з катэдраў.

Гэтую кадравую перастаноўку зьвязваюць з прыходам новага рэктара БДУ Андрэя Караля. У яго нібыта ўзьнікла ідэя перадаць у сыстэму кіраваньня ўсяго ўнівэрсытэту перападрыхтоўку спэцыялістаў з вышэйшай адукацыяй, якая існуе пры Інстытуце журналістыкі. Дубовік быў ня згодны.

9 красавіка гэтае пытаньне павінны былі разглядаць на вучонай радзе БДУ, аднак нечакана яго выключылі з парадку дня. Маўляў, спачатку трэба абмеркаваць з новым адказным за ідэалёгію — намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімерам Жаўняком.

Таксама ёсьць інфармацыя, што кіраўніцтва БДУ разглядае магчымасьць зьмяніць назву «Інстытут журналістыкі» на «Інстытут журналістыкі і масавых камунікацый».

У лютым Інстытут журналістыкі БДУ трапіў у скандал, зьвязаны з адлічэньнем з другога курсу лідэра моладзі БНФ Ганны Сьмілевіч (Пахолкі).

Ганна Сьмілевіч
Ганна Сьмілевіч

10 красавіка падчас сустрэчы зь дзяржаўнымі СМІ Аляксандар Лукашэнка паставіў задачу «вырашыць праблему забесьпячэньня кадрамі сродкаў масавай інфармацыі». Ён таксама падтрымаў ідэю аб папярэдняй працы на ўзроўні школ з тымі, хто хоча зьвязаць будучыню з журналістыкай.

Лукашэнка правёў паралель з IT-сэктарам, дзе сталі аддаваць вялікую ўвагу падрыхтоўцы будучых кадраў для галіны.

​28 лютага звольнілі з пасады шматгадовага дырэктара Інстытуту бізнэсу і мэнэджмэнту БДУ Ўладзімера Апанасовіча. У размове са Свабодай Апанасовіч ня выключыў, што ягонае звальненьне часткова зьвязанае з прыходам новага рэктара і аптымізацыяй унівэрсытэту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG