Старшыня падкамісіі, якая займаецца расьсьледаваньнем прычынаў смаленскай авіякатастрофы 2010 году, Антоні Мацярэвіч, абвінаваціў урад прэм’ера Дональда Туска ў халатнасьці, з прычыны якой адразу пасьля катастрофы 10 красавіка 2010 году ў Польшчы не была праведзеная прафэсійная судова-мэдычная экспэртыза парэшткаў ахвяраў падзеньня польскага Ту-154. Пра гэта паведамляе Польскае радыё для замежжа.
Былы міністар абароны Польшчы, кіраўнік падкамісіі па паўторным расьсьледаваньні прычынаў смаленскай авіякатастрофы Антоні Мацярэвіч, прадставіў у сераду ў Варшаве тэхнічную справаздачу аб прычынах гібелі 96 чалавек у выніку крушэньня польскага «борту нумар адзін» пры заходзе на пасадку на смаленскі аэрадром «Паўночны». Сярод пасажыраў рэйсу быў тагачасны прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі.
На думку Мацярэвіча, прэмʼер Туск яшчэ ў верасьні 2010 года быў паінфармаваны наконт апаганеньня і замены ў Маскве целаў ахвяраў авіякатастрофы. «У верасьні 2010 году інфармацыя на гэтую тэму была перададзеная прэмʼеру Дональду Туску і галоўнаму ваеннаму пракурору. Нягледзячы на гэта, не было прынятае рашэньне аб неадкладным правядзеньні судмэдэкспэртызаў, чаго, дарэчы, дамагаліся родныя многіх ахвяраў авіякатастрофы» — заявіў Мацярэвіч.
Як сказаў Антоні Мацярэвіч, праведзеныя ў Польшчы ў апошнія два гады судмэдэкспэртызы парэшткаў ахвяраў авіякатастрофы пад Смаленскам далі шмат важнай інфармацыі, якая будзе выкарыстаная ў выніковай справаздачы падкамісіі.