Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве ў атмасфэры скандалу адкрываюць помнік ахвярам смаленскай катастрофы. ФОТА


У аўторак 10 красавіка ў Польшчы адзначаюць восьмую гадавіну катастрофы ўрадавага Ту-154М, якая адбылася пры заходзе самалёта на пасадку на аэрадром «Паўночны» пад Смаленскам, паведамляе Польскае радыё.

10 красавіка 2010 года ў выніку трагедыі загінулі 96 чалавек, у тым ліку прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі і яго жонка Марыя. Польская дэлегацыя ляцела ў Расею на памятныя мерапрыемствы з нагоды 70-й гадавіны Катынскага злачынства.

У Варшаве ў 08:41 раніцы, то бок у момант, калі 8 гадоў таму адбылася катастрофа, была аб’яўлена хвіліна маўчаньня, пасьля чаго перад Прэзыдэнцкім палацам быў зачытаны пайменны сьпіс усіх загінулых у авіякатастрофе.

У кракаўскім Вавэлі, дзе пахавана прэзыдэнцкая пара Качыньскіх, прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда ўшанаваў памяць Леха і Марыі Качыньскіх.

На плошчы Пілсудзкага ў аўторак будзе адкрыты Помнік ахвярам смаленскай трагедыі. Помнік прадстаўлены ў форме трапа самалёта, які, па задумцы аўтара Ежы Каліны, сымбалізуе «пераход ад гэтага сьвету ў сьвет іншы». На гранітным манумэнце выгравіраваны імёны ўсіх ахвяраў смаленскай катастрофы ў алфавітным парадку.

Урачыстасьць адкрыцьця помніка байкатуе найбуйнейшая апазыцыйная партыя Польшчы «Грамадзянская плятформа». Яе прэс-сакратар Ян Грабец заявіў, што «гэта імпрэза не дзяржаўнага, а партыйна-ўрадавага характару». Палітыкі лібэральнай партыі Nowoczesna Павэл Рабей сказаў, што «помнік будзе дзяліць, а не яднаць», а Славамір Патаповіч з той жа партыі назваў помнік будаўнічым самавольствам, які ў будучыні трэба дэмантаваць. На ўрачыстасьць ня прыйдуць таксама прадстаўнікі варшаўскай мэрыі.

На працягу 8 гадоў з моманту смаленскай катастрофы зьявіўся шэраг гіпотэз пра яе прычыны. У лютым 2016 года года, па рашэньні тагачаснага міністра абароны Польшчы Антоні Мацяревіча, у Польшчы аднавілі расьсьледаваньне смаленскай катастрофы. У рамках Камісіі дзяржаўнай авіяцыі па расьсьледаваньні авіякатастроф была створана падкамісія, якая праводзіць новае расьсьледаваньне трагедыі. Абломкі польскага самалёта дагэтуль застаецца ў Расеі. Польшча дамагаецца іх вяртаньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG