Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскі мясакамбінат: прадукцыя, у якой у Расеі знайшлі чуму сьвіней, туды не пастаўлялася


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі не пацьвярджаюць інфармацыю расейскага «Россельхознадзора» аб выяўленьні афрыканскай чумы сьвіней (АЧС).

Ад 10 красавіка «Россельхознадзор» увёў часовыя абмежаваньні на ўвоз беларускай сьвініны і ўсіх відаў кармавых дабавак для сьвіней праз выяўленьне ў 8 выпадках генэтычнага матэрыялу віруса афрыканскай чумы сьвіней (АЧС) у гатовай мясной прадукцыі Гомельскага мясакамбінату.

Геном віруса АЧС, паводле расейскага боку, выяўлены ў сасісках «Кракаўскіх» і каўбасе варанай «Часночная „Смак“».

«Беларусь утойвае факт прысутнасьці віруса АЧС»

Расейскае ведамства паведамляе, што яшчэ 5 сакавіка пісьмова прасіла беларускіх калегаў удакладніць стан з АЧС на тэрыторыі краіны, але не атрымала афіцыйнага адказу, толькі вусныя запэўніваньні ў тым, што чумы сьвіней няма.

«Такім чынам, названае дазваляе выказаць здагадку, што вэтэрынарная служба Рэспублікі Беларусь утойвае факт прысутнасьці віруса АЧС на тэрыторыі краіны», — адзначае «Россельхознадзор».

«Можа, нехта пажартаваў?»

Гомельскі мясакамбінат
Гомельскі мясакамбінат

​Галоўны вэтэрынарны ўрач Гомельскага мясакамбінату Аксана Хіжынская сказала карэспандэнту Свабоды, што выпуск сасісак «Кракаўскіх» і каўбасы варанай «Часночнай „Смак“» на прадпрыемстве працягваецца.

«У мяне пакуль ніякай інфармацыі няма, проста паведамленьне з інтэрнэту. Ніякіх пацьвярджэньняў няма. Дакумэнтаў мне ніхто не дасылаў з подпісамі і пячаткамі. А ўсё астатняе можна напісаць дзе хочаш, хоць на плоце. Калі нешта будзе, то будзем ведаць і рабіць захады. А то, можа, нехта пажартаваў такім чынам?! У нас свой лябараторны кантроль, усё правяраецца. Ніякага АЧС мы не знайшлі», — кажа прадстаўніца Гомельскага мясакамбінату.

Паводле Аксаны Хіжынскай, сыравіна пастаўляецца на завод зь Беларусі.

«Кожны мясакамбінат мае сваю сыравінную зону, адкуль пастаўляецца сьвініна і ялавічына. Гэта беларуская сыравіна. Адкуль канкрэтна пастаўляецца? Гэтая інфармацыя не для ўсіх».

Таксама Аксана Хіжынская запэўніла карэспандэнта Свабоды, што сасіскі «Кракаўскія» і каўбаса вараная «Часночная „Смак“» у Расею не пастаўляецца.

«Не пастаўлялася і не пастаўляецца. Я ня ведаю, адкуль такая інфармацыя», — сказала галоўны вэтэрынарны ўрач Гомельскага мясакамбінату.

«Пытайцеся ў тых, у каго прэтэнзіі»

Ці ёсьць у Беларусі АЧС? На гэта пытаньне карэспандэнта Свабоды прэс-сакратарка беларускага Міністэрства сельскай гаспадаркі Зінаіда Бярэшчанка адказала, што «эпізаатычнае становішча па асабліва небясьпечных захворваньнях у краіне добрае».

А як тады ставіцца да заявы «Россельхознадзору»?

«Спытайцеся ў іх. Штораз, калі паміж нашымі ведамствамі ўзьнікаюць нейкія пытаньні, праводзяцца тэхнічныя кансультацыі. Калі трэба, нашы спэцыялісты потым праводзяць абсьледаваньне на прадпрыемстве. Праводзяць дасьледаваньні ў лябараторыях. Калі пацьвярджаецца, то мы тады закрываем прадпрыемства. Калі не пацьвярджаецца, прадпрыемства працуе», — сказала Зінаіда Бярэшчанка.

«У Беларусі няма АЧС»

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

​Тое, што «ў Беларусі няма АЧС», беларускія ўлады сьцьвярджаюць ужо пяць гадоў. І цяпер беларускае Міністэрства сельскай гаспадаркі адказала БелаПАН, што «эпізаатычнае становішча ў краіне добрае», ня згадваючы АЧС.

У Расеі ёсьць, ва Ўкраіне ёсьць — у Беларусі няма. Прызнаецца распаўсюджаньне «нейкай інфэкцыі», празь якую ў некаторых рэгіёнах масава забіваюць сьвіней. Але не афрыканскай чумы — дагэтуль ніводнага выпадку яе афіцыйна не зарэгістравана.

Каб адгарадзіцца ад беларускай «невядомай інфэкцыі», Польшча сабралася паставіць агароджу даўжынёю 729 кілямэтраў на мяжы зь Беларусьсю і Ўкраінай за 36 мільёнаў даляраў. За тры гады ў Беларусі дзеля «недапушчэньня» АЧС зьнішчылі амаль усіх дзікоў, цяпер абмежавалі паляваньне на тых, што выжылі.

Разам з тым у Беларусі з Расеяй працягваюцца іншыя гандлёвыя спрэчкі — «малочныя войны». Іх небясьпеку ўжо адзначылі міжнародныя аналітыкі: справа ня толькі ў малацэ, а і ў тым, што спрэчкі могуць закрануць іншыя галіны эканомікі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG