Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісанкі і валачобнікі. Як адрозьніваюцца ўкраінскія велікодныя традыцыі ад беларускіх


Ва Ўкраіне сьвяткаваньню Ўваскрасеньня Хрыстовага заўсёды надавалася больш увагі ў параўнаньні зь іншымі рэлігійнымі сьвятамі. Нават за савецкім часам Вялікдзень як сьвята духоўнага адраджэньня не змаглі цалкам выціснуць са сьвядомасьці ўкраінцаў. Нягледзячы на забароны, перасьлед і зьнішчэньне цэркваў, пераважная большасьць вернікаў, асабліва ў сельскай мясцовасьці, на працягу ўсёй савецкай гісторыі прытрымліваліся галоўных велікодных традыцый — выпякалі паску, фарбавалі яйкі і пры нагодзе асьвячалі іх у цэрквах.

Асьвячэньне вярбы ў Кіеве. Украінская аўтакефальная праваслаўная царква
Асьвячэньне вярбы ў Кіеве. Украінская аўтакефальная праваслаўная царква

Украінскія рэлігіязнаўцы распавядаюць шматлікія гісторыі, якія адбываліся, напрыклад, у Заходняй Украіне, калі школьнікі ўначы, каб іх не пабачылі настаўнікі, прабіраліся праз форткі ў цэрквы. Тады бесьперашкодна наведваць царкву і асьвячаць яйкі, не баючыся ніякіх санкцый, маглі толькі людзі сталага ўзросту, якія нідзе не працавалі, або прадстаўнікі працоўных прафэсій і калгасьнікі.

Цяпер ва Ўкраіне дзейнічаюць чатыры хрысьціянскія царквы, якія 8 красавіка адзначаюць Вялікдзень — Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату, Украінская грэка-каталіцкая царква, Украінская аўтакефальная праваслаўная царква і Ўкраінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату.

Велікодныя традыцыі ва Ўкраіне робяцца ўсё больш папулярнымі, а да іх адраджэньня далучаюцца ня толькі этнографы і грамадзкасьць, але і палітыкі.

Ці адрозьніваюцца ўкраінскія традыцыі ад велікодных традыцый у Беларусі?

Культ продкаў — розны і падобны

​За тыдзень да Вялікадня адзначаецца Вербная нядзеля, і новы тыдзень ад гэтага дня многія ўкраінцы пераходзяць на строгі пост, каб і душой, і целам падрыхтавацца да вялікага сьвята. Тыя ж, хто не прытрымліваецца посту, абавязкова абмяжоўваюць сябе ў ежы хаця б у Вялікую пятніцу.

У гэты ж тыдзень, як кажа ўкраінскі этнограф Галіна Алійнык, таксама ўплецены старажытны культ продкаў. Паводле яе, Чысты чацьвер ва Ўкраіне называюць яшчэ і Наўем — у гэты дзень памерлыя прыходзяць адсьвяткаваць свой, Наўскі Вялікдзень, а вяртаюцца назад, у загробны сьвет, аж у нядзелю. У Беларусі, у прыватнасьці на Палесьсі, Наўскі Вялікдзень адзначаецца ў наступны чацьвер пасьля Ўваскрасеньня Хрыстовага.

«Культ продкаў надзвычай жывучы, як для беларускага, так і для ўкраінскага народу, таму што абавязкова адпраўлялі службы за душы памерлых, абавязкова ў Чысты чацьвер перад Вялікаднем трэба прыбраць могілкі і расфарбаваць пісанкі. А яйкі размалёўвалі на могілках, потым імі абвешвалі дрэвы і лічылі, што так душы размаўляюць з вамі», — распавядае Галіна Алійнык.

Украінскія паскі
Украінскія паскі

Паводле яе, для Ўкраіны і Радаўніца, і Наўскі Вялікдзень ёсьць абсалютна традыцыйнымі. «Выпечка пасак, адзначэньне дзядоў, якое было перад вялікім постам — гэтак жа і зараз адзначаюць. Праўда, у некаторых рэгіёнах ёсьць традыцыя праз 40 дзён пасьля Вялікадня выпякаць паскі паўторна, на магілы. Гэта, напрыклад, у Віньніцкай вобласьці ёсьць», — дадае этнограф. Але ва Ўкраіне, у адрозьненьне ад Беларусі, Радаўніца ня ўключаная ў пералік выходных дзён.

Да царквы з кошыкам

Ва Ўкраіне велікодныя традыцыя вельмі падобныя да беларускіх — яны фармаваліся пад уплывам паганства, праваслаўя і каталіцтва і ўвабралі ў сябе шмат рытуалаў, зьвязаных з прыходам вясны.​

У чаканьні асьвячэньня велікоднага кошыка ў адным з праваслаўных храмаў Кіева
У чаканьні асьвячэньня велікоднага кошыка ў адным з праваслаўных храмаў Кіева

Як і ў Беларусі, тут выпякаюць паскі і фарбуюць яйкі — яны галоўны складнік велікоднага кошыка, зь якім у ноч з суботы на нядзелю і потым на працягу дня людзі масава накіроўваюцца ў царкву па асьвячэньне. Але ў кошык цяпер кладуць і іншыя прадукты — крупы, соль, каўбасы, алей, хрэн і віно. Ва Ўкраіне лічыцца, што ў велікодную ноч нельга спаць, хто сьпіць, таго шчасьце абміне на цэлы год.

З царкоўнага жыцьця ў сьвецкае

Ва Ўкраіне за апошнія, як мінімум, восем гадоў фарбаваньне велікодных яек перарасло з рэлігійнага культу ў мастацкі. Гэтае рамяство нават атрымала ва ўкраінскай мове адмысловы тэрмін — «писанкарство». Размалёўваньнем яек захапляюцца дзеці і дарослыя, мастакі і вайскоўцы. А грамадзкія арганізацыі праводзяць шматлікія майстар-клясы і фэстывалі.

Вулічны фэстываль пісанак у Кіеве будзе працягвацца да 22 красавіка
Вулічны фэстываль пісанак у Кіеве будзе працягвацца да 22 красавіка

Днямі ў Кіеве адкрыўся ўжо восьмы вулічны фэстываль пісанак. За гэтыя гады ў ім узялі ўдзел больш як тысяча майстроў, якія расфарбавалі каля мільёна велікодных сымбаляў. Сёлета да яек далучылі яшчэ і зайцоў — таксама гіганцкіх. Цяпер арганізатары мараць пра адмысловую пляцоўку, на якой пад адкрытым небам будуць прадстаўленыя ўсе экспанаты.

Сёлета ўкраінскія майстры размалёўвалі гіганцкіх зайцаў, а ў наступным годзе будуць фарбаваць птушак
Сёлета ўкраінскія майстры размалёўвалі гіганцкіх зайцаў, а ў наступным годзе будуць фарбаваць птушак

Як прызнаўся Свабодзе майстар па размалёўваньні пісанак Мікола Ганчарук, працэс фарбаваньня вялікай пісанкі працягваўся каля двух месяцаў. Ён у мінулым — памежнік, а размалёўваньнем яек займаецца з 2011 году, і ўжо стаў сябрам Саюзу народных майстроў Украіны. На фэстывалі пісанак прадстаўленая ягоная праца «На шчасьце і долю», у якой выкарыстаны традыцыйны беларускі арнамэнт «чырвоным па белым». Яго галоўны элемэнт — «васьміног», што сымбалізуе вогнішча і мужчынскі пачатак — вышывалі ў Беларусі звычайна на абрадавых ручніках.

Пісанка Міколы Ганчарука «На шчасьце і долю!»
Пісанка Міколы Ганчарука «На шчасьце і долю!»

Аднак сам майстар перакананы, што выкарыстаў традыцыйны ўкраінскі арнамэнт. «Мне вельмі прыемна, што браты-беларусы лічаць гэты арнамэнт сваім. Але ён уласьцівы і Кіеўскай вобласьці. Мяркую, што ўвогуле такія ўзоры хутчэй уласьцівыя палескім рэгіёнам, якія разьмешчаныя на поўнач ад Дняпра — усходняя частка Валыні, Кіеўшчына і Жытоміршчына, то бок менавіта тыя, што мяжуюць зь Беларусьсю», — распавядае Мікола Ганчарук.

Майстар патлумачыў, што ідэя гэтага малюнку ўзьнікла якраз з жаданьня спалучыць розныя матывы арнамэнтаў, якімі вышывалі ручнікі ў розных рэгіёнах Украіны: «Я ўзяў цэнтральны рэгіён, блізкі да Кіеўшчыны, Закарпацьце і Палесьсе, і разьмежаваў гэтыя арнамэнтальныя сэктары гронкамі каліны. А ўлічваючы тое, што жанчыны, даючы ручнікі мужчынам, калі тыя адпраўляліся на сур’ёзныя справы, казалі пры гэтым — на шчасьце і долю, то я так і назваў сваю працу».

Мікола Ганчарук праводзіць майстар-клясу па размалёўваньні велікодных яек у цэнтры для анкахворых дзяцей
Мікола Ганчарук праводзіць майстар-клясу па размалёўваньні велікодных яек у цэнтры для анкахворых дзяцей

Павелічэньне папулярнасьці размалёўваньня велікодных яек, Мікола Ганчарук тлумачыць проста: «Людзі пачалі вяртацца да сваіх традыцый, пачалі любіць тое, што любілі нашы продкі тысячы гадоў таму. Уласна, пісанкі — гэта такі ж элемэнт народнай творчасьці, як і ганчарства. Усё гэта ў ХХІ стагодзьдзі робіцца абсалютна тымі ж сродкамі і тэхнікай, як гэта рабілі тысячы гадоў таму, ну можа толькі фарбы трошкі іншыя становяцца, больш сучасныя. І папулярызуецца, мабыць, таму, што людзям хочацца ведаць і любіць мінулае і празь яго станавіцца лепшымі».

Гаяўкі ды вясьнянкі — галоўныя традыцыя Вялікадня

На думку ж этнографа Галіны Алійнык, размалёўваньне яек ня ёсьць велікоднаю традыцыяю. «Найперш, гэта песенныя абрады», — кажа яна. Звычайна пасьля сьвяточнага сьняданку ў Вялікдзень людзі зьбіраліся на прыродзе ці ў рытуальных месцах на так званыя гаяўкі ды вясьнянкі — вадзілі карагоды, гралі ў гульні і сьпявалі песьні, што захаваліся з народнай абраднасьці, закліканай прывітаць надыход вясны і абудзіць жыватворчыя сілы прыроды.

«Шосты год запар каля Міхайлаўскага сабору арганізоўваюцца вясьнянкі і гаяўкі грэка-каталіцкаю царквой. Далучаюцца да іх і праваслаўныя цэрквы. А ў музэі Пірагова, напрыклад, адзначаецца „паліваны“ панядзелак, то бок у велікодны панядзелак заўжды зьбіраецца зямляцтва. Для ўкраінцаў характэрна было, каб у панядзелак ці аўторак абліваліся вадой. У іншых рэгіёнах у гэты дзень сякуць крапівой дзяўчат або пераскокваюць праз крапіву. Гаяўкі ці вясьнянкі праходзяць вельмі масава ў Львове, у Шаўчэнкаўскім гаі. Цяпер вось зьявілася традыцыя выпякаць паскі зь сем’ямі Герояў Нябеснай Сотні і герояў Антытэрарыстычнай апэрацыі», — распавядае Галіна Алійнык.

Асьвячэньне пасак для воінаў на Данбасе
Асьвячэньне пасак для воінаў на Данбасе

Паводле Алійнык, нават у савецкія часы, калі рэлігія забаранялася, улады трансфармавалі традыцыйныя велікодныя дзіцячыя гульні ў лапту ды перацягваньне канатаў, якія былі вельмі папулярныя ў той пэрыяд.

Ва Ўкраіне, таксама як і ў Беларусі, на Вялікдзень ёсьць і валачобны абрад, калі людзі ходзяць адзін да аднаго, хрыстосуюцца і абменьваюцца пісанкамі. Найбольш папулярны ён сярод дзяцей.

«Я жадаю ўсім — і ўкраінцам, і беларусам добра адсьвяткаваць Вялікдзень. Міру ў семʼях, добрай паскі і божай ласкі, каб усе, хто зьбярэцца за велікодным сталом былі дружныя. Ва Ўкраіне ёсьць такая прымаўка — Вялікдзень як паска, бо калі паска вырасьце і ўдасца, то і ў сямʼі ўсё будзе добра. Жадаю, каб вашыя паскі добра вырасьлі! Міру, радасьці, згоды семʼям і дзяржавам», — павіншавала Галіна Алійнык напрыканцы нашай размовы.

Вялікдзень ня без палітыкі

Украінскія палітыкі таксама прыстасоўваюцца да новых велікодных патрабаваньняў грамадзтва. Традыцыйна, ад 2005 году, першыя асобы дзяржавы наведваюць велікодныя набажэнствы ва ўсіх хрысьціянскіх цэрквах Украіны.

Прэзыдэнт Віктар Юшчанка, цяперашні кіраўнік дзяржавы Пятро Парашэнка, а таксама Юлія Цімашэнка ў часы свайго прэм’ерства ў сьвяточную ноч наведвалі галоўныя службы Ўкраінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату, Украінскай грэка-каталіцкай царквы, Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы і Ўкраінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату. Толькі Віктар Януковіч выбіваўся з гэтай традыцыі — падчас свайго прэзыдэнцтва ён наведваў службы толькі ў храмах, што належаць УПЦ Маскоўскага патрыярхату.

Пятро Парашэнка на Велікодным набажэнстве ва Ўладзімерскім саборы ў Кіеве
Пятро Парашэнка на Велікодным набажэнстве ва Ўладзімерскім саборы ў Кіеве

Адметна таксама, што палітычныя партыі напярэдадні Вялікадня віншавалі журналістаў і дарылі ім кошыкі з пэўнымі наборамі прадуктаў.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка наведвае велікодныя службы толькі Беларускай праваслаўнай царквы, якая ёсьць кананічным падразьдзяленьнем Расейскай праваслаўнай царквы. За ўвесь час свайго прэзыдэнцтва ён не наведваў адпаведныя службы ў каталіцкіх храмах, а таксама ў пратэстанцкіх, некаторыя зь якіх 8 красавіка таксама сьвяткуюць Вялікдзень.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG