Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве паводка затапіла вуліцы на гарадзкім ускрайку. ФОТА


Адна з затопленых вуліц на Казіміраўцы

У Магілёве паводка затапіла вуліцы Грунвальдзкую, Цішкі Гартнага, а таксама прыватны сэктар у мікрараёне Казіміраўка, што на ўскрайку гораду. У вадзе апынуліся як навабуды, гэтак і ўжо заселеныя дамы. Затапіла падворкі, падвалы, камунікацыйныя люкі ды пад’езды.

Будаўнік: Ліўнеўка не дае рады, бо недаробленая

Талая вада зьбягае з суседніх палёў. Будаўнікі на вока ацэньваюць шкоду ў тысячы рублёў. Кажуць, што трэба ня толькі адпампоўваць ваду з падвалаў — давядзецца яшчэ перакладаць у пад’езьдзе плітку, якая ад вады паднялася.

Будаўнічая тэхніка прабіраецца па затопленай дарозе
Будаўнічая тэхніка прабіраецца па затопленай дарозе

Паводле працаўнікоў, ліўневая каналізацыя не ўпраўляецца з вадой, бо не даробленая.

«Бачыце, цячэ ўсё з поля, якое вышэй за будаўнічыя пляцоўкі, і пакуль усё не зьбяжыць, ваду не ўтаймуеш. З такімі аб’ёмамі калектар не ўпраўляецца», — сказаў адзін з будаўнікоў, аглядаючы затопленую дарогу каля новабудоўляў.

Жыхар мікрараёну: «Будаўнікі ня ведаюць, што рабіць»

Як кажуць жыхары затопленых вуліц, вада пачала прыбываць 1 красавіка. Залівае іх усе тры гады, як засяліліся. Сёлета ж паводка большая, бо вясна позьняя і сьнегу болей засталося на полі.

Затоплены падвал
Затоплены падвал

«Вы ж паглядзіце, будаўнікі ня ведаюць самі, што рабіць, — сказаў адзін з жыхароў вуліцы Грунвальдзкай. — Нам таксама давядзецца чакаць. Вядома ж, трэба было прадумаць, што першае рабіць — ліўневыя камунікацыі ці дамы».

Так выглядае пад’езд
Так выглядае пад’езд

«Сёньня вады значна меней, чым было ўчора, — дадала яшчэ адна жыхарка. — Тут усё было пад ёю. Зь цяжкасьцю траплялі жыхары ў пад’езды. Людзі па броўцы хадзілі да аўтобуса. Потым будаўнікі выклалі паддонамі ходнік. Кіроўцы ж ехалі з адчыненымі дзьвярыма, каб пільнаваць дарогу».

Прадстаўнік улады: «Гэта надзвычайная сытуацыя»

Па брудзе, што панамывала каля дамоў, выглядала, што вады сапраўды стала меней. Але з падвалаў камунальнікі яе яшчэ выпампоўваюць. У пад’ездах ужо толькі лужыны. На дарозе, каб адкрыць ліўнеўку, будаўнікі шукалі люкі, закладзеныя бэтоннымі плітамі.

Афіцыйнага камэнтару наконт затапленьня вуліц атрымаць не ўдалося. Спэцыялісты ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва спаслаліся на занятасьць. Яны на затопленай тэрыторыі.

«Мы спрабуем павялічыць адток вады, але гэта дапамагло нязначна, — сказаў у інтэрвію TUT.BY намесьнік дырэктара Максім Балахонаў. — Што ты зробіш з прыродаю. Гэта надзвычайная сытуацыя».​

У Магілёве парэнчы моста абрынуліся ў раку. Фатафакт

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG