Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш як на 75% правераных абʼектаў у Беларусі выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі


Пасьля трагедыі ў расейскім Кемераве Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Беларусі правяло праверкі па ўсёй краіне. Аднак пакуль што ніводная ўстанова за парушэньні не зачынена. Пра гэта карэспандэнту Свабоды сказаў афіцыйны прадстаўнік МНС Віталь Навіцкі.

«Ніводнага аб’екта, які фізычна зачынены, няма. Ёсьць парушэньні, недзе яны больш, а недзе менш грубыя. Разам з тым ёсьць такая мера ўзьдзеяньня, як пастанова аб прыпыненьні эксплюатацыі, на якую даецца час па працэдуры. І калі ўласьнік усё выправіць, то ніякага прыпыненьня ня будзе. То бок аб’екты такія ёсьць і калі там ня будуць ліквідаваныя парушэньні, мы апублікуем іх пералік да канца тыдня».

Напрыклад, супрацоўнікі МНС рыхтуюць прапановы аб прыпыненьні эксплюатацыі ў Партызанскім раёне Менску начных клюбаў-рэстаранаў «Сатурн» і «The Skies», а таксама клюбу «Аура». Інфармацыя пра стан пажарнай бясьпекі гэтых аб’ектаў накіраваная пракурору Партызанскага раёну.

У пажары ў гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня» ў расейскім горадзе Кемерава 25 сакавіка загінулі ня менш за 64 чалавекі, у тым ліку больш за 40 дзяцей. 26 сакавіка Аляксандар Лукашэнка даў загад МНС да канца месяца арганізаваць у Беларусі праверкі аб’ектаў з масавым знаходжаньнем людзей.

Парушэньні знайшлі на 334 абʼектах

334 аб’екты зь пералікам шэрагу выяўленых парушэньняў МНС нанесла на інтэрактыўную мапу. На адным аб'екце можа быць адно парушэньне, а на іншым — дзясяткі. Напрыклад, у гіпэрмаркеце «Эўраопт Сухарава» выяўлена больш за трыццаць парушэньняў.

Правяраліся забаўляльныя цэнтры, гіпэрмаркеты, кінатэатры, гатэлі, школы і іншыя аб’екты.

У «Галоўным эфіры» на тэлеканале «Беларусь-1» кіраўнік МНС Уладзімер Вашчанка сказаў, што з 500 правераных аб’ектаў 334 аказаліся «не гатовыя да маніторынгу».

Валеры Вашчанка
Валеры Вашчанка

Вашчанка наракаў на «безадказнае стаўленьне» шэрагу кіраўнікоў аб’ектаў да пажарнай бясьпекі.

Якія ж парушэньні пажарнай бясьпекі сустракаліся найчасьцей?Афіцыйны прадстаўнік МНС Віталь Навіцкі сказаў карэспандэнту Свабоды:

«Першыя парушэньні рэжымнага характару, якія дапускаюцца, — калі проста на аб’екце людзі кураць, пэрсанал аб’екта. Гэта, адпаведна, гаручае асяродзьдзе.

Другі блёк парушэньняў зьвязаны зь няспраўнай пажарнай аўтаматыкай, альбо пажарная аўтаматыка беспадстаўна пераведзеная ў ручны рэжым.

І трэцяе — гэта праблема са шляхамі эвакуацыі. Альбо шляхі эвакуацыі зачыненыя, дзьверы часьцей за ўсё зачыненыя на ключ, альбо на шляхах эвакуацыі разьмяшчаюцца гандлёвыя пункты ці гандлёвыя аб’екты, іншым разам нават працоўныя месцы».

Ці можа паўтарыцца кемераўскі пажар?

Па выніках праверак — ці магчыма ў Беларусі паўтарэньне пажару, падобнага да таго, які здарыўся ў Кемераве? Віталь Навіцкі сказаў, што задача праверак палягае ў тым, каб не дапусьціць падобнай сытуацыі.

— Я ўжо пісаў у фэйсбуку, што не бывае двух аднолькавых пажараў. Але ў любога пажару ёсьць першапачатковая крыніца, і яна звычайна невялікая. І калі я казаў пра курэньне, гэта тая невялікая крыніца, якая можа прывесьці да пажару. Задача праверак — якраз не дапусьціць падобнай сытуацыі. Але дзьвюх аднолькавых надзвычайных сытуацый не бывае.

— Але людзі павінны яшчэ мець магчымасьць эвакуавацца?

— Ну, тут трэба проста больш інфармацыі, і мы пакуль не гатовыя нешта казаць да атрыманьня высноваў з Кемерава. Там, магчыма, былі адхіленьні ад праекту і іншыя рэчы, якія тут у Беларусі ў такім маштабе наўрад ці магчымыя.

Першы этап праверак, праведзены МНС да канца сакавіка, тычыўся гандлёвых і забаўляльных цэнтраў. Цяпер МНС, у тым ліку разам з МУС, правярае падвалы ў прыватным сэктары, месцы агульнага карыстаньня, гарышчы на прадмет захламленасьці, сказаў Віталь Навіцкі.

Якія парушэньні сустракаюцца, зыходзячы з мапы, складзенай МНС?

  • эвакуацыйныя дзьверы зачыненыя на замок,
  • не забясьпечаны вольны доступ да пажарнага крана,
  • у памяшканьні вэнтыляцыйнай камэры зроблена працоўнае месца,
  • няпоўная камплектацыя першаснымі сродкамі тушэньня пажару,
  • фіксацыя дыманепранікальных дзьвярэй у адкрытым стане,
  • няма другога эвакуацыйнага выхаду,
  • памяшканьне не абсталяванае аўтаматычнай пажарнай сыгналізацыяй,
  • шляхі эвакуацыі, праходы і дзьверы заваленыя таварамі,
  • няма плянаў эвакуацыі,
  • пераплянаваньне памяшканьняў,
  • прымяненьне матэрыялаў зь невядомымі паказьнікамі пажарнай небясьпекі,
  • разьмяшчэньне гаручых рэчываў і матэрыялаў пад маршамі эвакуацыйных клетак і лесьвіц.

Ізраільскі інжынэр-будаўнік: «Тое, што здарылася ў Кемераве, немагчыма ў Беларусі»

Экс-міністар па надзвычайных сытуацыях: У Беларусі створаныя перадумовы для «кемераўскіх трагедый»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG