Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МНС Беларусі заявіў пра «безадказнае стаўленьне» да пажарнай бясьпекі пасьля кемераўскай трагедыі


Валеры Вашчанка, архіўнае фота

Валер Вашчанка, міністар надзвычайных сытуацыяў Беларусі, прапанаваў працягнуць праверку беларускіх аб’ектаў масавага збору людзей на пажарную бясьпеку ў перадачы «Контуры» на тэлеканале АНТ.

Паводле Валера Вашчанкі, цяпер МНС правярае ня толькі гандлёвыя цэнтры, але і інтэрнаты, гатэлі, школы і жылыя дамы, і ня толькі фіксуе парушэньні, але і прымае захады па навядзеньні парадку. За тыдзень праверак больш за 300 кіраўнікоў прадпрыемстваў прыцягнутыя да адказнасьці за парушэньні.

«Там, дзе ёсьць моманты, што пагражаюць, мы проста спыняем эксплюатацыю да іх ліквідацыі, — казаў Вашчанка. — Там, дзе ёсьць небясьпека, яны проста ня будуць працаваць. Толькі сёньня па трох былі вынесеныя падобныя рашэньні».

У «Галоўным эфіры» на тэлеканале «Беларусь-1» Вашчанка назваў больш дакладныя лічбы: з 500 правераных аб’ектаў 334 аказаліся «не гатовыя да маніторынгу». Вашчанка наракаў на «безадказнае стаўленьне» шэрагу кіраўнікоў аб’ектаў да пажарнай бясьпекі.

У пажары ў гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня» ў расейскім горадзе Кемерава 25 сакавіка загінулі ня менш за 64 чалавекі, у тым ліку больш за 40 дзяцей. 26 сакавіка Александар Лукашэнка даў загад МНС да канца месяца арганізаваць у Беларусі праверкі аб’ектаў з масавым знаходжаньнем людзей. Па выніках першага этапу праверак ведамства склала інтэрактыўную мапу.

«Двух аднолькавых пажараў не бывае». Прадстаўнік МНС патлумачыў, ці можа паўтарыцца кемераўскі пажар у Беларусі

У МНС раней адзначалі, што падчас праверак не было выяўлена ніводнага парушэньня, якое патрабуе неадкладнага закрыцьця аб’екта. Аднак знойдзена мноства грубых парушэньняў (зьмяненьне праектных рашэньняў, закрыцьцё шляхоў эвакуацыі і інш.). Па выяўленых парушэньнях распачатыя адміністрацыйныя працэсы, больш за 300 кіраўнікоў ужо прыцягнутыя да адказнасьці. Паводле МНС, «большасьць выяўленых парушэньняў носяць рэжымны характар», не патрабуюць грашовых выдаткаў, а таму кіраўнікі гандлёвых цэнтраў, крамаў у асноўным прыводзілі свае памяшканьні ў бясьпечны стан адразу ў прысутнасьці інспэктара.

Былы міністар надзвычайных справаў Валеры Астапаў тлумачыў Свабодзе, што ў Беларусі фактычна створаныя перадумовы для «кемераўскіх трагедыяў» — ён казаў, «практычна ўсе элемэнты сыстэмы папярэджаньня пажараў ліквідаваныя пад корань».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG