Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея заявіла пра вобшук самалёта «Аэрафлота» ў Хітроў. Паліцыя Лёндану абвергла абвінавачваньне


Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве замежных спраў Расеі паведамілі, што ў лёнданскім аэрапорце Хітроў мытнікі правялі надгляд самалёта кампаніі «Аэрафлот», які прыляцеў з Масквы.

Прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава заявіла, што такім чынам брытанскія ўлады спрабуюць «выратаваць сваю рэпутацыю, капітальна падарваную ў сувязі са справай Скрыпаля», паведамляе ВВС.

Аднак паліцыя Лёндану адмаўляе факт правядзеньня ператрусаў.

«Мы ў курсе гісторыі, якая распаўсюджваецца ў сацыяльных сетках, але прыміце да ведама, што паліцыя не праводзіла ніякіх ператрусаў у самалёце з Масквы ў Хітроў», — паведамілі ў паліцыі.

Паводле інфармацыі брытанскага міністэрства, дагляд у пятніцу ўвечары праводзіла мытная служба. Дыпведамства не ўдакладніла, зь якім расьсьледаваньнем зьвязаны надгляд лайнэра.

У МЗС Расеі заявілі, што брытанскія ўлады не назвалі прычыны ператрусу і правялі надгляд, не выпускаючы камандзіра судна з кабіны.

Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія былі шпіталізаваныя 4 сакавіка ў брытанскім Солсбэры. Сьледчыя лічаць, што іх атруцілі вырабленым у Расеі нэрвова-паралітычным рэчывам «Навічок». Лёндан заявіў, што да злачынства мае дачыненьне Крэмль, але Расея абвяргае абвінавачваньні.

14 сакавіка пра высылку 23 расейскіх дыпляматаў заявіла прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй. На знак салідарнасьці зь Лёнданам такія ж захады зрабілі больш за 20 краінаў сьвету. Міністэрства замежных справаў Расеі абвясьціла аб «люстраных мерах» у дачыненьні да 23 дзяржаваў, якія выслалі расейскіх дыпляматаў.

Скрыпаль быў асуджаны ў Расеі праз абвінавачаньне ў шпіянажы на карысьць Вялікай Брытаніі. У 2010 годзе яго абмянялі на расейскіх агентаў, выкрытых у ЗША. За некалькі дзён да атручваньня былы афіцэр ГРУ паведамляў брытанскай паліцыі пра асьцярогу за сваё жыцьцё.

Замах на Сяргея Скрыпаля: табун, заман і іншыя дэталі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG