Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд гомельскіх мытнікаў: начальніку з мэдалём ад Лукашэнкі пагражае 11 гадоў калёніі


За бранявым шклом —падсудныя мытнікі

У судзе над 15 гомельскімі мытнікамі, 2 давальнікамі хабару і іхнай хаўрусьніцай распачаты спрэчкі. Прадстаўнікі пракуратуры, абапіраючыся на высновы сьледчых КДБ і 8-месячны судовы разбор, лічаць даказанай віну ўсіх мытнікаў. Яны нібыта стварылі злачынную групоўку, атрымлівалі хабар, злоўжывалі службовымі паўнамоцтвамі.

На момант затрыманьня ў лютым 2016 году дзесяць чалавек былі дзейнымі супрацоўнікамі Гомельскай мытні, пяцёра — былымі.

Дзяржаўны абвінаваўца прапанаваў суду пакараць колішняга начальніка апэратыўна-пошукавага аддзелу мытні Аляксандра Ісачанку калёніяй узмоцненага рэжыму на 11,5 года, канфіскаваць ягоную маёмасьць і пазбавіць спэцыяльнага званьня дарадцы мытнай службы.

Чатырох мытнікаў з таго ж апэратыўна-пошукавага аддзелу і аддзелу барацьбы з кантрабандай і адміністрацыйнымі парушэньнямі пракурор лічыць правамерным пакараць 8 гадамі, іншых — 5-7 гадамі калёніі.

Больш лёгкія пакараньні, у тым ліку абмежаваньне волі, прапанавана прымяніць у дачыненьні яшчэ трох мытнікаў, якія прызналі атрыманьне хабару, супрацоўнічалі са сьледзтвам і дапамагалі, як сказаў абвінаваўца, «выкрываць злачынствы».

Адзін зь іх, Уладзімер Скрабоўскі, паводле сьледзтва, нібыта быў яшчэ пэўны час і кіраўніком арганізаванай групоўкі, хоць сам гэта адмаўляе.

Асабняком у гэтай карупцыйнай справе выглядае былы старшы інспэктар мытнай службы Дзьмітры Пагарцаў. Пракуратура патрабуе адмераць яму ажно 13,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму. Пагарцаў таксама лічыцца адным з арганізатараў групоўкі. Па сутнасьці, на падставе яго «прызнаньняў» у кайданках апынуўся шэраг мытнікаў.

Суду ён патлумачыў, што ў гэты час супраць яго ішла крымінальная справа пра ўдзел у незаконным абарачэньні наркотыкаў. Супрацоўнікі КДБ праз пагрозы прыцягнуць да адказнасьці яшчэ і жонку Пагарцава нібыта схілялі яго даваць любыя, нават ілжывыя, паказаньні супраць дзейных і былых мытнікаў.

Мэдаль ад Лукашэнкі, хабар ад «нявысьветленых асобаў»

На працэсе гомельскіх мытнікаў, архіўнае фота
На працэсе гомельскіх мытнікаў, архіўнае фота

​Адвакат Павал Піваварчык, які прадстаўляе інтарэсы былога начальніка апэратыўна-пошукавага аддзелу Ісачанкі, прааналізаваўшы пратаколы допыту Пагарцава ды іншых фігурантаў, заявіў у спрэчках пра паклёп на свайго падабароннага і недазволеныя мэтады сьледзтва.

У дачыненьні Ісачанкі ўжываюцца расплывістыя абвінавачваньні: «у складзе рэйдавых груп у пэрыяд з 2010 па люты 2014 году на аўтадарозе № 10 „Берасьце — Гомель — Бранск“ паблізу населенага пункту Селішча сыстэматычна, у тым ліку паўторна, у нявысьветлены час ад нявысьветленых асобаў прымаў для сябе ды іншых удзельнікаў арганізаванай групы хабар у суме ня меншай за 60 тысяч расейскіх рублёў».

Ісачанку адводзіцца яшчэ і роля арганізатара злачыннай групоўкі. Але ён не прызнае сябе ня толькі кіраўніком групоўкі, але і наогул вінаватым у хоць якіх дзеяньнях супраць інтарэсаў службы. Наадварот, неаднаразова ўзнагароджваўся за службу, у тым ліку мэдалём «За працоўныя заслугі» з рук Аляксандра Лукашэнкі.

Адмаўляе сваю датычнасьць да групоўкі і атрыманьня хабару і былы начальнік аддзелу па барацьбе з кантрабандай Мікалай Куклін.

«Зялёны калідор» кантрабандзе

Па вэрсіі сьледзтва, у асяродку гомельскіх мытнікаў склалася злачынная групоўка, якая цягам шасьці гадоў бескантрольна прапускала за хабары з Украіны ў Беларусь транзытам праз Расею харчовыя прадукты, найперш сала і каву. Перавозілі кантрабанду празь «зялёны калідор» і ў пункце пропуску «Новая Гута».

Празь Селішча ў Добрускім раёне прадпрымальнік з Азэрбайджану Артур Джанумян, які мае від на жыхарства ў Беларусі, увозіў «мэрсэдэсам» з Расеі кавуны бязь фітасанітарных сэртыфікатаў, розныя іншыя харчовыя тавары без дакумэнтаў. Мытнікі, якія працавалі ў мабільных групах і мусілі аберагаць эканамічную бясьпеку краіны, спрыялі бескантрольнаму правозу. Прадпрымальнік праз афіцыянтку прыдарожнай кавярні «Пілігрым» альбо сам «аддзячваў» за гэта мытнікам.

Сьцьвярджаецца, што мытнікі таксама спрыялі бесьперашкоднаму пропуску аўтамашын у Расею з кантрабанднымі ломам чорных мэталаў і буйной рагатай жывёлай. За кантрабандны правоз існаваў «тарыф» — у залежнасьці ад віду тавару і грузапад’ёмнасьці аўтамашын. Плацілі мытнікам пераважна расейскімі грашыма, а таксама далярамі і беларускімі рублямі. Хабары мытнікі нібыта разьмяркоўвалі паміж сабою.

Давальнікаў хабару, на думку абвінавачаньня, мэтазгодна пакараць буйнымі штрафамі — ад 24,5 да 36,7 тысячы рублёў, а памагатай у атрыманьні хабару, афіцыянтцы прыдарожнай кавярні, варта абмежаваць свабоду на 4 гады.

Пракуратура лічыць таксама, што суд Цэнтральнага раёну, які разглядае карупцыйную справу ў памяшканьні абласнога суду, мае вынесьці і прыватную пастанову ў адрас начальніка Гомельскай мытні.

3 красавіка ў судзе працягнуцца спрэчкі бакоў. Пасьля выступаў усіх адвакатаў і апошняга слова падсудных будзе абвешчаны вырак у гэтай крымінальнай справе, якая атрымала шырокі розгалас.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG