Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кафка і сярэбраная табакерка


Генры Фюзэлі, «Начны кашмар» (1781)
Генры Фюзэлі, «Начны кашмар» (1781)

Альгерд Бахарэвіч — пра беларускі пераклад кнігі Антоніё Табукі «Сны сноў»

22 верасьня 1943 году Якуб Колас запісаў у свой дзёньнік:

«Сьніліся чэрці. Цэлыя скопішчы. Муштраваў іх. Застаўляў гаварыць пацеры, хрысьціцца. Адзін чорт падаў свой голас зь цёмнай пустэчы, назваў сябе Ісусам Навінам, а я адказаў яму: «Ісус Навін, панюхай нашы <…>«».

Што прапанаваў панюхаць чорту народны паэт Беларусі

Што менавіта прапанаваў панюхаць няшчаснаму чорту народны паэт Беларусі, можна толькі здагадвацца. Але вось што цікава: ня ведаючы, чый гэта сон, і ня маючы пацьверджаньня рэальнасьці самога тэксту, чытач наўрад ці зробіць дапушчэньне, што такі жудасна-вульгарны абсурд мог прымроіцца славутаму песьняру. Нашыя ўяўленьні пра сны пісьменьнікаў грунтуюцца на стэрэатыпах пра іхную творчасьць. Нашае ўспрыманьне чужых сноў патрабуе імёнаў — нібы сны і ёсьць кнігамі. Фантасмагорыя вымагае тлумачэньня. Інакш мы апынемся ў лябірынце, выйсьця адкуль не існуе.

Італійскі пісьменьнік Антоніё Табукі (1943–2012) у сваёй невялікай кніжцы «Сны сноў», беларускі пераклад якой выйшаў летась у выдавецтве «Янушкевіч», паспрабаваў уявіць сабе сны геніяў, зыходзячы зь іхных твораў і біяграфіяў. Шлях рызыкоўны: наўрад ці ім сьніліся гэткія самнамбулічныя пастаноўкі паводле ўласных твораў. Гэта хутчэй сны самога Табукі: пра літаратуру, сябе і тэксты, якія робяць нас сваімі чытачамі. Гэта ён «муштруе» сваіх улюбёных літаратурных «чарцей»: зь любоўю, іроніяй і лёгкім смуткам.

Італьянскі пісьменьнік Антоніё Табукі. Фота: Рэбэка Янке
Італьянскі пісьменьнік Антоніё Табукі. Фота: Рэбэка Янке
Усё пачынаецца са сну Дэдала

​«Сны сноў» — калекцыя начных і дзённых мрояў, дваццаць кароткіх аповедаў, у якіх адбываецца нешта цьмяна знаёмае кожнаму кніжнаму чалавеку, але гэта толькі цені вядомых сюжэтаў, іхныя мудрагелістыя адбіткі ў нейкіх сонных люстэрках. Усё пачынаецца са сну Дэдала, «архітэктара і авіятара», і сканчаецца мрояй самага вядомага «тлумача сноў» Зыгмунда Фройда. А паміж гэтымі двума: ужо згаданыя Авідый і Рабле, Апулей і Мікеланджэла, Віён і Гоя, Чэхаў і Маякоўскі, Рэмбо і Лепарадзі, Пэсоа і Лорка, і іншыя, іншыя, іншыя… Аўтар ідзе за сваімі героямі да канца, а канец вядома які — прабуджэньне. І гэта заўжды прабуджэньне ад прыгажосьці. Нечаканы выхад зь лябірынту, які ня хочацца пакідаць.

Вітальд Гамбровіч у сваім знакамітым «Дзёньніку» дае рэцэпт, як пісаць — і першая перадумова: «увайсьці ў сфэру сну». Наяве нічога ня выйдзе. Трэба ўвесьці сябе ў асаблівы стан, дзе няма часу. Чытаеш кніжку Табукі і думаеш пра тое, што ўважлівае чытаньне — гэта пранікненьне ў чужыя сны. І сам Антоніё Табукі, які расказвае нам у сваёй кніжцы пра сны сваіх герояў — гэта, як пісаў Купала, «неабманны сьведка сну чалавека». Чалавека, што зрабіў на кніжным кургане сваё рытуальнае «лягу-прылягу». Усе мы сьпім на курганах прачытаных кніг.

Дарэчы, пра Купалу

Дарэчы, пра Купалу. Чытаючы гэтую кніжку, я ўвесь час лавіў сябе на адчуваньні, што нешта такое, табукіянскае, спрабаваў напісаць і сам. Некалі, у іншым жыцьці. Ці ў іншым сьне?

«…У пачатку сьнежня 1930 году з брамы аднаго зь менскіх шпіталёў выйшаў бледны чалавек з вачыма пустымі, як пасьля ночы ў казіно. Выйшаў — і ледзь не патрапіў пад чорны шэўрале, які праяжджаў міма. Звалі чалавека Каян Лупака… Гэта быў зусім новы чалавек, зьлеплены іншымі людзьмі са смалы і дзёгцю, скалочаны з драўляных страхаў, склеены са старых газэцін…»

Вокладка кнігі «Сны сноў» італьянскага пісьменьніка Антоніё Табукі. Выдавецтва «Янушкевіч». Пераклад: Вольга Колас.
Вокладка кнігі «Сны сноў» італьянскага пісьменьніка Антоніё Табукі. Выдавецтва «Янушкевіч». Пераклад: Вольга Колас.

​Гэта таксама падобна на чужы сон. Праўда, тады, абараняючы свой тэкст, я называў яго кафкіянскім. Але варта было разгарнуць сёлета «Сны сноў» Табукі, каб падабенства кінулася ў вочы:

«У горадзе Томы, на беразе Чорнага мора, студзеньскай ноччу ў 16 годзе нашай эры, калі на двары лютаваў мароз і не супакойвалася завея, прыдворны паэт Публій Авідый Назон сасьніў, што зрабіўся ўлюбёным паэтам імпэратара. І багі ператварылі яго ў вялікага матылька».

Кафка нікуды не падзеўся

Сноў Кафкі ў Табукі няма, але Кафка нікуды не падзеўся. Кафка зь сярэбранай чытацкай табакеркі, поўнай дзіўных казак. Вось што гэта за кніжка, «Сны сноў». Кніжка, якую мала хто заўважыў. Праспалі. Дый на рынку снабачаньняў імпарт у нас ня надта каціруецца, а на экспарт мы сьнім рэдка. Лезьці ў чужыя сны беларусам наогул няёмка…

Пагатоў — у сны клясыкаў.

Цікава ўсё ж, які сон прысьніўся Янку Купалу ў ноч перад сьмерцю?

«Сны сноў» заварожваюць сваім календаром. Табукі, як сапраўдны калекцыянэр, фіксуе дакладныя даты амаль усіх мрояў: лічбы тут важныя. Калісьці, пішучы сваю вэрсію купалавага сну, я быў заняты руйнаваньнем табу і розных «гіпсавых кубоў» літаратуры і ніякага Табукі яшчэ не чытаў. А сам італійскі пісьменьнік памёр роўна праз чатыры месяцы пасьля выхаду «Цёмнага мінулага Каяна Лупакі». У гадавіну абвяшчэньня БНР. Такая вось прыватная нумэралёгія.

Магчыма, у адным з гэтых сноў прамільгне горад Менск

Трэба зазначыць, «Сны сноў» — ня першая кніга Табукі ў перакладзе на беларускую: у 2010 выходзіла «Стомленая маска», а ўрыўкі са «Сноў» друкаваліся ў часопісе «Прайдзісьвет». І паколькі Антоніё Табукі даўно ўжо сьпіць вечным сном і сам мае права на тое, каб іншыя аўтары прыдумлялі яму сны, а перакладчыкі перастваралі іх па-свойму — дык, магчыма, у адным з гэтых сноў прамільгне горад Менск, горад-сон… Горад-прывід. А можа, і наогул, у сьне Табукі зьявіцца некалі агракамбінат «Сноў» — «современное высокоэффективное многоотраслевое сельскохозяйственное предприятие, специализирующееся на производстве мяса свинины, КРС и птицы, а также молока, их переработке и реализации в торговую сеть». Бо, па-першае, кожны пераклад дадае ў арыгінальныя сны аўтара нешта сваё, а па-другое, у сьне Франсуа Рабле ежы хапае зь лішкам, так што Табукі не пакрыўдзіцца.

Беларусы хочуць сноў пра сябе

Зрэшты, пераклад Вольгі Колас — выдатны (дробязь, а прыемна: Фрэйда ў перакладзе няма, толькі Фройд), кніга чытаецца зь вялікай прыемнасьцю, і застаецца толькі чарговы раз панаракаць на тое, што выхад «Сноў сноў» мала хто заўважыў. І агучыць галоўную прычыну такой няўвагі: гэта — харошая і добра перакладзеная кніжка. Такія ў Беларусі прынята ігнараваць, бо лепш кепская кніжка пра сябе, чым нейкі там Табукі, які піша пра Назонаў, Пэсоа і іншых Гарсія Лоркаў. Беларусы хочуць сноў пра сябе — а яшчэ больш ім хочацца нарэшце прачнуцца. І наогул: сучасны беларускі чытач ведае, што 8 сакавіка — Міжнародны жаночы дзень, і гэтага яму дастаткова. Разьбірацца, чаму, напрыклад, Табукі аддаў сну Фэрнанду Пэсоа менавіта дзень 8 сакавіка, ніхто ня будзе. Загадкі, сны, таямніцы — навошта? «Караткевіча ніхто не пераплюне». Забярыце сваю дзівосную табакерку, у гэтай чытацкай залі ня кураць.

Што ж, ляніваму чытачу прыходзіць на дапамогу кароткі даведнік «Тыя, хто сьніў у гэтай кнізе» — высьвятляецца, што ёсьць людзі, для якіх у дні 8 сакавіка хаваецца зусім іншы сэнс…

Сьняцца з асьліным чэлесам у руках

Дарэчы, што да жанчын, іх сярод «тых, хто сьніць», няма. Ніводнай. Яны толькі сьняцца — творцам-мужчынам. Сьняцца з асьліным чэлесам у руках. Сьняцца прастытуткі, сьняцца старыя, голыя, у мантыльях, сьняцца рамантычныя, голыя, брыдкія, сьняцца німфы… Фройд ператвараецца ў сваю пацыентку. Мужчыны сьняць сьвет. Жанчыны — каханьне. У гэтым сэнсе Табукі — відавочна, з тых аўтараў, якія адмаўляюць жанчынам у сапраўднай велічы творчых задумаў. «Чалавек сваёй эпохі» — то бок мужчына са сноў іншых мужчын. Стваральнікаў сноў культуры, якая і сама — сон, кажа Табукі. А мы змагаемся за яе, крычым і пратэстуем — быццам сон можна павесіць на сьцяг.

Мабыць, некалі ў беларускай літаратуры зьявіцца падобная кніжка: нехта наважыцца ўявіць сабе «чарцей» і німфаў, якія сьніліся Цётцы, Мрыю, Адамчыку, Янішчыц, Стральцову, Караткевічу… Праўда, каб прыдумаць сон, патрэбная свабода наяве. Хоць, хутчэй за ўсё, сны неўзабаве наогул адменяць, як і сьмерць, рак, сям’ю, рэлігію. Дзяржаве заўжды цяжка мірыцца з некантраляванасьцю сноў яе грамадзян. Або, магчыма, сны можна будзе выбіраць на свой густ з дапамогай адмысловых прыладаў — загружаць на ноч і глядзець: клясыку, мэлядрамы, баевікі, хорар… Добрая будзе магчымасьць завяршыць самы важны праект стагодзьдзя: дасьніць Беларусь.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG