Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя музыкі зь Віцебску, які не вывучаў беларускай мовы, але піша на ёй вершы і песьні


Выступ у арт-пабе «Торвальд»
Выступ у арт-пабе «Торвальд»

Віцебскі паэт і музыка Міхаіл Рубін расказвае ў інтэрвію Свабодзе, як ён прыйшоў да беларускай мовы.

Міхаіл Рубін — вядомы ў Віцебску музыка і настаўнік па клясе гітары, рок-бард, кампазытар і аранжыроўшчык, сузаснавальнік гурту «Фу», удзельнік габрэйскага клезмэрскага ансамблю «Аідышэ Нішомэ» і ансамбля «Кантраст».

А таксама аўтар 5 паэтычных зборнікаў, апошні зь якіх — беларускамоўны, што стала для многіх нечаканасьцю.

У школе быў вызвалены ад беларускай мовы

Міхаіл Рубін нарадзіўся ў Віцебску, але з самага дзяцінства жыве ў Рубе. Гэта гарадзкі пасёлак за 15 км ад абласнога цэнтру, вядомы сваім прадпрыемствам «Даламіт». Цяпер Руба падпарадкавана адміністрацыі Чыгуначнага раёну, і да Віцебску ходзіць гарадзкі аўтобус № 26. За тыя 35-40 хвілін дарогі Міхаіл Рубін пасьпявае напісаць невялікі верш.

«Значная частка маіх беларускамоўных вершаў увогуле прысьвечана 26-му аўтобусу. Якраз у ім я шмат пішу — па дарозе на працу або дадому, у Рубу. Так вось цікава атрымалася: Рубін з Рубы. Нехта нават думаў, што гэта мой творчы псэўданім. Але ж гэта сапраўднае прозьвішча майго бацькі», — усьміхаецца Міхаіл.

Выступ у арт-пабе «Торвальд»
Выступ у арт-пабе «Торвальд»

У часы ягонага школьнага дзяцінства беларуская мова была ў ліку тых неабавязковых прадметаў, ад вывучэньня якіх можна было вызваліць па жаданьні бацькоў. Так і здарылася: беларускую мову Міша не вывучаў. А літаратура па праграме, як ён кажа сам, «не зачапіла». Беларушчына прыйшла да яго пазьней: спачатку праз апазыцыйную прэсу пачатку 1990-х, а потым праз гісторыю беларускай культуры. Гэта калі «срэбны» мэдаліст Міша Рубін вырашыў паступаць не ў прэстыжную ВНУ, а ў вучэльню мастацтваў, вядомую паміж гараджанаў пад паблажлівай мянушкай «кулёк».

Але тое былі «залатыя часы», калі пра беларускае мастацтва гаварылі з захапленьнем, згадвае сёньня Міхаіл.

«Я скончыў музычную школу па клясе фартэпіяна, потым ужо па гітары. І мой настаўнік гітары агітаваў: паступай! Але ў музычнай вучэльні клясы гітары не было, а ў „кульку“ была. А яшчэ там быў выдатны прадмет „Гісторыя беларускай культуры“. Памятаеце, 1993-1994 гады, стаўленьне да ўсяго нацыянальнага вельмі спрыяльнае. Не скажу, каб мне падабаліся прадметы накшталт „Беларускага фальклёру“, а вось музыка беларуская падабалася. У аркестры мы выконвалі Глебава, Смольскага, Семяняку, Ярмачэнкава. Раптам аказалася, што беларуская акадэмічная музыка прыгожая. Я да гэтай пары пад уплывам таго аркестру».

Музыка патрабуе моцы. І робіць моцным

Выступ у арт-пабе «Торвальд»
Выступ у арт-пабе «Торвальд»

Пасьля «кулька», ужо з дыплёмам кіраўніка самадзейнага аркестру рускіх народных інструмэнтаў Міхаіл Рубін скончыў унівэрсытэт культуры па спэцыяльнасьці «Мастацтва эстрады». Неяк падчас пэдагагічнай практыкі паспытаў «настаўніцкага хлеба», і раптам спадабалася. З тае пары ўжо 17 гадоў ён выкладае ігру на гітары, працуе ў дзіцячай школе мастацтваў № 4.

Міхаіл Рубін кажа, што валодае 6-7 інструмэнтамі «ў той ступені, каб на іх імправізаваць». І сябе называе не кампазытарам, а імправізатарам.

«Пры добрым раскладзе імправізацыя можа стаць музычным творам. Бывае, саджуся за фартэпіяна і адразу пішу сюіту. Найграў, запісаў нотамі — гатова! Сьмешна, але так і ёсьць. Галоўнае — знайсьці мэлёдыю, якой патрабуе душа. Шмат маіх твораў выконваецца вучнямі ў нашай школе. Нават была вечарына маёй фартэпіяннай музыкі ў 2014 годзе. Асобныя творы выконваюць цымбалісты і гітарысты, вядома ж. Аднак вечар гітарнай музыкі я пакуль не рабіў. Ды й пішу для гітары ня так і шмат. Хоць і на некалькі зборнікаў ужо хапіла б», — кажа Міхаіл.

І жартуе, што ўжо і не падлічвае ўсё напісанае за апошнія гады, бо ўвесь час пішацца нешта новае. Часу і сіл на гэта не шкада, бо «музыка патрабуе моцы і робіць моцным — трэба ж увесь час быць «у форме». У Рубіна, бадай што, іначай і не атрымліваецца: ён заўжды ў працэсе ажыцьцяўленьня нейкіх сваёй ідэй, а часам і некалькіх адначасова. Адна зь іх — група «Фу», створаная ў Віцебску 25 гадоў таму і не забытая дагэтуль.

«Мы пачыналі ў 1993 годзе з акустыкі. Потым гралі амаль панк. Потым электроніку. Потым чыста гітарную музыку. Нас ведала пэўнае кола. На кагосьці гэта нават паўплывала. Але перш за ўсё паўплывала на нас. Пра нас пісалі ў гарадзкіх, і ня толькі, газэтах. 13 гадоў мы стараліся рабіць нешта цікавае для слухачоў, а потым натуральным чынам група скончыла сваё існаваньне. Цяпер я раблю аранжыроўкі для народнага ансамбля „Кантраст“, удзельнічаў у клезмэрскіх фэстывалях у Менску, Кіеве і Пецярбургу. У Віцебску ёсьць ансамбаль „Аідыше Нішоме“ („Габрэйская душа“) пры віцебскай габрэйскай грамадзе. Гэта мае карані. Мяне запрасілі туды ў 2004-м. Мы выконваем традыцыйную танцавальную музыку, у тым ліку і мае творы», — апавядае Міхаіл Рубін.

Габрэйская музыка
Габрэйская музыка

Але ці не найбольш вядомы віцебскі кампазытар у якасьці выканаўцы песень пад гітару — на свае і чужыя вершы.

Першыя песьні на беларускай мове зьявіліся пасьля 2006-га

Як прызнаецца Міхаіл Рубін, літаратурная творчасьць вабіла яго зь дзяцінства.

«Я вельмі любіў пісаць сачыненьні ў школе. Вось дзе была асалода! А першую песьню я напісаў па прынцыпе „я ж ведаю акорды, вось і паспрабую“. Розьніцу паміж „тэкстам“ і „вершам“ я адчуў прыкладна праз два гады. Далучыўся да клюбу аўтарскай песьні. Першая мая праграма была — песьні на вершы „паэтаў сеціва“. Мы знаёміліся на паэтычных сайтах, і я пісаў музыку на чужыя вершы. А самыя першыя мае песьні на беларускай мове здарыліся ў 2006-м. Пасьля чарговай трагічнай кампаніі хочацца нешта рабіць! Напісаў некалькі вершаў па-беларуску. Але напісаў і спыніўся. І потым вырашальным стаў 2014 год. Калі пачалося ўсё гэта ва Ўкраіне, з Крымам... Быццам сорамна стала мне за расейскую мову!»

За апошнія некалькі гадоў Рубін напісаў шмат песень на словы беларускіх паэтаў — ад клясыкаў узроўню Якуба Коласа і Рыгора Барадуліна да сучасьнікаў, сярод якіх Лера Сом, Валярына Кустава, Віктар Жыбуль.

Што да ўласнай беларускамоўнай творчасьці, то спадар Рубін ставіцца да яе досыць крытычна, усьведамляючы недасканаласьць валоданьня мовай. Зрэшты, ён лічыць, што гэтая недасканаласьць у пэўным сэнсе дапамагае творчаму працэсу: мысьленьне робіцца больш вострым, а павага да зямлі, на якой нарадзіўся, дадае адказнасьці. Летась ён выдаў першы зборнік беларускіх вершаў «Пераклад зь іншага».

І працягвае пісаць па-беларуску. Прычым робіць гэта сыстэматычна і мэтадычна: штодня практыкуецца ў вершаскладаньні. Міхаіл Рубін кажа, што беларуская мова яго «танізуе».

«Я стараюся пісаць штодзень на абедзьвюх мовах. Часам яны досыць забаўна пераплятаюцца ў сьвядомасьці. За тры гады такога „сумеснага пражываньня моў“ мае расейскамоўныя вершы зьмяніліся пад уплывам беларускіх! Я адчуў, што паэзія — гэта свабода! Хтосьці, напэўна, ведае, што я пішу без знакаў прыпынку. Гэта чыста музычнае фразаваньне, якое залежыць ад канкрэтнага выканаўцы».

На ўласныя беларускамоўныя вершы ў Міхаіла Рубіна пакуль толькі тры песьні. Дзьве зь іх узялі прыз «Радыё Рацыя» на «Бардаўскай восені» ў 2016 годзе.

«Тады я і паверыў... у свае беларускія сілы!» — кажа Міхаіл Рубін. Ён верыць, што паэзія можа зьмяніць сьвет да лепшага і адна гітара ў добрых руках можа рабіць цуды. Калі дужа пастарацца.

Адзін такі цуд раз за разам назіраюць гледачы на ягоных канцэртах. Справа ў тым, што ў жыцьці Міхаіл заікаецца. Але як толькі бярэ гітару і пачынае сьпяваць, гэта адразу праходзіць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG