Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры былыя фігуранты «справы Белага легіёну» патрабуюць кампэнсаваць ім маральную шкоду


Ілюстрацыйнае фота. Адзін з пазоўнікаў Віктар Данілаў з жонкай, адразу пасьля вызваленьня. 28 чэрвеня 2017 году

Былыя фігуранты справы «Аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» Андрэй Дундукоў, Віктар Мароз, Сяргей Стрыбульскі і Віктар Данілаў накіравалі калектыўны грамадзянскі пазоў у суд Маскоўскага раёну Менску.

Пазоўнікі просяць кампэнсаваць ім маральную шкоду, атрыманую ў выніку незаконнага затрыманьня, прыцягненьня іх у якасьці абвінавачаных, утрыманьня пад вартай, а таксама прымяненьня падпіскі аб нявыезьдзе і належных паводзінах. Адказьнікам у справе выступае Міністэрства фінансаў, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Папярэдняе судовае слуханьне прызначанае на 27 сакавіка, 14.30. Справу будзе разглядаць судзьдзя суду Маскоўскага раёну Вольга Краўчанка.

У сваім пазове былыя фігуранты справы спасылаюцца на артыкулы 939 і 968–970 Грамадзянскага кодэксу Беларусі, якія прадугледжваюць пакрыцьцё маральнай шкоды за кошт дзяржаўнай казны незалежна ад віны таго, хто нанёс шкоду.

Пазоўнікі лічаць, што яны павінны атрымаць грашовую кампэнсацыю, бо ўвесь той час, які правялі за кратамі, а таксама пасьля вызваленьня, адчувалі вялікія маральныя пакуты. Так, адзін з пазоўнікаў, Сяргей Стрыбульскі, кажа, што вырашыў дамагацца кампэнсацыі менавіта з прычыны сваёй трывогі за блізкіх, сяброў, якія перажывалі за ягоны лёс. Таксама пазоўнікі зьвязваюць свае маральныя пакуты з пачуцьцём прыніжэньня гонару і годнасьці ў выніку дыскрэдытацыі ў дзяржаўных СМІ, з пачуцьцём прававой неабароненасьці, з прымяншэньнем для некаторых зь іх сацыяльнага і прафэсійнага статусу і г.д.

Раней атрымаць кампэнсацыю за сваё ўтрыманьне пад вартай у межах крымінальнай справы спрабаваў актывіст не зарэгістраванай у Беларусі арганізацыі «Малады фронт» Зьміцер Крамянецкі. Аднак гэтая спроба аказалася беспасьпяховай: суд Маскоўскага раёну Менску, а потым і Менгарсуд ягоныя пазовы не задаволілі.

Як зьявілася справа «Белага легіёну»

Затрыманьні ў справе пачаліся пасьля заявы Аляксандра Лукашэнкі 21 сакавіка 2017 году, што ў Беларусі «затрымалі дзясяткі баевікоў», якія «трэніраваліся ў лягерах са зброяй». У той жа дзень Лукашэнка заявіў, што «не адмяняў і не прыпыняў» дэкрэт № 3, які «ўзарваў апазыцыйную кляаку», і што хацеў бы, каб беларускія навукоўцы вынайшлі новую крыніцу энэргіі. За дзень да таго дзяржаўныя СМІ пачалі распаўсюджваць нібыта не зьвязаныя адна з адной «страшылкі», якім тут жа знаходзіліся абвяржэньні.

Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 35 затрыманых. Спачатку паведамлялася, што справа вядзецца аб «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» (частка 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу), пазьней зьявілася абвінавачаньне ў «стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня і ўдзеле ў ім» (артыкул 287 КК).

«Советская Белоруссия» публікавала фота страйкбольнай зброі і патронаў-«хлапушак» пад выглядам баявой. На выяве: зьлева — артыкул на сайце sb.by, справа — страйкбольны пісталет Gletcher CLT 1911 на сайце вытворцы
«Советская Белоруссия» публікавала фота страйкбольнай зброі і патронаў-«хлапушак» пад выглядам баявой. На выяве: зьлева — артыкул на сайце sb.by, справа — страйкбольны пісталет Gletcher CLT 1911 на сайце вытворцы

У красавіку на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1» выйшаў прапагандысцкі фільм «Белы легіён чорных душ» пра «справу патрыётаў», у якім распавядалася пра нібыта пагрозы замаху на спакой у Беларусі з боку «экстрэмістаў»: з тэрыторыі Польшчы, Украіны і Расеі, пра знойдзеную ў фігурантаў справы зброю, пра плянаваньне тэрактаў у Маскве.

Па дзяржаўнай тэлевізіі і ў дзяржаўнай прэсе ня раз паказвалі «канфіскаваную зброю баевікоў», але сярод паказанай зброі была і легальная паляўнічая, і бяскрыўдная страйкбольная. Ад тэрарыстаў Беларусь нібыта «ўратавала» нейкая жанчына зь Нямеччыны, названая «фраў А.»: нібыта яна паведаміла Лукашэнку пра падрыхтоўку масавых беспарадкаў у Менску.

Справа «Белага легіёну» — ад затрыманьняў да вызваленьняў

Паступова фігурантаў справы павыпускалі на волю пад падпіску аб нявыезьдзе, а ў чэрвені справу перадалі ў Сьледчы камітэт Беларусі. Летам справа фактычна развалілася. Ня так даўно старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч заявіў, што «да канца восені ў гэтай справе будзе пастаўлена кропка».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG