Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канчатковая дамова зь менскай міліцыяй наконт сьвяткаваньня Дня Волі яшчэ не падпісаная


Плошча Парыскай камуны перад Тэатрам опэры і балету

Як будзе дзейнічаць сталічная міліцыя падчас дазволенага гарадзкімі ўладамі 25 сакавіка мітынгу-канцэрту з нагоды 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі?

Выканаўца абавязкаў прэс-сакратара менскай міліцыі Натальля Ганусевіч сказала карэспандэнту Свабоды, што ўдзельнікі мерапрыемства абавязаныя

  • захоўваць грамадзкі парадак,
  • выконваць усе законныя патрабаваньні арганізатараў мерапрыемства,
  • а таксама супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.

12 сакавіка адбылася сустрэча заяўнікаў імпрэзы і ўладаў. У ёй бралі ўдзел

  • начальнік сталічнай управы міліцыі грамадзкай бясьпекі Міхаіл Грыб,
  • начальнік галоўнай управы ідэалёгіі, культуры і па справах моладзі Павал Скалабан.

Адзін з удзельнікаў сустрэчы, лідэр руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, сказаў карэспандэнту Свабоды, што сустрэча выклікала ў яго асьцярожны аптымізм.

Плякаты «не па тэме» могуць не прапусьціць

На пытаньне Юрася Губарэвіча, ці будзе існаваць нейкая забарона на нацыянальную сымболіку, прадстаўнік міліцыі сказаў, што будзе кіравацца рашэньнем Менгарвыканкаму.

«Тады Павал Скалабан паўтарыў словы, якія нам былі сказаныя падчас ранейшых сустрэч у гарвыканкаме — што ніякіх праблемаў з гэтым ня будзе.

Але дадаў, што абмежаваньні, якія могуць быць, будуць тычыцца транспарантаў і плякатаў, зьмест якіх не адпавядае заяўленай тэме мерапрыемства, то бок 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці БНР.

Прадстаўнік міліцыі гэтаму не пярэчыў, мяркую, пагадзіўся. Таму можна зрабіць выснову, што міліцыя сапраўды будзе дзейнічаць адпаведна з гэтым рашэньнем Менгарвыканкаму».

Рэжым пропуску будзе такім, як на канцэрты каля ратушы

На пытаньне пра рэжым пропуску прадстаўнік міліцыі адказаў «Будзем дзейнічаць паводле сытуацыі, так, як мы звычайна праводзім гарадзкія мерапрыемствы каля ратушы».

Як зразумеў Юрась Губарэвіч, рэжым пропуску на плошчу Парыскай камуны 25 сакавіка будзе нагадваць пропуск на канцэрты, якія ўлетку праходзяць каля гарадзкой ратушы.

«Ведаю, там вялікіх прэтэнзій у людзей няма», — дадаў палітык.

Дружына будзе адказваць за парадак перад сцэнай

Паводле Юрася Губарэвіча, за парадкам падчас мерапрыемства будзе таксама сачыць дружына, якая бярэ на сябе адказнасьць за тое, што будзе адбывацца на плошчы перад Опэрным тэатрам. Міліцыя з гэтым згодная і будуць камунікаваць з арганізатарамі дружыны.

Ці прапусьцяць на канцэрт удзельнікаў верагоднага шэсьця, да якога заклікаў Мікалай Статкевіч?

Юрась Губарэвіч лічыць, што праблемаў з пропускам людзей на плошчу ня ўзьнікне.

«Мяркую, будзе роўнае стаўленьне да ўсіх людзей, якія будуць падыходзіць да прапускных пунктаў, каб трапіць на канцэрт. Ня важна, адкуль яны будуць ісьці — ад вуліцы Нямігі ці ад плошчы Якуба Коласа. Нас запэўнілі, што галоўнае, каб яны ня несьлі з сабой на плошчу бутэлек з алькаголем і колюча-рэжучых прадметаў ды захоўвалі парадак».

Канчатковую дамову спадзяюцца падпісаць да канца тыдня

Юрась Губарэвіч сказаў, што перамовы зь міліцыяй яшчэ працягваюцца.

«Ёсьць яшчэ такія рэчы, як бутэлькі з вадой, інвалідныя вазкі, некаторыя іншыя дэталі, па якіх пакуль розныя падыходы. Таму па іх яшчэ вядуцца перамовы. На сёньня канчатковая дамова яшчэ не падпісаная, але, мяркую, падпішам яе да канца тыдня».

Хто выступіць на «Сьвяце незалежнасьці» ў Менску. Фінальная афіша #БНР100 плюс ВІДЭА

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG