Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнтагон абвінаваціў Расею ў датычнасьці да злачынстваў Асада ў Сырыі


Міністэрства абароны ЗША, ілюстрацыйнае фота

Міністэрства абароны ЗША абвінавачвае Расею ў датычнасьці да злачынстваў рэжыму Асада ў Сырыі і заклікае Крэмль садзейнічаць палягчэньню гуманітарнага крызісу ва Ўсходняй Гуце замест таго, каб адцягваць увагу сусьветнай грамадзкасьці ілжывымі заявамі аб намерах Пэнтагону.

Так прадстаўнік амэрыканскага абароннага ведамства пракамэнтаваў у інтэрвію тэлекампаніі CNBC сьцьвярджэньне начальніка расейскага Генштабу Валерыя Герасімава аб тым, што ЗША маюць намер абвінаваціць сырыйскія войскі ў хімічнай атацы, арганізаванай на самай справе паўстанцамі, каб апраўдаць нанясеньне ўдару па ўрадавых аб’ектах у Дамаску.

Па словах прадстаўніка Пэнтагону, «немагчыма ігнараваць усё новыя і новыя сьведчаньні ўжываньня арміяй Асада хімічнай зброі супраць уласнага народа, што зьяўляецца парушэньнем міжнароднага права». «Тое, што Расея ня ў стане ўрэгуляваць праблему хімічнай зброі, ставіць пад сумнеў яе здольнасьць станоўча паўплываць і на пэрспэктывы вырашэньня сырыйскага крызісу ў цэлым», — дадаў амэрыканскі прадстаўнік.

Напярэдадні Злучаныя Штаты заявілі, што будуць «вымушаныя зрабіць канкрэтныя крокі», калі сырыйскі ўрад будзе і далей блякаваць выкананьне апошняй рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН, якая прадугледжвае эвакуацыю хворых і параненых з раёну баявых дзеяньняў ва Ўсходняй Гуце. Злучаныя Штаты плянуюць унесьці новую рэзалюцыю па Сырыі, якая «не дапускае двухсэнсоўных тлумачэньняў». Пэнтагон падтрымаў заяву амэрыканскага сталага прадстаўніка Нікі Гэйлі пра тое, што Расея «страціла крэдыт даверу з-за няздольнасьці ці нежаданьня прытрымлівацца дасягнутых ААН пагадненьняў аб замірэньні».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG