Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гуманітарны канвой не дайшоў да Ўсходняй Гуты


Валянтэр Міжнароднага камітэту чырвонага крыжа ў горадзе Дума ў сырыйскай правінцыі Ўсходняя Гута, 5 сакавіка 2018 году.
Валянтэр Міжнароднага камітэту чырвонага крыжа ў горадзе Дума ў сырыйскай правінцыі Ўсходняя Гута, 5 сакавіка 2018 году.

Адпраўка канвою з гуманітарнай дапамогай для жыхароў Усходняй Гуты ў Сырыі адкладзеная зь меркаваньняў бясьпекі. Пра гэта агенцтву Reuters паведамілі ў Міжнародным камітэце чырвонага крыжа. Раней меркавалася, што калёна увойдзе ў рэгіён 8 сакавіка. Атрымаць прадметы першай неабходнасьці меліся прыкладна 70 тысяч чалавек у горадзе Дума.

Першы гуманітарны канвой прыбыў ва Ўсходнюю Гуту 5 сакавіка. Аднак у сувязі з абстрэлам раздача харчаваньня і мэдыкамэнтаў была перапыненая. З 46 грузавікоў атрымалася разгрузіць толькі 32.

Сёньня стала вядома, што сырыйскія ўрадавыя войскі прасунуліся ўглыб Усходняй Гуты і падзялілі абарону сырыйскіх паўстанцаў на паўночную і паўднёвую часткі. Урадавыя войскі заяўляюць, што з пачатку наступу яны адбілі ў ўзброенай апазыцыі прыкладна палову тэрыторыі Усходняй Гуты.

Нягледзячы на рэзалюцыю Рады бясьпекі ААН аб 30-дзённым перамір’і, баі ў рэгіёне працягваюцца. Бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў парушэньні перамір’я. Прадстаўнікі сырыйскіх і расейскіх уладаў сьцьвярджаюць, што вядуць баявыя дзеяньні толькі супраць «тэрарыстаў», на якіх рэзалюцыя не распаўсюджваецца.

Ва Ўсходняй Гуце пражывае каля 400 тысяч чалавек. Наступ сырыйскіх урадавых войскаў пачалося ў канцы лютага. Паводле дадзеных агенцтва France-Presse, ад таго часу ахвярамі абстрэлаў сталі больш за 900 чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG