Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Сырыі паабяцаў працягнуць наступ на Ўсходнюю Гуту


У разбураным абстрэламі мячэце ў горадзе Дума, Усходняя Гута, 1 сакавіка 2018 году

Прэзыдэнт Сырыі Башар Асад паабяцаў у нядзелю, што ягоныя войскі працягнуць наступ на паўстанцаў ва Ўсходняй Гуце, нягледзячы на крытыку лідэраў ЗША і Вялікай Брытаніі, якія заявілі, што ягоныя дзеяньні прывялі да гуманітарнай катастрофы.

«Апэрацыя супраць тэрарызму павінна працягвацца, але ў той жа час у мірных жыхароў будзе магчымасьць [пакінуць зону баявых дзеяньняў]», — заявіў Асад журналістам. «Супярэчнасьці паміж перамір’ем і баявымі дзеяньнямі няма», — дадаў ён. Ягоны выступ трансьляваўся па дзяржаўным тэлебачаньні.

Раней у нядзелю прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і брытанская прэм’ер-міністарка Тэрэза Мэй выказалі адзінае меркаваньне аб тым, што Расея і Сырыя нясуць адказнасьць за «жахлівыя чалавечыя пакуты» ў раёне Ўсходняй Гуты пад Дамаскам. Пра гэта паведамілі ў апараце прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі.

Як паведамляецца, лідэры дзьвюх краінаў у ходзе тэлефоннай размовы абмеркавалі «жахлівую гуманітарную сытуацыю» паблізу сырыйскай сталіцы. Яны пагадзіліся з тым, што «асноўную адказнасьць за жахлівыя чалавечыя пакуты нясуць сырыйскі рэжым і Расея як галоўная прыхільніца рэжыму» і што «Расея і іншыя, хто мае ўплыў на сырыйскі рэжым, павінны дзейнічаць неадкладна, каб спыніць гэтую кампанію гвалту і абараніць цывільнае насельніцтва», паведамілі ў апараце Мэй. Белы дом пакуль ня выпусьціў заявы ў сувязі з тэлефоннай размовай.

Праваабарончая арганізацыя «Сырыйская абсэрваторыя правоў чалавека», якая базуецца ў Вялікай Брытаніі, паведаміла, што сырыйскія войскі ўзялі пад кантроль больш за чвэрць тэрыторыі Ўсходняй Гуты, пры гэтым большая частка захопленай тэрыторыі — сельскагаспадарчыя землі. У суботу праваабаронцы паведамлялі, што ў выніку бамбаваньняў раёну сіламі рэжыму забіта 18 мірных жыхароў, у тым ліку трое дзяцей.

Наступу сырыйскіх войскаў папярэднічалі 15 дзён паветраных удараў па паўстанцах, якія суправаджаліся артылерыйскім агнём і ракетнымі атакамі. У выніку баявых дзеяньняў загінулі сама меней 640 мірных жыхароў.

Патрабаваньне Рады Бясьпекі ААН аб увядзеньні 30-дзённага замірэньня большай часткай ігнаруецца, хоць Масква ўвяла штодзённую пяцігадзінную «гуманітарную паўзу» для дастаўкі дапамогі і для таго, каб мірныя жыхары маглі пакінуць гэты раён. ААН заявіла, што паспрабуе даставіць гуманітарную дапамогу ва Ўсходнюю Гуту ў панядзелак.

У іншай тэлефоннай размове прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон заклікаў прэзыдэнта Ірану Хасана Рухані аказаць «неабходны ціск» на прэзыдэнта Сырыі, каб спыніць атакі на мірных жыхароў ва Ўсходняй Гуце. У адміністрацыі Макрона заявілі, што на Тэгеране ляжыць асаблівая адказнасьць «з прычыны ягоных сувязяў з сырыйскім рэжымам у пляне рэалізацыі гуманітарнага замірэньня», якога дамагаецца ААН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG