Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Крумкачы» ня выйдуць на гульню Кубка Беларусі пасьля «сьмяротнага выраку». Клюбу пагражае ліквідацыя


У афіцыйным звароце да заўзятараў гаворыцца пра «сьмяротны вырак для клюбу» толькі празь нязначныя парушэньні тэрмінаў падачы дакумэнтаў.

Афіцыйнае паведамленьне было апублікаванае ў выглядзе звароту да футбольных заўзятараў.

У ім гаворыцца, што кіраўніцтва клюбу вырашыла адмяніць матч 1/4 фіналу Кубку Беларусі з камандай «Нёман» (Горадня).

«Як вядома, футбольнаму клюбу „Крумкачы“ адмоўлена ў прыёме заяўкі на праходжаньне ліцэнзаваньня. Апэляцыя таксама не прынесла выніку. Па вялікім рахунку нашаму клюбу вынесены сьмяротны прысуд», — гаворыцца ў звароце.

«У сувязі са зьяўленьнем мноства інсынуацый у СМІ» «Крумкачы» адзначаюць, што клюб адхілены ад працэдуры ліцэнзаваньня «не праз фінансавыя прычыны і нават не праз адсутнасьць дакумэнтаў» — «клюб прысудзілі да найвышэйшай меры пакараньня за парушэньне тэрмінаў іх падачы».

«На сёньняшні дзень у клюбу гатовыя ўсе дакумэнты... „Крумкачы“ цалкам гатовыя да найвышэйшай лігі сэзону-2018. Як кадрава, так і фінансава. Мы здольныя гэта прадэманстраваць у максымальна кароткія тэрміны, але нам не даюць такой магчымасьці. На наш погляд, за гэтым рашэньнем стаяць якія заўгодна матывы, але толькі не прававыя і ніяк не спартовыя», — гаворыцца ў звароце.

Такім чынам, цалкам магчыма, што малады прыватны клюб, гісторыя ўзьлёту якога стала вядомай многім беларусам, больш ня выйдзе на поле і будзе ліквідаваны.

Тэарэтычна, «крумкі» могуць падаць заяву на ўдзел у другую лігу (Д2) — і паспрабаваць зноў прайсьці ўсю дарогу ад ніжэйшай лігі да вышэйшай. Аднак ці пагодзіцца інвэстар у гэтый сытуацыі ўкладаць грошы ў каманду — пытаньне.

У суботу, 10 сакавіка, адбудзецца адмысловае паседжаньне Беларускай фэдэрацыі футболу, на якім будзе вырашана, ці дазволяць клюбу падпісваць кантракты з новымі гульцамі. Аднак нельга сказаць, ці паўплывае рашэньне камісіі на будучыню каманды.

ФК «Крумкачы» — заснаваны ў 2014 годзе аматарамі футбола. Дзякуючы вялізарнаму энтузіязму і валянтэрскай працы ўжо ў сэзоне-2016 клюб праводзіў першы сэзон у Найвышэйшай лізе, дзе захаваў «прапіску» і ў наступным сэзоне. Аднак жа з улікам таго, што каманда мела вялікія праблемы з фінансаваньнем, кіраўніцтва вымушана было нават аб’явіць краудфандынг, каб скончыць сэзон-2017.

На самым пачатку 2018 году паведамлялася, што клюб не выратуе ўжо нішто, аднак жа ў момант, калі большасьць ключавых гульцоў «разьляцелася», нечакана прыйшоў інвэстар, які пагадзіўся ўкласьці на сэзон $600 тысяч, а таксама вырашыць праблему з даўгамі.

Аднак жа, нягледзячы на тое, што справы каманды пайшлі ўгару, Беларуская фэдэрацыя футбола адмовіла «птушкам» у ліцэнзаваньні на новы сэзон. Не дапамагло і арбітражнае паседжаньне — вырак пакінулі без зьменаў.

Error rendering VK.

Раней свой пратэст выказаў піяніст Юры Бліноў. Ён адмовіўся прывезьці ў Менск вядомага нямецкага футбаліста Тоні Крооса, якому, як і «Крумкачам» некалькі год таму, прысьвяціў вялікі музычны твор.

Трэнэр — у БАТЭ, нападнік — у «Дынама-Менск». Куды разьляцеліся «Крумкачы»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG