Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Міжнароднай асацыяцыі піяністаў і кампазытараў заступіўся за «Крумкачоў» 


Фан-сэктар менскіх «Крумкачоў»

Беларускі піяніст з сусьветным імем Юры Бліноў спыніў працу ў арганізацыі прыезду ў Менск паўабаронца футбольнага клюбу «Рэал» (Мадрыд) і зборнай Нямеччыны Тоні Крооса і заявіў пра адмену прысьвечанага яму канцэрту «Concerto-Krooso».

Як паведамляе газэта «Прессбол», такія захады музыка зрабіў у адказ на рашэньне Апэляцыйнага камітэту Беларускай фэдэрацыі футболу па клюбным ліцэнзаваньні адхіліць апэляцыю менскай каманды «Крумкачы».

«На знак пратэсту супраць фактычнага зьнішчэньня Беларускай фэдэрацыяй футболу клюбу „Крумкачы“ я спыняю далейшую працу ў арганізацыі заплянаванага на канец жніўня 2018 году прыезду Тоні Крооса ў Менск, на які ўжо была яго асабістая згода. Замест Беларусі „Concerto-Krooso“ з удзелам футбаліста пройдзе ў адным з гарадоў Нямеччыны», — напісаў Юры Бліноў у Facebook.

Юры Бліноў — прэзыдэнт Міжнароднай асацыяцыі піяністаў і кампазытараў, адзін зь першых беларусаў, каму ўдалося даць сольны канцэрт у нью-ёрскім «Карнэгі-Холе». Мае ступень доктара музычных мастацтваў Найвышэйшай школы музыкі Істмэну (ЗША). У творчым даробку Блінова больш за тры дзясяткі сольных праграмаў, а таксама 35 канцэртаў для фартэпіяна з аркестрам.

Тоні Кроос зьяўляецца любімым футбалістам піяніста. Аўтарскі канцэрт-прысвячэньне гульцу расказвае пра біяграфію спартоўца, яго родны горад, посьпехі ў эўрапейскіх клюбах, нараджэньне сына і перамогу на чэмпіянаце сьету ў Бразыліі.

Нямецкі футбаліст так пісаў пра «Concerto-Krooso» на сваёй старонцы ў Facebook:

«Гэта нешта вельмі асаблівае для мяне: доктар Юры Бліноў, музыка зь Беларусі, стварыў „Concerto-Krooso“ у мой гонар. Канцэрт названы „Пяць эпізодаў з жыцьця гульца“ і напісаны для фартэпіяна, струннага аркестру, ударных і сьвістка. Натуральна, я надзвычай усьцешаны тым, што маю свой уласны клясычны канцэрт з аркестрам», — адзначыў вядомы футбаліст.

6 сакавіка футбольны клюб «Крумкачы» не атрымаў ліцэнзіі на выступ у Найвышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі. Заяву кіраўніцтва клюбу адхілілі падчас паседжаньня апэляцыйнага камітэту Беларускай фэдэрацыі футболу. Цяпер «Крумкачы» зьбіраюцца абскарджваць адмову ў арбітражным камітэце БФФ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG