Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску маршрутнікі страйкуюць супраць новых правілаў пасажырскіх перавозак


Маршрутка ў дарозе. Ілюстрацыйнае фота

У Бабруйску кіроўцы прыватных міжгародніх маршрутак адмаўляюцца выяжджаць на лінію. Больш за два дзясяткі мікрааўтобусаў стаяць на пляцоўцы непадалёк ад аўтавакзалу.

Такім чынам яны пратэстуюць супраць абноўленага закону «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках», які ўступіў у сілу 23 лютага. Пратэстоўцы заяўляюць, што рух маршрутак у Магілёў і Менск блякаваны. Паводле іх, нелегальна перавозіць пасажыраў толькі адна прыватная кампанія.

Як у рэгіёнах рэагуюць на «нармалізацыю» міжгародніх маршрутак

Маршрутнікі разьлічваюць, што на іх пратэст адрэагуе ўлада, пакінуўшы той парадак перавозак, які быў да ўступленьня ў сілу абноўленага закону. Новыя правілы, настойваюць пратэстоўцы, бароняць інтарэсы дзяржаўнага перавозчыка. Чакаюць маршрутнікі, што неабыякавымі да іх сытуацыі застануцца і пасажыры, чые інтарэсы таксама ўшчамляе абноўлены закон.

«Гэты закон забараняе нам выяжджаць на лінію і працаваць паводле ранейшых правілаў. Цяпер стаім і адмаўляем пасажырам у перавозцы. Яны ня ведаюць, што рабіць. Спадзяёмся, што ўлада зробіць паслабленьні ў законе. Ранейшыя правілы задавальнялі і нас, і пасажыраў, бо ім было зручна. З новым законам сытуацыя мяняецца істотна. Тыя, хто наважваецца выяжджаць, рызыкуюць нарвацца на штраф ці канфіскацыю аўтамабіля», — пракамэнтаваў сытуацыю адзін з пратэстоўцаў.

Маршрутнікі кажуць, што пратэставаць зьбіраліся ад панядзелка, але пашкадавалі пасажыраў, якія б ня выехалі па сваіх справах. Першы дзень тыдня, па словах суразмоўцаў, самы загружаны, і пратэст быў бы больш дзейсным.

На бабруйскім аўтавакзале запэўнілі, што сытуацыя зь перавозкамі пасажыраў пад кантролем, панікі няма. У Магілёў, сказаў дыспэтчар, пусьцілі дадатковыя маршруты. Камэнтаваць сытуацыю з пратэстам маршрутнікаў тут ня сталі.

Сутнасьць праблемы

Прыватныя міжгароднія маршруткі зьявіліся ў Беларусі на пачатку 2000-х. Арганізатары «нерэгулярных аўтамабільных перавозак пасажыраў» павінны былі мець ліцэнзію, пасьведчаньне аб дзяржрэгістрацыі ды касавы апарат, але ня мусілі ўзгадняць расклад зь дзяржорганамі. Зь цягам часу прыватнікі ці ня цалкам выціснулі дзяржаўных апэратараў ды перамясьціліся з вакзалаў у розныя пункты.

Маршруткі каля аўтавакзалу ў Менску
Маршруткі каля аўтавакзалу ў Менску

Паводле новага закону дзейнасьць прыватных міжгародніх маршрутак аднесеная да «рэгулярных пасажырскіх перавозак». Раней маршрутчыкі, як і таксісты, лічыліся нерэгулярнымі перавозчыкамі.

Цяпер перавозчыкі мусяць:

заключаць дамовы на ажыцьцяўленьне рэгулярных перавозак зь «Менаблпасажыртрансам» (або з адпаведнымі структурамі ў іншых абласьцях) — перайсьці да адзінага апэратара «Менаблаўтатранс»;

  • забіраць пасажыраў толькі ва ўстаноўленых месцах (на вакзалах);
  • езьдзіць па вызначаным маршруце;
  • спыняцца толькі на канкрэтных прыпынках;
  • распрацаваць расклад, інтэрвалы руху транспартных сродкаў;
  • вызначыць колькасьць рэйсаў па маршруце;
  • плаціць за паслугі апэратару аўтамабільных перавозак і аўтавакзалу.

Перавозчыкам, якія ня выканаюць гэтых патрабаваньняў, пагражаюць санкцыі, кажуць у Мінтрансе.

Кіроўцы прыватных міжгародніх маршрутак бʼюць трывогу, што ў выніку «нармалізацыі» могуць застацца бяз працы праз новыя патрабаваньні. Дзяржава супакойвае: пра зьмены было вядома даўно, а тыя, хто цяпер абураецца, нічога не зрабілі, каб унармаваць сваю «незаконную дзейнасьць».

Мінтранс пра зьмены ў законе аб аўтаперавозках: «Выціскаць з рынку прыватнікаў не зьбіраемся»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG