Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэркель і Макрон абмеркавалі з Пуцінам рэзалюцыю ААН аб Сырыі


Усходняя Гута. 23 лютага.

Парыж і Бэрлін перакананыя, што рэжым спыненьня агню ў Сырыі можа быць выкарыстаны для прарыву ў міжсырыйскім дыялёгу пад эгідай ААН.

Як паведамляе «Нямецкая хваля», канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель і прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон ў нядзелю, 25 лютага, абмеркавалі з кіраўніком Расеі Ўладзімірам Пуцінам сытуацыю ва Ўсходняй Гуце і ажыцьцяўленьне рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН аб часовым спыненьні агню ў Сырыі на тэрмін у 30 дзён.

Як заявіў афіцыйны прадстаўнік кіраўніка нямецкага ўраду Штэфэн Зайбэрт, рэжым цішыні «можа стаць асновай для палітычнага рашэньня» у гэтай краіне.

«Расея павінна выкарыстоўваць свой уплыў на сырыйскі рэжым» для неадкладнай рэалізацыі палажэньняў дакумэнту, перакананыя Мэркель і Макрон.

Канцлер Нямеччыны і прэзыдэнт Францыі падкрэсьлілі, што «па-ранейшаму гатовыя да супрацоўніцтва з Расеяй і іншымі міжнароднымі партнэрамі для дасягненьня гэтай мэты».

Раней стала вядома, што рэжым цішыні ня будзе распаўсюджвацца на ваенныя апэрацыі адносна «Ісламскай дзяржавы», «Аль-Каіды» і «Фронту ан-Нусры».

На тле паведамленьняў аб працягу баявых дзеяньняў у Сырыі Генэральны сакратар ААН Антоніё Гутэрыш 24 лютага заклікаў усе бакі неадкладна ажыцьцявіць «спыненьне агню» і выказаў надзею, што замірэньне будзе «падтрыманае».

Усе 15 членаў Рады Бясьпекі прагаласавалі за спыненьне ваенных дзеяньняў пасьля перамоваў, у ходзе якіх Масква выступіла супраць усталяваньня крайняга тэрміну ўступленьня замірэньня ў сілу.

Аўтары рэзалюцыі, Кувэйт і Швэцыя, унесьлі папраўкі ў тэкст, каб атрымаць падтрымку Расеі, адмовіўшыся ад патрабаваньня аб тым, каб замірэньня ўступіла ў сілу праз 72 гадзіны і замест гэтага прапанавалі форму «без затрымак».

Масква, якая ёсьць ключавым хаўрусьнікам прэзыдэнта Сырыі Башара Асада, мае права вэта ў Радзе Бясьпекі.

Макрон і Мэркель 23 лютага заклікалі Пуціна падтрымаць прапанову аб спыненьні агню ў Сырыі.

XS
SM
MD
LG