Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таямніца першай лэдзі: Мэланія Трамп стала самай «закрытай» гаспадыняй Белага дому


Мэланія Трамп ў Кангрэсе 30 студзеня 2018 году.
Мэланія Трамп ў Кангрэсе 30 студзеня 2018 году.

Першая лэдзі ЗША, якая звычайна пазьбягае занадта назойлівай увагі прэсы, днямі апынулася ў цэнтры ўвагі з дзьвюх зусім розных прычынаў.

Па-першае, 21 лютага газэта Washington Post распавяла, што бацькі Мэланіі Трамп Віктар і Амалія Кнавс атрымалі легальны іміграцыйны статус, але на якой падставе — невядома. Прэс-сакратар першай лэдзі Стэфані Грышэм і адвакат Майкл Уайлдс, які займаўся іміграцыйнымі справамі Кнавсаў, адмаўляюцца паведаміць падрабязнасьці, спасылаючыся на прыватнасьць прыватнага жыцьця.

Жыхары гораду Сеўніца ў Славеніі, адкуль родам Мэланія Трамп, адзначаюць перамогу Дональда Трампа на выбарах у ЗША 9 лістапада 2016 году.
Жыхары гораду Сеўніца ў Славеніі, адкуль родам Мэланія Трамп, адзначаюць перамогу Дональда Трампа на выбарах у ЗША 9 лістапада 2016 году.

Ураджэнка Славеніі Мэланія Трамп атрымала від на жыхарства ў ЗША яшчэ ў сакавіку 2001 года, грамадзянства — у 2006-м і мела поўнае права падаць прашэньне аб прадастаўленьні грын-карты сваім бацькам. Але тут ёсьць нюанс: прэзыдэнт Трамп — рашучы праціўнік іміграцыі, якая называецца chain immigration — «іміграцыя па ланцужку». У сваім праекце іміграцыйнай рэформы ён робіць выключэньне толькі для мужа і жонкі і дзяцей маладзейшых за 21 год, а галоўным прынцыпам іміграцыйнай палітыкі ЗША называе merit immigration — «іміграцыю па заслугах», пры якой асноўным крытэрыем становяцца прафэсіяналізм і кваліфікацыя, якія патрабуюцца Амэрыцы. Ні ў тую, ні ў іншую катэгорыю састарэлыя бацькі першай лэдзі не трапляюць — у наяўнасьці двайны стандарт.

Другая прычына падвышанай увагі да Мэланіі Трамп — дзіўная, каб не сказаць больш. У пачатку лютага баптысцкі пастар Пол Бэглі, вядомы сваімі экстравагантнымі прадказаньнямі і кансьпіралягічнымі тэорыямі, выступіў з сэнсацыйным выкрыцьцём: перад тым, як пасяліцца ў Белым доме, Мэланія Трамп запатрабавала ачысьціць яго ад «паганскіх ідалаў і сатанінскіх артэфактаў», назапашаных "пасьля Клінтанаў і Абамы «(мабыць, Буш-малодшы за восем гадоў ніякіх ідалаў не заўважыў). Па словах Бэглі, акт экзарцызму быў ажыцьцёўлены сарака пастарамі, якія затым асьвяцілі ўсе памяшканьні Белага дому. Мэланія пераехала ў Белы дом толькі ў чэрвені, паводле афіцыйнай вэрсіі — для таго, каб даць магчымасьць сыну без перашкод скончыць навучальны год.

Пол Бэглі адмаўляецца назваць сваю крыніцу. Стэфані Грышэм кажа, што ў гэтай гісторыі «няма нічога падобнага на праўду». Сур’ёзныя выданьні не палічылі патрэбным камэнтаваць гэтае глупства. Аднак даводзіцца прызнаць, што глебу для такіх мудрагелістых здагадак стварае празьмерная закрытасьць першай лэдзі, яе нелюбоў да публічнасьці, некалькі дзіўная для былой мадэлі. Амэрыканцы не прывыклі да такога. Іх цікавасьць вытлумачальная: вобраз першай лэдзі — шмат у чым ключ да разуменьня першай асобы.

Дональд і Мэланія пазнаёміліся ў верасьні 1998 году на вечарыне з нагоды тыдня высокай моды ў Нью-Ёрку. Вось як яны самі расказвалі пра гэта Лары Кінгу ў траўні 2005-га.

Дональд Трамп: У мяне проста зьнесла дах. Мяне зьбіраліся пазнаёміць з другой — з супэрмадэльлю, якая сядзела побач з Мэланіяй. Мне кажуць: глядзіце, вунь яна. А я кажу: забудзьцеся пра яе. Хто зьлева ад яе? І гэта была Мэланія.

Лары Кінг: Ён вам адразу спадабаўся?

Мэланія Трамп: У нас адразу ўзьнікла наймоцная ўзаемная цяга. Мы выдатна правялі час. Сталі гаварыць. І ведаеце, адразу штосьці адбылося.

Лары Кінг: Сватаўство зацягнулася.

Мэланія Трамп: Зацягнулася.

Лары Кінг: Чаму?

Мэланія Трамп: Ну, ведаеце, мы проста выдатна праводзілі час. І ня думалі пра гэта...

Калі яны пазнаёміліся, ёй было 28, яму — 52 гады. Пажаніліся праз шэсьць зь лішнім гадоў. Гасьцямі на вясельных урачыстасьцях у фларыдзкім маёнтку Трампа Мар-а-Лага былі Біл і Гілары Клінтан. Праз год і тры месяцы пасьля заключэньня шлюбу ў Трампаў нарадзіўся першы і пакуль адзіны сын Бэран.

Мэланія Трамп прымала сьціплы ўдзел у выбарчай кампаніі мужа. Яе першым значным зьяўленьнем на публіцы стала выступленьне на нацыянальным зьезьдзе Рэспубліканскай партыі ў ліпені 2016 году. Яе, аднак, падвялі спічрайтэры: апынулася, што цэлыя абзацы прамовы сьпісаныя з тэксту выступу Мішэль Абамы на зьезьдзе дэмакратаў у 2008 годзе.

Менш чым за месяц да выбараў Мэланію чакала новае выпрабаваньне: 7 кастрычніка 2016 году Washington Post апублікавала запіс непрыстойнага маналёгу Дональда Трампа, які ў прыватнай гутарцы зь вядучым забаўляльнай тэлеперадачы Access Hollywood Білі Бушам разважае, відавочна на аснове ўласнага вопыту, аб даступнасьці жанчын для таго, хто багаты і знакаміты. Кандыдат Трамп тады заявіў, што гэта ня больш як «балбатня ў мужчынскай распранальні». Мэланіі Трамп упершыню прыйшлося вытрымаць націск журналістаў.

CNN, праграма Андэрсана Купера «360º».

Андэрсан Купер: Калі ваш муж абвясьціў, што пачынае прэзыдэнцкую кампанію, ці прыходзіла вам у галаву, што можа здарыцца нешта падобнае, што вам прыйдзецца сядзець тут і абараняць яго ад абвінавачваньняў?

Мэланія Трамп: Пра гэта ніколі ня думаеш, але мяне гэта не зьдзіўляе, таму што ёсьць шмат людзей, хто супраць майго мужа і таго, каб ён абіраўся ў прэзыдэнты. Так што тут няма нічога нечаканага для мяне.

Андэрсан Купер: Мяне цікавіць, што вы падумалі, калі ўпершыню пачулі гэты запіс?

Мэланія Трамп: Я сказала мужу, што ён выказваецца непрыстойна, што гэта непрымальна, і я была зьдзіўленая, таму што гэта ня той мужчына, якога я ведаю.

Першыя чуткі, што ня ўсё так гладка ў першым сямействе, паўсталі ўжо на цырымоніі інаўгурацыі. На наступны дзень у Вашынгтоне адбыўся шматлюдны антытрампаўскі «Марш жанчын». Сярод плякатаў быў і такі: «Мэланія, калі табе патрэбна дапамога, міргні двойчы».

І толькі праз год у часопісе New York зьявіўся ўрывак з кнігі Майкла Вулфа «Агонь і лютасьць. Белы дом Трампа знутры», які сьцьвярджае, што, даведаўшыся пра перамогу на выбарах мужа, Мелані плакала — «і гэта былі ня сьлёзы шчасьця».

Новым знакам сямейных праблемаў стаў відэазапіс сустрэчы Дональда і Мэланіі Трамп ў ізраільскім аэрапорце імя Бэн-Гурыён у траўні 2017 году. На запісы відаць, што прэзыдэнт спрабуе ўзяць першую лэдзі за руку і што яна яго руку адштурхвае.

Назіральнікі зьвярнулі ўвагу на тое, што першая лэдзі не зьяўлялася на публіцы разам з прэзыдэнтам пасьля 12 студзеня, калі газэта Wall Street Journal паведаміла аб меркаванай інтымнай сувязі Дональда Трампа з порназоркай Сторм Дэніэлс за лічаныя тыдні да нараджэньня Бэрона Трампа і пра тое, што Дэніэлс выплачана за маўчаньне 130 тысяч даляраў. 15 студзеня яна паехала з мужам у Мар-а-Лага, аднак не зьяўлялася на абедах з гасьцямі прэзыдэнта.

20 студзеня з нагоды гадавіны ўступленьня Дональда Трампа на пасаду прэзыдэнта Мелані разьмясьціла ў Твітэры сваё фота пад руку ня з мужам, а з ваенным, які суправаджаў яе на інаўгурацыі.

Праз два дні была 13-ая гадавіна іх шлюбу, але першая лэдзі не палічыла патрэбным адзначыць гэты факт у Твітэры, і нікому не вядома, ці сьвяткавалі яны гэты юбілей. Яшчэ праз тры дні Мэланія не паехала з мужам, як плянавалася, на Сусьветны эканамічны форум у Давос.

І нарэшце, 30 студзеня яна падала новую нагоду для пляткарства. У гэты дзень прэзыдэнт Трамп выступаў у Кангрэсе са штогадовым пасланьнем «Аб становішчы ў краіне». Насуперак традыцыі першая лэдзі прыбыла на мерапрыемства асобна ад мужа і паўстала перад публікай у белым касьцюме, які глядзеўся асабліва ярка на фоне чорных касьцюмаў членаў Кангрэса, і з шырокай усьмешкай на твары.

Усьмешка ўразіла асабліва — усё ўжо прывыклі да «каменнага» выразу твару Мэланіі. Фэшн-аглядальнік New York Times Ванэса Фрыдман адразу збудавала тэорыю: нарад першай лэдзі — палітычны маніфэст. Перш за ўсё, белы — гэта колер суфражыстак і сучасных фэміністак. Менавіта ў белым выйшлі на сцэну артысткі на апошняй цырымоніі ўзнагароджаньня прэміяй Grammy, выказваючы салідарнасьць з рухам супраць сэксуальных дамаганьняў MeToo. Пра гэта ж, на думку аглядальніка NYT, сьведчыць выбар фірмы Christian Dior: яе галоўны дызайнэр Марыя Грацыя Кьюры — вядомая фэміністка. Фрыдман угледзела таксама ў касьцюме першай лэдзі намёк на Гілары Клінтан, якая часта зьяўлялася ў ходзе прэзыдэнцкай кампаніі ў падобным касьцюме.

У гісторыі ЗША яшчэ не было выпадку, каб першая лэдзі ляснула дзьвярыма Белага дому, хоць выпадкі шлюбнай нявернасьці прэзыдэнта, не такая ўжо рэдкасьць. Сямейныя сваркі — ні ў якай меры не паказчык няздольнасьці прэзыдэнта як кіраўніка выканаўчай улады і лідэра нацыі. Але і ў яго перавагі амэрыканцы гэты факт запісваць ня схільныя. У тым, што Дональд Трамп быў няверны жонцы, упэўненыя 56 адсоткаў амэрыканцаў. І ім гэта не падабаецца. Паводле нядаўняга апытаньня, рэйтынг першай лэдзі складае 47 працэнтаў — на сем працэнтных пунктаў вышэй, чым рэйтынг прэзыдэнта.

Арыгінал публікацыі на сайце рускай Свабоды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG