Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Трампа заявіў, што выплаціў порнаакторцы 130 тысяч даляраў з асабістых сродкаў


Стэфані Кліфард
Стэфані Кліфард

Паводле адваката, выплата была зробленая ў рамках пагадненьня аб невыдаваньні.

Асабісты адвакат Дональда Трампа Майкл Коэн расказаў, што заплаціў 130 тысяч даляраў са сваіх асабістых сродкаў порнаакторцы, якая некалі сьцьвярджала, што ў яе была сэксуальная сувязь з Трампам каля 12 гадоў таму, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Па словах Коэна, ён выплаціў гэтую суму Стэфані Кліфард, вядомай пад псэўданімам Сторм Дэніелс, перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2016 году, у рамках пагадненьня аб невыдаваньні.

«У рамках прыватнай транзакцыі ў 2016 годзе я выкарыстаў свае асабістыя сродкі, каб выплаціць 130 тысяч даляраў Стэфані Кліфард», — гаворыцца ў заяве Коэна.

Коэн таксама ўдакладніў, што ні кампанія Трампа Trump Organization, ні ягоны перадвыбарчы штаб у транзакцыі ня ўдзельнічалі. Ён дадаў, што не атрымаў кампэнсацыі за выплату, «ні прамым, ні ўскосным чынам».

Коэн, які працаваў адвакатам Трампа больш за дзесяць гадоў, даў зразумець, што па-ранейшаму мае цьвёрды намер абараняць інтарэсы свайго кліента.

«Тое, што нейкія сьцьвярджэньні лжывыя, ня значыць, што яны ня могуць вам нашкодзіць. Я заўсёды буду абараняць спадара Трампа», — заявіў ён.

Коэн не ўдакладніў, ці ведаў Трамп пра гэтую выплату і чаму ён вырашыў яе ажыцьцявіць. Раней Коэн адмаўляў, што ў Трампа быў раман з Кліфард.

У студзені газэта Wall Street Journal паведаміла, што ў кастрычніку 2016 году Кліфард заплацілі за невыдаваньне інфармацыі аб меркаванай сувязі з Трампам.

Пазьней у студзені часопіс In Touch апублікаваў запісанае ў 2011 годзе інтэрвію з Кліфард, у якім яна сьцьвярджала, што ўступала ў сэксуальную сувязь з Трампам у Нэвадзе, неўзабаве пасьля таго, як трэцяя жонка прэзыдэнта Мэланія нарадзіла іх сына Бэрана.

У канцы студзеня зьявілася заява, якая была прыпісаная Дэніелс, пра тое, што ніякай сувязі не было. Аднак у тэлеінтэрвію ў той жа дзень яна заявіла, што ня ведае, хто апублікаваў гэта, і што подпіс пад заявай не падобны на яе ўласны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG