Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каралева біятлёну, хаосу і яе каханьне», — нямецкае выданьне Sportschau пра Дар’ю Домрачаву


Дар'я Домрачава на фінішы алімпійскай эстафэты 4 на 6 кілямэтраў, у якой беларуская каманда заваявала залаты мэдаль
Дар'я Домрачава на фінішы алімпійскай эстафэты 4 на 6 кілямэтраў, у якой беларуская каманда заваявала залаты мэдаль

Вядучыя эўрапейскія спартовыя выданьні пішуць пра «самую пасьпяховую ў гісторыю Алімпійскіх гульняў біятляністку», чатырохкратную чэмпіёнку Дар’ю Домрачаву.

У шэрагу рэпартажаў з Пхёнчхану зьмешчаныя фоты, на якіх Дар’ю пасьля яе фінішу абдымае той, каго ў спартовым сьвеце клічуць «манархам біятлёну» — васьмікратны алімпійскі чэмпіён і муж Домрачавай Уле-Эйнар Б’ёрндален.

Нямецкае выданьне Sportschau разам са здымкамі апублікавала артыкул пра вельмі папулярную ў гэтай ды многіх іншых краінах сьвету беларуску, пра спартовыя ўзьлёты і падзеньні алімпійскай чэмпіёнкі, пра яе крыху хаатычную натуру, а таксама пра ўзаемнае каханьне «чэмпіёнаў» і вялікія сымпатыі да беларуска-нарвэскай сям’і з боку заўзятараў.

Дар’я Домрачава, Сяргей Шчурко, Уле Эйнар Б’ёрндален
Дар’я Домрачава, Сяргей Шчурко, Уле Эйнар Б’ёрндален

«Зь перамогай беларускай жаночай зборнай па біятлёне ў эстафэце Дар’я Домрачава атрымала тытул самай пасьпяховай біятляністкі ў алімпійскай гісторыі, — піша Sportschau. — Яшчэ гэта сапраўдная каралева хаосу, а яе шчасьлівае каханьне, якое так нашумела ў свой час, сёньня па-ранейшаму абмяркоўваюць.

Калі Дар’я Домрачава зь яе прыгожымі доўгімі разьвеянымі валасамі перасякала чырвоную фінішную лінію, гэта выглядала нейкай фантастычнай перамогай. Яна была заключнай у эстафэце пасьля пакінутага яе калегамі Надзеяй Скардзінай, Ірынай Крыўко, Дзінарай Алімбекавай добрага зачыну». Як адзначаюць журналісты, шанцы Домрачавай на тое, што падчас апошняй стральбы яна пацэліць трыма запаснымі патронамі ў тры нераскрытыя мішэні, былі вельмі малымі. Аднак гэта ёй удалося, і гэта стала вяршыняй яе спартовага прафэсіяналізму.

Падчас заключнага этапу, калі спартоўка фінішавала зь дзяржаўным сьцягам, палотнішча саскочыла з флагштока. Гэта пасьпелі зафіксаваць фотажурналісты.

«Для нас чацьвярых гэты момант стаў нейкім неверагодным, вядома, было б добра, калі б сьцяг застаўся на сваім месцы». — з усьмешкай патлумачыла потым сытуацыю 31-гадовая алімпійская чэмпіёнка.

Першым, хто павіншаваў беларускіх спартовак зь перамогай, быў нарвэжац, твар якога быў схаваны капелюшам ды шалікам. Але, нягледзячы на маскаваньне, заўзятары пазналі яго адразу — гэта быў Уле-Эйнар Б’ёрндален, самы тытулаваны біятляніст у сьвеце.

Беларускія біятляністкі на алімпійскім пʼедэстале
Беларускія біятляністкі на алімпійскім пʼедэстале

Гэтым разам ён ужо ня ўдзельнічаў у Гульнях, аднак акрэдытацыю атрымаў як суправаджальнік беларускай жаночай зборнай. Па сутнасьці, гэта было амаль так, бо ўжо два гады як Б’ёрндален ёсьць мужам «нашай Дашы» («Nascha Dascha»), як яе завуць на радзіме ў Беларусі.

Гісторыя іх каханьня некалькі гадоў таму ўскалыхнула ўвесь біятлённы сьвет, як спартовы, так і заўзятарскі. У сацсетках па-ранейшаму абмяркоўваюць Love Story гэтай пары, яшчэ зусім нядаўна пісалі пра нараджэньне іхняй дачкі Ксеніі, з указаньнем вагі і росту, цяпер пра тое, як яна гадуецца; зьмяшчаюцца розныя сямейныя фоты пары, таксама рэклямныя зь іх удзелам, напрыклад, з вучэбнага роліку «Біятлён для пачаткоўцаў», у якім пара тлумачыць фундамэнтальныя правілы свайго спорту.

На сваім спартовым шляху Домрачава зьведала і ўздымы, і падзеньні. Шлях да выдатнай кар’еры ў біятлёне — чатыры залатыя мэдалі, па адной срэбранай і бронзавай — ніколі ня быў простым. Часам яна выглядала хаатычнай і, як гэта ўпершыню здарылася на Кубку сьвету ў Абэргофе, замест таго, каб страляць лёжачы, страляла стоячы. Усё гэта нярэдка выклікала разгубленасьць у яе мэнтара і трэнэра Кляўса Зыбэрта, які памёр у 2016 годзе ад раку, — піша Sportschau.

Дар'я Домрачава
Дар'я Домрачава

Выйграўшы ў 2015 годзе свой першы чэмпіянат сьвету, Дар’я Домрачава цалкам прапусьціла наступны сэзон, бо захварэла на монануклеёз. Потым, у 2017-м, настаў перапынак у трэнаваньні ў сувязі з нараджэньнем дачкі. І толькі тры месяцы таму Домрачава вярнулася ў біятлён. На Алімпіядзе-2018 беларуска мелася ўдзельнічаць разам з сваім мужам, для якога гэтыя гульні маглі б стаць сёмымі. Аднак з прычыны невысокіх вынікаў у сэзоне 44-гадовы Б’ёрндален ня быў уключаны ў нацыянальную алімпійскую зборную.

Але нарвэжац усё ж трапіў у Пхёнчхан. Падчас выступу беларускіх біятляністак ён быў на трассе і гэта, як адзначыла Домрачава на прэсавай канфэрэнцыі, стала для яе шчасьлівым знакам.

«Дзень, калі я выбрала біятлён, быў добрым днём», — кажа чатырохкратная алімпійская чэмпіёнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG