Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Польшчы Варанецкага абурае гераізацыя забойцаў, а ў Беларусі — не


Валеры Варанецкі
Валеры Варанецкі

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Валеры Варанецкі абураны намерам польскіх нацыяналістаў правесьці праварадыкальны марш у польскай Гайнаўцы.

Падчас шэсьця ў гонар польскіх антыкамуністычных падпольшчыкаў удзельнікі нясуць выявы Рамуальда Райса «Бурага», якога беларусы і Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы абвінавачваюць у забойствах мірнага беларускага насельніцтва.

— Спадар Валеры, гэта ваша прыватная пазыцыя, ці пазыцыя ўсёй Палаты прадстаўнікоў?

— Гэта пазыцыя з улікам той інфармацыі зь якой мы азнаёміліся ў Фэйсбуку, на адпаведнай нацыяналістычнай старонцы Гайнаўкі. Сярод дэпутатаў гэтая тэма абмяркоўваецца і выклікае непакой. Мы не разумеем, чаму так адбываецца.

— А вы ведаеце, што гэта адбываецца не ўпершыню?

— Мы за гэтым сочым. Калі не памыляюся, то гэта трэцяя акцыя. Яны ўжо сталі нават рэгулярнымі. Мы разумеем, што польская дзяржава да гэтага ня мае дачыненьня. Але мне здаецца, што парлямэнтарыі, нашыя калегі, само нашае грамадзтва, павінна сказаць сваё слова. Адбываецца нешта незразумелае. З аднаго боку прымаюцца гучныя законы (закон пра крымінальны перасьлед за прапаганду так званай бандэраўскай ідэалёгіі — РС), а зь іншага ў самой Польшчы што мы бачым. Гэта дрэнна ўплывае на адносіны паміж палякамі і беларусамі, праваслаўнымі і каталікамі. І гэта адбіваецца на двухбаковых стасунках.

— Спадар Валеры, а вы ведаеце, што ў мінулым годзе польскую парлямэнцкую дэлегацыю ў Менску некалькі разоў узначальваў польскі нацыяналіст Адам Андрушкевіч, былы лідэр арганізацыі «Усяпольская моладзь». Ён браў удзел у гэтым маршы і пасьля зрабіў здымак на фоне дому нашчадкаў ахвяраў разьні. Нават польская прэса яго крытыкавала. Можа б вы хацелі паразмаўляць зь ім на гэтую тэму?

— Наколькі я ведаю, то гэтая тэма абмяркоўвалася. Ня толькі калі ён прыяжджаў, але і ў Польшчы. Наколькі я ведаю, то ён дыстанцуецца ад усяго гэтага і тлумачыў, што гэта была выпадковасьць. Я спадзяюся, што мы зможам пабачыць яго рэакцыю і тое, як дэпутаты, чальцы сяброўскай групы паміж нашымі парлямэнтамі, адрэагуюць на гэтую справу. Важна прыцягнуць увагу польскай і беларускай, міжнароднай грамадзкасьці да таго, што гэта не адпавядае сёньняшняму стану адносінаў паміж краінамі.

— Але ў самой Беларусі можна сустрэць помнікі і людзей, якія ўшаноўваюць адказных за забойствы мірных беларусаў. У прыватнасьці, некаторыя партызанскія атрады ўдзельнічалі ў такіх акцыях, дзе сіла была абсалютна неабгрунтаваная. З аднаго боку беларусы крытыкуюць палякаў, а ў саміх у краіне тое самае. То бок ушаноўваюцца людзі, якія не павінны ўшаноўвацца.

— Я ня ведаю такіх фактаў, каб беларусы, грамадзяне, ушаноўвалі тых, хто жорстка абыходзіўся з палякамі.

— Ды нават з самымі беларусамі.

— Я думаю, што вам дзяды расказвалі, што і як адбывалася. Беларусы — народ талерантны. Калі ўзяць і Ракаў, і Івянец, і іншыя нашыя мястэчкі, то там стаяла і праваслаўная сьвятыня, і каталіцкая, і сынагога, і мячэць. Я ня думаю, што ў нас была такая нецярпімасьць. Можа і былі недзе сутычкі, але я ня ведаю пра які час вы кажаце.

— Пра ІІ сусьветную вайну...

— У нас у Беларусі зьмешаныя сем’і, паміж каталікамі і праваслаўнымі. Тут проста не магло быць сыстэмных і глыбокіх канфліктаў ці супрацьстаяньняў. Я нават ня ведаю прычын, якія маглі б прывесьці да гэтага. Іншая справа, што адбываліся канфлікты на аснове «клясавых адносінаў», як нас некалі вучылі. Варожасьць бедных людзей да паноў, яна магла неяк праяўляцца. Але гэтымі панамі былі неабавязкова палякі. Можна ўспомніць Рамана Скірмунта, літвіна, беларуса, як заўгодна... Вядома, што сталася зь ім і ягоным маёнткам. Гэта магло быць варожае стаўленьне сялян да пана, але гэта не было сыстэмным.

Адзін з кіраўнікоў Палаты прадстаўнікоў назваў цынізмам марш у Гайнаўцы, дзе гераізуюць забойцу беларусаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG