Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Беларусі праходзілі «мясцовыя» выбары. Усё самае важнае

18 лютага ў Беларусі праходзяць выбары ў 1309 мясцовых саветаў дэпутатаў па 18 111 выбарчых акругах. Кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў зарэгістраваныя 22 278 чалавек. Зь іх: 14 886 вылучаліся шляхам збору подпісаў, 5 340 — працоўнымі калектывамі, 699 — палітычнымі партыямі. Апазыцыйныя партыі вылучылі сёлета 219 чалавек — амаль на 100 кандыдатаў меней, чым у 2014 годзе. 174 зь іх дапусьцілі да выбараў.

З усіх апазыцыйных партый толькі 26 чалавек трапілі ва ўчастковыя камісіі — менавіта яны лічаць галасы. Для параўнаньня, ад адной толькі праўладнай Партыі працы і справядлівасьці — болей за тысячу чалавек.

Апазыцыйныя актывісты ня раз называлі сёлетнюю выбарчую кампанію «самай сумнай» у гісторыі.

Асноўны дзень галасаваньня па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў — 18 лютага. Выбарчыя ўчасткі адкрыюцца ў 8.00 і будуць працаваць да 20.00. У сьпісы для галасаваньня ўключаныя 6 929 525 выбарнікаў.

Паводле ЦВК, у датэрміновым галасаваньні узялі ўдзел 34,95% выбарнікаў, і гэта новы рэкорд датэрміновага галасаваньня на мясцовых выбарах. На выбарах у сакавіку 2014 году датэрмінова прагаласавалі 32,04% выбарнікаў, у 2010 годзе — 29,3%, у 2007— 24,9%.

15:15 18.2.2018

Ярмошына: «Каруселі на мясцовых выбарах гэта трызьненьне»

Лідзія Ярмошына заявіла 18 лютага, што зьвесткі пра магчымасьць аднаму чалавеку прагаласаваць адразу на некалькіх выбарчых участках хлусьлівыя. Яна апісала нейкае відэа, на якім мужчына «у адным месцы прад’явіў дамову аб найме жылога памяшканьня, а ў другім склаў сьлязьлівую казку пра тое, што ён бедны студэнт, які страціў усе дакумэнты, альбо іх мама захоўвае» — і яму дазволілі прагаласаваць двойчы.

Раней у сеціве шырока абмяркоўваліся чуткі аб тым, што калі ў пашпарце пад пячаткай аб месцы рэгістрацыі алоўкам падпісаць «000-179», то камісіі дазволяць галасаваць аднаму і таму ж чалавеку галасаваць некалькі раз на розных участках. Актывіст грамадзкага руху «Дзея»​ Дзяніс Краўчук вырашыў праверыць чуткі — код сапраўды «спрацаваў». Але на ягоным відэа не чуваць згаданых Ярмошынай «казак».

15:19 18.2.2018

«Экадом» назірае бяз сораму. Надпіс на касьцюме: «Спынім кола Сансары». Здымаць відэа забаранялі.

15:30 18.2.2018

«Зьневажаў камісію пагрозамі аб крымінальнай адказнасьці». Назіральніка ад АГП выдалілі з участку ў Магілёве​

У Магілёве з выбарчага ўчастку № 152 выдалены назіральнік кандыдата на дэпутацтва ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімера Шанцава — Юры Дарашэнка. Па словах актывіста, афіцыйная прычына — «перашкоды працы камісіі».

Дарашэнка настойвае, што не перашкаджаў працаваць участковай камісіі, а толькі рэагаваў на парушэньні зь яе боку пісьмовымі заўвагамі, прапановамі па паляпшэньні працы і скаргамі. Усяго іх падаў больш за два дзясяткі. У іх ён паведамляў, што за кожнае парушэньне Выбарчага кодэксу прадугледжаная адказнасьць.

«Мае звароты былі патлумачаныя як перашкода. Нібыта я зьневажаў чальцоў камісіі пагрозамі пра крымінальную адказнасьць», — кажа Дарашэнка.

Ён дадаў, што за пяць дзён адтэрмінаванага галасаваньня на ўчастак прыйшлі, паводле ягоных падлікаў, 71 чалавек, а паводле зьвестак камісіі — 473.

17 лютага былі выдаленыя з участкаў яшчэ двое назіральнікаў Уладзімера Шанцава — Уладзімер Грышанаў і Аляксандар Царук. Яны таксама нібыта «перашкаджалі працы камісіі».

16:07 18.2.2018

Партыя БНФ і арганізацыя БНФ «Адраджэньне» гэта сапраўды розныя структуры, хай і з агульнымі каранямі ў мінулым.

16:07 18.2.2018

16:43 18.2.2018

Папярэдніх вынікаў сёньня ня будзе

Як піша БЕЛТА, намесьнік старшыні ЦВК Вадзім Іпатаў заявіў, што першыя папярэднія вынікі галасаваньня стануць вядомыя толькі зранку 19 лютага, бо першыя зьвесткі пра падлічаныя галасы толькі пачнуць паступаць пасьля 12 ночы.

Асноўныя і канчатковыя вынікі ЦВК мае разглядзець не пазьней за 23 лютага.

16:46 18.2.2018

ЦВК: Яўка на 16:00 — амаль дзьве траціны

Паводле зьвестак ЦВК, яўка на мясцовыя выбары на 16:00 склала па Беларусі 63,66% выбарцаў. Найменшай яўка была ў Менску (53,93%), найбольшай — у Віцебскай вобласьці (69,69%). Незалежныя назіральнікі неаднаразова заяўлялі аб завышэньні яўкі.

Агулам у сьпісах для галасаваньня ў 2018 годзе — 6 929 525 выбарцаў пры больш як 22 тысячы кандыдатаў на больш як 18 тысяч мандатаў. Агульная яўка на мясцовых выбарах 2014 году склала, паводле зьвестак ЦВК, 77,27%. У 2010 годзе «афіцыйная» яўка склала 79,1%, у 2007 годзе — 79,2%.

16:57 18.2.2018

Відэакамэры гэта страшна, выбарцы пужаюцца!

17:10 18.2.2018

12 гісторый пра тое, чаму беларусы (не) галасуюць на гэтых выбарах

Свабода пагутарыла зь людзьмі па ўсёй Беларусі і выслухала асабістыя гісторыі пра тое, чаму яны галасуюць ці чаму ігнаруюць гэтыя выбары. Ад «каб супрацьстаяць непрадуманаму гаспадараньню» і «каб вырашыць лякальную праблему» да «настойліва параілі».

18:14 18.2.2018

Незразумелае слова «мусіце»

18:20 18.2.2018

Выбары, сьпявак і слухач

18:42 18.2.2018

Ромбакубаактаэдар кліча!

Макет менскай Нацыянальнай бібліятэкі ў гомельскім сквэры інфармуе пра выбары ў дзень асноўнага галасаваньня
Макет менскай Нацыянальнай бібліятэкі ў гомельскім сквэры інфармуе пра выбары ў дзень асноўнага галасаваньня

18:47 18.2.2018

ЦВК: Ёсьць 70% яўкі

Паводле зьвестак ЦВК, яўка на мясцовыя выбары на 18:00 склала па Беларусі 70,54% выбарцаў. Найменшай яўка была ў Менску (58,2%), найбольшай — у Віцебскай вобласьці (77,29%). Незалежныя назіральнікі неаднаразова заяўлялі аб завышэньні яўкі.

Агулам у сьпісах для галасаваньня ў 2018 годзе — 6 929 525 выбарцаў пры больш як 22 тысячы кандыдатаў на больш як 18 тысяч мандатаў. Агульная яўка на мясцовых выбарах 2014 году склала, паводле зьвестак ЦВК, 77,27%. У 2010 годзе «афіцыйная» яўка склала 79,1%, у 2007 годзе — 79,2%.

18:56 18.2.2018

«„Прадаю талент“ у дзень выбараў, каб выжываць»

Гамяльчук у гадах, які назваўся Мікалаем, на выбары не пайшоў. Іграў на Прывакзальнай плошчы на гармоніку.

«„Прадаю талент“ у дзень выбараў, каб выжываць. На выбары не хадзіў. А каго выбіраць, калі на плошчах зьбіваюць людзей? Трэба законы пісаць з чыстага аркуша. У нас улада неадэкватная. Яна бяз нас вырашыла, хто будзе дэпутатам. Разумных і прынцыповых людзей і ў мясцовыя саветы не дапусьцяць», — кажа гарманіст Мікалай.

19:05 18.2.2018

Выбары прыходзяць без запрашэньня

Як сьцьвярджае кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары», у Воршы колькасьць тых, хто галасаваў дома, вельмі адрозьніваецца ў залежнасьці ад таго, ці быў з брыгадай незалежны назіральнік. Брыгада з назіральнікам атрымала толькі 14 запоўненых бюлетэняў са 100 («людзі або не адчынялі дзьверы, або адмаўляліся галасаваць»), брыгада без назіральнікаў «атрымала 200 бюлетэняў, праз тры гадзіны вярнулася з поўнаю скрыняю».

У сьпісах некаторых УВК колькасьць выбаршчыкаў, якія прагаласавалі дома, удвая перавышае колькасьць тых, хто прыйшоў галасаваць на ўчастак. На ўчастак №8, паводле падлікаў назіральніка, прыйшло 130 выбаршчыкаў, затое ў сьпісах для галасаваньня дома ўжо было запісана 265. Зь іншага аршанскага ўчастку – №16 – выдалілі назіральніка ад АГП Міхаіла Чэмураку.

«Па-першае, ён не павітаўся, калі зьявіўся на ўчастак, а па-другое, калі ішоў да старшыні камісіі, каб спытаць, чаму яго не хочуць зноў узяць на галасаваньне па месцы жыхарства, то прайшоў каля скрыняў для галасаваньня», – гаворыцца на сайце кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Пра «незапрошаныя выбары» паведамляюць ня толькі з Воршы. Напрыклад, віцебскі блогер Аляксей Андраянаў піша:

19:54 18.2.2018

Падлік галасоў на ўчастку, дзе спрацавала «схема 000-179»

Участак разьмешчаны ў 201-й менскай школе. Пасьля публікацыі гісторыі з галасаваньнем Краўчука назіральнікі, якія сачылі тут за ходам галасаваньня, сутыкнуліся зь ціскам сяброў камісіі.

Лідзія Ярмошына прызнала факт парушэньня выбарчага заканадаўства, аднак заявіла, што аўтар відэа (меркавана, гаворка пра Краўчука, але некаторыя агучаныя Ярмошынай дэталі не супадаюць з тым, што было на відэа) мэтанакіравана ўвёў сяброў камісіі ў зман.

20:59 18.2.2018

Клімавіцкі раён ідзе на рэкорд. Прагаласавала болей за 80%

У Клімавіцкім раёне, што на ўсходзе Магілёўшчыны, яўка на выбарах склала больш за 80%, паведаміла тамтэйшая газэта «Родная ніва». Газэта падае зьвесткі на 18 гадзіну, але не спасылаецца на нейкую крыніцу.

Прадстаўнікі апазыцыі ў раёне не вылучаюцца. У райсавет хочуць трапіць 69 кандыдатаў. Трое з іх прадстаўляюць КПБ, астатнія беспартыйныя. Усе акругі маюць па два і болей прэтэндэнтаў.

Выніковых лічбаў пра яўку па ўсёй Беларусі пакуль не публікавалася.

21:01 18.2.2018

Выйшла замуж — пастарэла на год. Застаўся незамужні клон

21:07 18.2.2018

Абышоў — выходзь

На ўчастку № 105 Альшанскай акругі ў Горадні выдалілі назіральніка Сяргея Верамеенку, які прадстаўляе кандыдата ў дэпутаты ад АГП Яўгена Дудкіна.

Паводле Верамеенкі, напачатку падліку галасоў назіральнік «праўладнага» кандыдата перашкаджаў яму глядзець за падлікам галасоў і ён папросту абышоў яго, каб стаяць убаку.

Старшыня выбарчай камісіі, паводле Верамеенкі, палічыла гэта парушэньнем парадку і заявіла, што нібыта ён рвецца да стала, дзе вядзецца падлік галасоў і гэтым самым парушае парадак. Верамеенку вывелі з залі для галасаваньня двое міліцыянтаў.

Ён намераны пісаць скаргу.

21:24 18.2.2018

«Электаральная чарка». Адной карцінкай

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG