Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 гісторый пра тое, чаму беларусы (не) галасуюць на гэтых выбарах


На выбарчым участку ў Дзяржынску

18 лютага ў Беларусі праходзяць выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў. Свабода пагутарыла зь людзьмі па ўсёй Беларусі і выслухала асабістыя гісторыі пра тое, чаму яны галасуюць ці чаму ігнаруюць гэтыя выбары.

1. «Мы маем сваіх дэпутатаў, каб супрацьстаяць непрадуманаму гаспадараньню»

Іван Вайтовіч, пасёлак Вопытны (Менская вобласьць):

«Я прыйшоў на выбары ў асноўны дзень галасаваньня. Гэта прынцыповая ўмова, і таксама вельмі важна, каб гэта адбывалася ў прысутнасьці назіральнікаў.

Я тут жыву ў Вопытным дваццаць гадоў — я прырос душой і сэрцам да гэтага месца і людзей. Мяне дзівіць, што ўлада глядзіць на Бараўляны як на месца, дзе можна пасяліць яшчэ некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Не зважаючы на тое, што тут разьмешчаныя буйныя мэдычныя ўстановы, якія абслугоўваюць усю Беларусь. Ня кажучы пра тое, што тут ужо дастаткова камэрцыйнай жылой забудовы, што сацыяльныя аб’екты перагружаныя ў некалькі разоў.

Мы спрабуем супрацьстаяць непрадуманаму гаспадараньню. Да прыкладу, пад забудову высякаецца лес, не зважаючы на тое, што побач ёсьць вольныя абсягі палёў. Грамадзкія актывісты нашага пасёлку Вопытнага і Бараўлянаў ідуць кандыдатамі ў дэпутаты — і мы спадзяёмся, што нашы прадстаўнікі ў мясцовых органах улады будуць займацца вырашэньнем гэтых вострых сацыяльных пытаньняў. І нават калі гэтага ня здарыцца, мы не пакінем змагацца за нашае права на годнае жыцьцё».

2. «Бо дэпутаты нічога ня могуць»

Старшыня ЦВК Ярмошына назвала ўльтыматум выбарцаў «сацыяльным шантажам»
Старшыня ЦВК Ярмошына назвала ўльтыматум выбарцаў «сацыяльным шантажам»

​Міхаіл Малаш, Менск:

«Я асабіста занёс Ярмошынай у ЦВК заяву, якую падпісалі 370 чалавек, у тым ліку і жыхары вуліцы Вільямса, што мы ня пойдзем галасаваць. Бо ня бачым ніякага сэнсу ў дэпутатах — яны што ёсьць, што іх няма. У нас цалкам зьбіраюцца зносіць прыватны сэктар, каб будаваць шматфункцыянальны комплекс „Менск-Мір“. І не тлумачаць, чаму нас ня могуць пакінуць, хоць мы займаем 1,8% ад агульнай плошчы забудовы. А тым, хто хоча пераехаць, ня могуць выплаціць нармальную кампэнсацыю.

Мы гатовыя выканаць любыя патрабаваньні, каб нас пакінулі ў якасьці сядзібнай забудовы. Усяго каля 50 дамоў хочуць зьнесьці. Зь іх 27 гаспадароў катэгарычна хочуць застацца. Усё гэта цягнецца тры гады. Дэпутаты нічога ня могуць, усё вырашае гарвыканкам».

3. «Праблемы простых людзей дэпутатам ня бачныя»

Завод сульфатнай беленай цэлюлёзы ў Сьветлагорску
Завод сульфатнай беленай цэлюлёзы ў Сьветлагорску

Людміла Іванаўна, Якімава Слабада (Гомельская вобласьць):

«У нас пабудавалі завод сульфатнай беленай цэлюлёзы, які выкідае смурод у паветра. У сьнежні мы тут ледзь не акачурыліся, была такая страшэнная канцэнтрацыя смуроду, усё, што вылятала, тут асядала і ападала. У доме немагчыма было знаходзіцца. А калі выходзілі на вуліцу — хоць на сьцяну лезь і сарочку на сабе рві, бо хацелася глыток кіслароду. Адчуваньне было такое, што нібыта ў лёгкія паступае пратухлы кісель. Мы тады пратэставалі. Цяпер нібыта спынілі завод. Але пакуль няясна, калі пытаньне зь ім вырашыцца.

Мы да дэпутатаў нават не зьвярталіся. Ні веры, ні даверу іх абяцаньням няма, бо спачатку ўсе прыгожа гавораць, а потым забываюцца. Яны сабе, а мы сабе. Нібыта ў паралельны сьвет трапілі, і праблемы простых людзей, як і нашы ў Якімавай Слабадзе, ім з вышыні ня бачныя. Таму галасаваць ня буду».

4. «Дэпутаты і мясцовая ўлада нічога не вырашаюць»

Студзеньскі сход супраць пабудовы акумулятарнага заводу ў Берасьці
Студзеньскі сход супраць пабудовы акумулятарнага заводу ў Берасьці

Дзям’ян Лепясевіч, Берасьце:

«Я дзесяць год будую дом, аддаю гэтаму ўсе сілы і час, і так атрымліваецца, што хутка буду жыць за паўтара кілямэтра ад акумулятарнага заводу, які адназначна будзе нэгатыўна ўплываць на экалёгію, на здароўе родных мне людзей.

Будаўніцтва заводу адразу пачалося з парушэньняў нашых правоў, парушэньняў заканадаўства. Улады, іх прадстаўнікі пазьбягаюць размовы з намі. 15 лютага прайшла сустрэча выбаршчыкаў з кандыдатам у дэпутаты, галоўным санітарным урачом Радчанкам. Ён ад людзей фактычна зьбег, прыкрыўшыся нейкай камандзіроўкай. А гэта ж адзін з тых, хто ставіў подпіс пад дазволам на будаўніцтва. Як з такой гісторыяй ён зьбіраецца быць дэпутатам, прадстаўляць нашы інтарэсы і жыць з гэтым сярод нас, калі амаль 35 000 жыхароў Берасьця і раёну падпісаліся супраць будаўніцтва гэтага прадпрыемства?

Я не зьбіраюся ісьці на выбары — няма за каго галасаваць. Выбары ператвораныя ў фарс. Нашы дэпутаты і мясцовая ўлада нічога не вырашаюць і ня могуць вырашыць. Як дэпутат можа паўплываць на старшыню райвыканкаму, гарвыканкаму? І навошта мне такі прадстаўнік грамадзтва і ўвогуле такі выбар?»

5. «Не ідзем галасаваць, бо нас хочуць сагнаць з роднай зямлі як жывёлу»

Тацяна Пенкрат, Менск:

«Жыхары Паўночнага пасёлку, якія падпісалі ліст у ЦВК, што адмаўляюцца ісьці на выбары, хочуць захаваць свае дамы і сквэр на скрыжаваньні вуліц Арцёма, Чакаліна і завулка Брацкага ў Менску. Там сем гадоў таму высадзілі 150 дрэваў. Цяпер згодна з плянам забудовы там зьбіраюцца паставіць шматпавярховік, і ад сквэру застанецца зусім маленькі лапік. Нам абяцаюць, што будзе паўторнае грамадзкае абмеркаваньне адносна забудовы пасьля выбараў. Мы не ідзем галасаваць, бо мы хочам, каб нас пачулі.

Мы не давяраем нашаму цяперашняму дэпутату гарсавету па першай акрузе ў Менску Русакевічу, да якога мы зьвярталіся ў 2016 годзе. Ён прыняў дакумэнты, але дагэтуль не зрабіў ніякіх захадаў, каб абараніць людзей сваёй акругі. А цяпер балятуецца па іншай акрузе. Мы хочам, каб нас, жыхароў Паўночнага пасёлку, пакінулі ў спакоі. А нас хочуць сагнаць з нашай роднай зямлі, як жывёлу».

6. «Калі дарогі нячышчаныя, дэпутат націсьне»

Дым з коміна аднаго заводу відаць ня толькі ў Навасёлках, але і ў самім Магілёве. Вяскоўцы скардзяцца на смурод
Дым з коміна аднаго заводу відаць ня толькі ў Навасёлках, але і ў самім Магілёве. Вяскоўцы скардзяцца на смурод

Мікалай Сяргеевіч, вёска Навасёлкі (Магілёўская вобласьць):

«Як гэта не ісьці на выбары? Трэба галасаваць за сваю ўладу. Да некага ж давядзецца зьвяртацца. Вось бачыце, якая ў нас няўдобіца. Дарогі ад сьнегу нячышчаныя, двары не прыбіраюць. Да каго ісьці? Да камунальнікаў ісьці, дык не дапамогуць. А дэпутат націсьне, бо ведае, на каго ціснуць. Таму ісьці трэба нам галасаваць, бо як улады ня будзе, то зусім кепска будзе.

Галасаваць вырашыў сёньня, у нядзелю, бо так больш урачыста. Вы ж разумееце: канцэрт, буфэт. Пагамонім з прыяцелямі. Ну, сто грамаў вып’ем...

А тое, што пад бокам хімія (пад Навасёлкамі ўзводзяцца і ўжо працуюць тры дзясяткі хімічных вытворчасьцяў. — РС), дык дэпутаты не вінаватыя. Што яны могуць зрабіць? Рашэньне будаваць хімічныя заводы прымалі ж не дэпутаты, а вышэйшыя „гаспадары“. А тое, што дэпутаты не падтрымлівалі наш пратэст, дык, можа. яны самі запалоханыя былі...»

7. «У нас кіруе адзін Лукашэнка, астатнія — гэта ягоная абслуга»

Лукашэнка з сынам гуляе ў хакей
Лукашэнка з сынам гуляе ў хакей

​Яўген Аляксееў, Горадня:

Я і мая сям’я ўжо даўно ня ходзім на выбары. Жонка мае пэнсію 200 рублёў і я столькі ж, хоць прапрацавалі па 30 гадоў. Сын езьдзіць на заробкі час ад часу, нявестка атрымлівае 250 рублёў. Мы нават унучку ня маем за што вучыць — крэдыт бралі.

У 1994 годзе мы ўсім дваром хадзілі галасаваць за Лукашэнку, потым вярнуліся, адзначылі ўсе разам, думалі, што наша жыцьцё да лепшага зьменіцца. А цяпер да чаго дайшло? І што гэтыя дэпутаты? У сьпісе адны дырэктары і начальнікі — што яны для народу зрабілі ці зробяць? У нас кіруе адзін Лукашэнка, астатнія — гэта ягоная абслуга...«

8. «Мы ж рэгулярна плацім падаткі, але на што грошы трацяцца?»

Асабістая прысядзібная гаспадарка ў Івацэвіцкім раёне. Ілюстрацыйнае фота
Асабістая прысядзібная гаспадарка ў Івацэвіцкім раёне. Ілюстрацыйнае фота

Ірына Мікалаеўна, Івацэвіцкі раён (Берасьцейская вобласьць):

Я жыву ў вёсцы. Мая пэнсія — 300 рублёў. Каб выжыць, трымаю кароў, здаю малако. Пры гэтым сельсавет забірае ў мяне 10 рублёў з кожнай тоны малака. А вось калі зьвяртаесься з просьбай аб выдзяленьні зямлі пад сенакос — дык адмахваюцца. Я раззлавалася і запатрабавала справаздачу, куды ж сельсавет выдаткоўвае грошы, якія зьбіраюцца за маё малако. А мне кажуць, што нібыта на асьвятленьне вуліцы ў вёсцы. Але чаму мы, вяскоўцы, якія трымаем некалькі дзясяткаў кароў на ўсё паселішча, павінны аплачваць сьвятло? Ці не павінен пра гэта клапаціцца калгас, сельсавет? Мы ж рэгулярна плацім падаткі — але на што грошы выдаткоўваюцца?

Мясцовыя дэпутаты павінны ведаць сваіх людзей. Але сёньняшнія дэпутаты нічога ня хочуць ведаць. Выбіраюцца такія, каб не маглі і два словы зьвязаць, альбо такія, каб баяліся выступіць супраць уладаў. Маўчаць ды ігнаруюць праблемы людзей. Таму на выбары не пайду, бо гэта проста дзіцячая гульня«.

9. «Пайшла ў дэпутаты, каб вырашыць лякальную праблему»

Error rendering VK.

Ірына Пратасевіч, Калодзішчы (Менская вобласьць):

«Калі мы ў пытаньні шкоднага для экалёгіі будаўніцтва заводу „Амкадор“ зьвярнуліся па дапамогу ў кампанію „Гавары праўду“, то нам там сказалі, што вы самі сабе зможаце дапамагчы, калі пойдзеце кандыдатамі ў дэпутаты. Я зарэгістравалася кандыдатам у дэпутаты, спадзеючыся, што гэта дазволіць хоць неяк вырашаць пытаньні. Я меркавала хоць на мясцовым узроўні прайсьці, каб на прыёмы да чыноўнікаў адносна будаўніцтва „Амкадору“ без чаргі трапляць. Але цяпер бачу, што шанцаў няма.

Каб прайсьці ў дэпутаты, трэба, відаць, дзень і ноч дзяжурыць каля гэтага дому культуры ў Калодзішчах, дзе знаходзіцца выбарчы ўчастак. Трэба скрыню пільнаваць дзень і ноч. Я хадзіла ўжо сама галасаваць датэрмінова. Там пячаткі плястылінавыя, няма празрыстых скрыняў. А ў людзей няма жаданьня ісьці галасаваць».

10. «Нам „настойліва параілі“ абавязкова прагаласаваць»

​Віталь Паўлавіч, Наваполацак (Віцебская вобласьць):

«Схадзіў на ўчастак з самага ранку. Бо працую ў сфэры адукацыі. Нам „настойліва параілі“ абавязкова прагаласаваць. Ай, няма ніякіх выбараў, і „карусэляў“ розных таксама няма, усё там будзе проста: напішуць лічбы, якія загадалі! А я што магу зрабіць? Толькі адно: выбіраць сумленна. Таму хаджу на ўсе выбары, але толькі ў дзень галасаваньня».

11. «Ідзём галасаваць, бо ў нас балятуецца алімпійскі чэмпіён»

Адміністрацыйна-спартовы корпус вясьлярнага канала ўзводзяць ад 2011 году. Алімпійскі чэмпіён Аляксандар Масяйкоў кажа: «Глядзіш на гэты даўгабуд, і сэрца сьціскаецца»
Адміністрацыйна-спартовы корпус вясьлярнага канала ўзводзяць ад 2011 году. Алімпійскі чэмпіён Аляксандар Масяйкоў кажа: «Глядзіш на гэты даўгабуд, і сэрца сьціскаецца»

​Жанна Сідарава, Магілёў:

«Ідзём галасаваць, бо ў нас балятуецца алімпійскі чэмпіён (Аляксандар Масяйкоў — дырэктар Магілёўскай абласной школы веславаньня, дэпутат Магілёўскага аблсавету, куды балятуецца паўторна. — РС), дык я хачу за яго прагаласаваць. А як яго б не было, дык не пайшла б дакладна на выбары. А так алімпійскі чэмпіён, варты павагі.

У нас тут даўгабуд — ня могуць пабудаваць спартовую базу. Дык выберам гэтага алімпійскага чэмпіёна — і ён паўплывае на лёс гэтай будоўлі. Я б хацела, каб там зрабілі спартовыя гурткі для дзяцей, можа нават басэйн.

А што, гэты чэмпіён і цяпер дэпутат? Я нават і ня ведала. Дык што ён, як думаеце, ня справіцца з будоўляй?..»

12. «З такім стаўленьнем да людзей на выбары хадзіць ня варта!»

Тамара Варапаева, Віцебск:

«На выбары не пайду. Бо лічу, што гэтыя дэпутаты нічога не вырашаюць. Гэта абсалютна нікому не патрэбны орган, які толькі марнуе нашы грошы. Вось банальная прычына: ніхто так і не пачысьціў ад сьнегу ходнікі і сходы на Кіраўскім мосьце. Я сфатаграфавала гэтыя ходнікі, выклала ў Фэйсбук — раптам, думаю, нехта ўбачыць, хоць да выбараў зробіць парадак? Дзе там! Адрэагавала толькі газэта „Витебский курьер“. І што? Анічога! Сьнег так і ня чысьцяць. Раз гэтым дэпутатам напляваць на нас, мне таксама напляваць!

А яшчэ я ўчора пасьлізнулася на Маскоўскім праспэкце, упала ў лужыну, пад ёй быў лёд. Значыць, і тут ніхто ня чысьціў вуліцу. Яшчэ больш пераканалася, што пры такім стаўленьні да людзей на выбары хадзіць ня варта!»

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG