Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жабкі былі сінія», — жыхары магілёўскага прыгараду абураюцца хімічнымі заводамі


Комін «Краноспана», які несупынна курыць

36 вытворчасьцяў ствараюцца пад Магілёвам на тэрыторыі паўднёвага прамысловага вузла свабоднай эканамічнай зоны. Некаторыя зь іх ужо працуюць і пасьпелі нашкодзіць навакольлю.

Жыхары прылеглых да магілёўскага прамысловага вузла вёсак Вейна і Навасёлкі пратэстуюць супраць хімічных прадпрыемстваў, усяляк намагаюцца блякаваць іх увядзеньне, пішучы скаргі і склікаючы грамадзкія слуханьні. Вяскоўцы лічаць, што дзейсна паўплываць на сытуацыю магчыма толькі тады, калі небясьпеку адчуюць і гараджане, якія таксама дыхаюць «хіміяй».

Чыноўнікі апраўдваюць узьвядзеньне прадпрыемстваў стварэньнем новых працоўных месцаў, інвэстыцыямі. Запэўніваюць, што найноўшыя тэхналёгіі гарантуюць бясьпеку вытворчасьці «хімічнага прадукту».

Мы тут жывём, як ля Чарнобыля

Вуліца Савецкая ў Вейна выводзіць на ўскраек пасёлка. Забудаваная яна пераважна дыхтоўнымі катэджамі, з вокнаў якіх відаць комін прадпрыемства «Кранаспан», створанага аўстрыйскай кампаніяй. Ад яго да крайніх сядзібаў вуліцы няпоўныя два кілямэтры. Комін бесьперапынна дыміць.

Зь відам на комін «Кранаспана»
Зь відам на комін «Кранаспана»

«Комін невысокі, таму ў нас тут і смурод стаіць», — заяўляюць жыхары вуліцы. На іхную думку, на тэрыторыі прамысловай зоны ня мусіла быць такой колькасьці вытворчасьцяў праз блізкасьць паселішча.

«Вечарамі, калі вецер у наш бок, то дыхаць тут няма чым, — апавядае карэспандэнту адна з суразмоўцаў. — Акрамя таго, ад вытворчасьцяў пастаянны гул. Абяцалі ўзьвесьці шумапаглынальную сьцяну і лесапаласу, але пакуль нічога такога няма».

Жанчына адзначыла: жыхарства вуліцы Савецкай успрымае суседзтва з хімічнымі вытворчасьцямі як небясьпеку:

«Мы тут жывём як ля Чарнобыля. Тыя, хто пабудаваўся тут, асуджаныя жыць зь відам на комін, бо дом жа нікуды не перанясеш адсюль. Яго не прадасі, бо каму патрэбная маёмасьць, якую ў выпадку чаго давядзецца кінуць? З другога боку, гэтыя вытворчасьці ня толькі праблема Вейна, але і гораду. Тут жа недалёка ўжо буйныя жылыя масівы гораду, мясакамбінат. Гараджане пакуль не ўсьвядомілі ўсёй небясьпекі ад прамысловага вузла. Рытм жыцьця змушае іх думаць пра надзённае, і толькі калі нешта здарыцца, тады яны задумаюцца. У гутарках гарадзкія кажуць, што нам, вяйнянцам, не пашанцавала. Іх цяжка пераканаць, што не пашанцавала нам усім».

Комін відаць і з Магілёва
Комін відаць і з Магілёва

Комін «Кранаспану» зь яго белаватым дымам відаць і з гораду. Вейненцы, якія працуюць на прадпрыемстве, заўважаюць: «мэблевы» пах адчуваюць далёка ад пасёлка, але найбольш у ім самім.

«Іншым разам думаеш, ці ісьці зь дзецьмі на вуліцу гуляць, ці адчыняць вокны, — далучаецца да гутаркі яшчэ адна жыхарка вуліцы. — Тое, што пачуюць наш пратэст, у нас веры ўжо няма. Жаданьне зьехаць ёсьць адсюль, толькі пытаньне, куды».

Яны сыдуць, а нам бруд застанецца

Паводле мясцовых жыхароў, прамысловы вузел вырас за некалькі гадоў. Калі пачалі ўзводзіць першыя заводзкія карпусы, ніхто зь вейненцаў не надаваў вялікага значэньня, што яны будуць вырабляць. Схамянуліся потым. Зьбіраліся на грамадзкія слуханьні, на якіх чыноўнікі ды прадстаўнікі адміністрацыі тых прадпрыемстваў запэўнівалі ў іх бясьпецы.

Вейненцы наракалі, што лесапаласу, якая адгароджвала пасёлак, ад найбуйнейшага ў Магілёве прадпрыемства «Хімвалакно» дарожнікі прарэдзілі, яе амаль не засталося. Высокія сасонкі павысякалі, а замест іх павысаджвалі чэзлыя саджанцы ліставых парод дрэваў.

Лесапаласу з сасонак ушчыльняюць саджанцамі, якія невядома, ці прымуцца
Лесапаласу з сасонак ушчыльняюць саджанцамі, якія невядома, ці прымуцца

«Ды ніхто нам ужо не дапаможа, — кажа яшчэ адна жыхарка. — Вейна кінулі на выжываньне. Прасьцей вёску згарнуць — і ўсіх на могілкі. Дзяцей малых шкада, бо тут няма чым дыхаць».

Некалі пасьпяховы тутэйшы саўгас перажывае ня лепшыя свае часы. Цяплічныя гаспадарка збанкрутавала. Суразмоўцы настойваюць, што саўгас наўмысна давялі да банкруцтва, каб прыбраць да рук ягоныя землі.

«Саўгас збанкрутаваны, дык якія тут могуць быць пэрспэктывы. Таму закрыйце гэтую „хімічную“ тэму раз і назаўжды. Нам ніхто не дапаможа, — кажа гаспадыня аднаго з двароў на Савецкай. — Гэтыя прадпрыемствы ўсе замежныя. Чаго яны сюды папрыяжджалі? А таму, што тут для іх умовы стварылі і плюнулі на людзей. Узьвялі канструктар і гуляюцца ў яго. Вы прайдзіце да шашы і зь яе паглядзіце, колькі там лесу зьвезена на перапрацоўку. Нашага лесу. Яны яго перапрацуюць і сыдуць, а нам бруд застанецца».

Пасялковая школа ў Вейне вокнамі таксама глядзіць на комін. У дзень наведваньня Вейна на мясцовым стадыёне праходзіў футбольны матч. У гутарках з тымі, хто на яго прыйшоў, высьветлілася, што боязь «хіміі» сапраўды ёсьць, але за той час, як запрацавалі прадпрыемствы за вузкай лесапаласой, пасялкоўцы пасьпелі звыкнуцца зь імі:

«Дык што тут паробіш. Мы на сходах пратэставалі, але плёну ніякага. Нас запэўнівалі, што найноўшыя тэхналёгіі гарантуюць бясьпеку. Веры гэтым словам няма, але ня пойдзеш жа зь віламі супраць улады», — выказаўся малады мужчына ў спартовым адзеньні.

На адным з грамадзкіх слуханьняў: народ супраць «хіміі»
На адным з грамадзкіх слуханьняў: народ супраць «хіміі»

«Калі мы купілі дом тут, не было ніякіх шкодных прадпрыемстваў, а цяпер адно за адным іх будуюць, — кажа наступны суразмоўца. — Як вецер у наш бок, то адчуваецца пах новай мэблі з „Кранаспану“. А цяпер узводзяць яшчэ „Омск Карбон“, які нашмат небясьпечнейшы за „Кранаспан“. Таму зразумела, што няўпэўненасьць у заўтрашнім дні прысутнічае. Купілі дом, каб жыць, а як пачне сюды нешта дзьмуць, то куды падзецца? Сумна, што нашы ўлады ня думаюць пра людзей. На паперы выходзіць, што гэтыя прадпрыемства няшкодныя, а па факце зьбіраюць вейненцаў, каб супакоіць, але ад гэтага спакайней не становіцца».

Чыноўнікі: будаваць будзем, бо без інвэстыцыяў ня будзе дзяржавы

Вялікі прамысловы вузел вырас уздоўж гомельскай шашы. На падыходзе да яе ўсё выразьней чуваць гул вытворчасьцяў. У носе непрыемна казытала. Рэдкі сасоньнік, пра які казалі вейненцы, сапраўды быць дужа прарэджаны. Замест выкарчаваных і сьпілаваных дрэваў ледзь прыкметна вытыркаліся саджанцы. Імі ж была засаджаная прастора між шашой і агароджай прамысловай зоны з калючым дротам.

Чыноўнікі і прадстаўнікі адміністрацыі хімічнага прадпрыемства
Чыноўнікі і прадстаўнікі адміністрацыі хімічнага прадпрыемства

Грамадзкія слуханьні, пра якія згадвалі людзі, праходзілі ў мясцовым Доме культуры. Людзі не саромеліся рэзка выказвацца ў адрас чыноўнікаў і кіраўніцтва прадпрыемстваў. Заклікалі службоўцаў адумацца і не губіць навакольнае асяродзьдзе. У адказ чулі, што новыя вытворчасьці дадуць працоўныя месцы, узбагацяць рэгіён інвэстыцыямі. Спасылаліся на дасьледаваньні мэдыкаў, зь якіх вынікала, што росту хваробаў, выкліканых працай хімічных вытворчасьцяў, не назіраецца.

«Задача грамадзкага абмеркаваньня правільна пабудаваць завод, каб у нас не было ніякіх праблемаў са здароўем і ўсім астатнім», — супакойваў пасялкоўцаў старшыня Магілёўскага райвыканкаму Анатоль Дуцько на адным са сходаў, скліканым з нагоды павелічэньня вытворчасьці тэхнічнага вугляроду прадпрыемствам з расейскім капіталам «Омск Карбон Магілёў».

«Аднак я вам скажу адно — будаваць мы будзем, бо без інвэстыцыяў ня будзе ніякай дзяржавы ў нас, — пераконваў чыноўнік. — Паглядзіце, у Астраўцы ўзводзяць атамную станцыю, там таксама выконваюцца ўсе захады бясьпекі. І мы мусім пабудаваць завод, каб не было ніякіх праблемаў і канфліктаў».

Жабкі ў канаве былі сінія

«З вашага прадпрыемства, — вінаваціў супрацоўнікаў „Кранаспану“ на яшчэ адных грамадзкіх слуханьнях жыхар Вейна, — выцякае па прарытай канаве атрутная вада, якая зьнішчае ўсё жывое навокал».

«Вы гэтую канаву закапалі, і пасьля гэтага там пачаў расьці чарот. А да таго там жабкі былі сінія», — казаў ён.

Вясковы краявід у Навасёлках
Вясковы краявід у Навасёлках

«Вы абсалютна маеце рацыю, але выкіды, празь якія здохла і рыба, і чарот, — яны былі ня толькі з нашага прадпрыемства, — адрэагавала на абвінавачваньне прадстаўніца прадпрыемства. — Акрамя таго, гэта адбылося з прычыны парушэньня тэхналягічнага працэсу, і гэта ўсё спынена. І цяпер нічога ня скідваецца».

«Зялёная зона была высечаная не дзеля нас, — спрабавалі супакоіць пасялкоўцаў супрацоўнікі замежнага прадпрыемства. — Нам гэты ўчастак быў выдзелены. Калі б не было нас, то было б іншае прадпрыемства. Акрамя таго, за тэрыторыяй нашага прадпрыемства ўжо пасаджана дзевяць радоў дрэў».

Шкодным рэчывам ёсьць дзе расьсеяцца

Пра 36 прадпрыемстваў, якія ўжо працуюць ці неўзабаве будуць уведзеныя на тэрыторыі паўднёвага прамысловага вузла, згадалі нядаўна ў Магілёўскім гарвыканкаме падчас абмеркаваньня пытаньня аб павелічэньні магутнасьці комплексу па вытворчасьці поліэфірнай прадукцыі на «Хімвалакне». Гэтая вытворчасьць павялічыць нагрузку на экалёгію навакольнага асяродзьдзя на 88 тон выкідаў за год.

За лесам — «хімія». Шкодныя выкіды расьсеюцца
За лесам — «хімія». Шкодныя выкіды расьсеюцца

«Павелічэньне выкідаў у атмасфэру зусім не вялікае. Я ня думаю, што гэта неяк пагоршыць сытуацыю ў навакольным асяродзьдзі. Санітарная зона „Хімвалакна“ 2,5 кілямэтра, а гэта азначае, што шкодным рэчывам ёсьць дзе расьсеяцца», — адказала на пытаньне журналіста Свабоды адна з удзельніц абмеркаваньня.

Чыноўнікі запэўнівалі, што ўсе хімічныя вытворчасьці прамысловай зоны таксама не наносяць істотнай шкоды навакольнаму асяродзьдзю. Яны настойвалі, што больш шкодзіць яму аўтатранспарт. Павышэньне ўзроўню ў атмасфэры фэнолу службоўцы сьпісалі менавіта на транспарт. А вось прычыны зьяўленьня ў паветры аміяку патлумачаць яны не змаглі. Разам з тым пераконвалі, што паветра ў Магілёве ў параўнаньні зь сярэдзінай 1980-х гадоў, калі горад лічыўся найбольш забруджаным у Беларусі, стала значна чысьцейшым. Паводле чыноўнікаў, сучасныя хімічныя вытворчасьці — гэта добра адладжаныя працэсы, якія гарантуюць высокі ўзровень бясьпекі.

Экспэрт: Магілёў — адзін з самых забруджаных гарадоў Беларусі

Ініцыяваў абмеркаваньне сытуацыі з павелічэньнем магутнасьці поліэфірнай прадукцыі «Хімвалакном» юрыст, сябра грамадзкага аб’яднаньня «Экапраект» Рыгор Фёдараў. Гаворачы пра тое, на колькі адаб’ецца на навакольным асяродзьдзі праца ўсіх 36 вытворчасьцяў паўднёвай прамысловай зоны, экспэрт адназначнай ацэнкі ня даў. На ягоную думку, сумарнае ўзьдзеяньне на атмасфэру ўсіх прадпрыемстваў вузла разьлічыць ня проста.

Заводзкія карпусы з Гомельскай шашы
Заводзкія карпусы з Гомельскай шашы
Прамысловы вузел
Прамысловы вузел

«Нават калі вы складзяце тое, што выкідаецца з розных прадпрыемстваў, то ўсё роўна не атрымаецца сумарны эфэкт проста таму, што гэтыя рэчавы пад узьдзеяньнем атмасфэрных умоваў могуць узаемадзейнічаць, і што ў выніку атрымаем, дужа цяжка сказаць», — тлумачыць Фёдараў.

Экспэрт адзначае, што занепакоенасьць жыхароў Вейна экалягічнай сытуацыяй вакол прамысловага вузла апраўданая. Суразмоўца нагадаў, што адно з прадпрыемстваў, якое стварае вытворчасьць пад Магілёвам, «Омск Карбон Груп», у расейскім Омску адно з асноўных забруджвальнікаў навакольнага асяродзьдзя і мясцовае насельніцтва ненавідзіць яго.

«Магілёў застаецца адным з самых забруджаных гарадоў у Беларусі, і тое, што людзі выказваюць занепакоенасьць сытуацыяй — вельмі добра, — гаворыць Фёдараў. — Калі з боку грамадзкасьці заўваг няма, то гэта сыгнал для праектоўцаў, для замоўнікаў гаварыць на ўсіх узроўнях, што грамадзкасьць задаволеная. Грамадзкасьці варта дамагацца адкрытасьці інфармацыі, задаваць пытаньні, пісаць скаргі, калі не даюць адказаў».

Лесапаласа, якія затуліць вейнянцаў ад «хіміі», калі падрасьце
Лесапаласа, якія затуліць вейнянцаў ад «хіміі», калі падрасьце

Згаданае эколягам прадпрыемства «Омск Карбон Магілёў» зьбіраецца вырабляць тэхнічны вуглярод. Вытворчасьць яшчэ не запушчаная, але прапрацоўваецца магчымасьць павелічэньня магутнасьці. Яшчэ адно прадпрыемства прамысловага вузла «Кранаспан» вырабляе арыентавана-стружачныя пліты. Падобная вытворчасьць арганізаваная ў Смаргоні. Тамтэйшае прадпрыемства чатыры разы прыцягвалі да адказнасьці за парушэньне прыродаахоўнага заканадаўства. За зьліў у Вілію шкодных рэчываў яно было пакаранае штрафам амаль у 100 мільёнаў (старых рублёў).

Від зь Вейна на коміны
Від зь Вейна на коміны

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG