Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы хочам жыць!» Прыгарадныя пасёлкі Магілёва не дазваляюць хімічнаму прадпрыемству павялічваць магутнасьць


Жыхарка Вейна чыноўнікам: «Мы хочам жыць»

Жыхары прыгарадных магілёўскіх пасёлкаў Вейна і Навасёлкі выступілі супраць павелічэньня прадпрыемствам вытворчасьці тэхнічнага вугляроду з расейскім капіталам «Омск Карбон Магілёў». Непадалёк ад пасёлкаў — пляцоўка Свабоднай эканамічнай зоны, на якой разьмешчаная плойма хімічных прадпрыемстваў.

На грамадзкіх слуханьнях пасялкоўцы абвінавацілі раённыя ўлады ў грэблівым стаўленьні да здароўя мясцовага насельніцтва. Хімічная вытворчасьць, настойвалі людзі, пагражае іхнаму жыцьцю, а чыноўнікі не зважаючы на гэта прыярытэт аддаюць прыцягненьню інвэстыцыяў.

Тым часам раённая ўлада заяўляе пра эканамічныя выгады ад працы заводу і запэўнівае, што вытворчасьць не нашкодзіць здароўю людзей і навакольнаму асяродзьдзю.

Мы народ і мы супраць

Вытворчасьць тэхнічнага вугляводу на стадыі праектаваньня. Ня вырабіўшы ні каліва прадукцыі і не прайшоўшы належнай працэдуры зацьвярджэньня праекту расейскае прадпрыемства вырашыла ў дакумэнтах павялічыць аб’ём вырабу тэхнічнага вугляводу з 160 тысяч тон да 200 тысяч тон на год. Гэтая акалічнасьць і стала нагодай для грамадзкіх слуханьняў.

На іх у Вейнянскі дом культуры сабралася блізу сотні чалавек. Сход праходзіў эмацыйна. Прамоўцаў, якія выступалі супраць павелічэньня магутнасьці хімічнай вытворчасьці, заля вітала воплескамі. Тыя ж хто прамаўляў за павелічэньне сутыкаўся зь ня ўхвальным гулам і рэзкімі выказваньнямі пасялкоўцаў. Абмеркаваньне доўжылася больш за паўтары гадзіны.

Жыхарка Вейна: «Мы супраць!»
Жыхарка Вейна: «Мы супраць!»

«Бяз нашай згоды вы ня можаце павялічыць магутнасьці вытворчасьці, ці так гэта?», — зьвярнулася да старшыні Магілёўскага райвыканкаму Анатоля Дуцька адна з жыхарак Вейна падсумоўваючы вынікі сходу

«Тыя, хто сюды прыйшоў, супраць. Як старшыня сёньняшняга сходу, вы так і запішыце. Ніякай гаворкі ня можа быць пра павелічэньне магутнасьці. Як бы не пераконваў нас дырэктар „Омск Карбон“, і якія б грошы не давалі пад яго — мы ня згодныя. Мы народ! Вы, як старшыня райвыканкаму, мусіце дзейнічаць так, як хоча народ», — гэтыя словы заля сустрэла авацыяй.

У Астраўцы ж будуць атамную станцыю...

Старшыня райвыканкаму Анатоль Дуцько казаў: задача грамадзкага абмеркаваньня «правільна пабудаваць завод, каб у нас не было ніякіх праблемаў са здароўем і ўсім астатнім...».

Анатоль Дуцько: «Будаваць мы будзем!»
Анатоль Дуцько: «Будаваць мы будзем!»

«Аднак я вам скажу адно — будаваць мы будзем, бо без інвэстыцыяў ня будзе ніякай дзяржавы ў нас, — зьвяртаўся да пасялкоўцаў чыноўнік. — Паглядзіце ў Астраўцы ўзводзяць атамную станцыю там таксама выконваюцца ўсе захады бясьпекі. І мы мусім пабудаваць завод, каб не было ніякіх праблемаў і канфліктаў».

Намесьнік старшыні райвыканкаму па эканоміцы Мікалай Шепелевіч, спасылаючыся на зьвесткі адной з паліклінік, запэўніваў: дынаміка захворваньняў насельніцтва, якое пражывае на тэрыторыі Вейнянскага сельскага савету, мае тэндэнцыі да зьмяншэньня.

Заля на гэтую заяву чыноўніка адрэагавала сьмехам.

«Нэгатыўнага ўзьдзеяньня на атмасфэрнае паветра і здароўе насельніцтва на дасьледаванай тэрыторыі не чакаецца, — працягваў чыноўнік. — Пры выкананьні тэхнічнага рэжыму і правільнай эксплёатацыі абсталяваньня і правядзеньня вытворча-экалягічнага кантролю рэалізацыя праектных рашэньняў не прывядзе да нэгатыўных наступстваў».

Казаў Шэпэлевіч і пра эканамічны эфэкт ад вытворнасьці тэхнічнага вугляводу. Выраб гэтай сыравіны, даводзіў службовец пасялкоўцам, зьменшыць імпартазалежнасьць Беларусі.

Мікалай Шэпялевіч: «Нэгатыўнага ўзьдзеяньня не чакаецца»
Мікалай Шэпялевіч: «Нэгатыўнага ўзьдзеяньня не чакаецца»

«Забясьпечыць прыток інвэстыцыяў, будзе рост падатковых адлічэньняў і стварэньне новых працоўных месцаў», — пераконваў людзей намесьнік старшыні райвыканкаму.

Довады чыноўніка, аднак, не падзейнічалі на пасялкоўцаў. Іхная пазыцыя заставалася непахіснай.

3 тысячы пасялкоўцаў супраць узьвядзеньня хімічнага прадпрыемства

Людзі нагадалі, што 3 тысячы чалавек падпісаліся пад зваротам не дапусьціць будаўніцтва «Омск Карбон Магілёў». Калектыўны ліст даслалі ў адміністрацыю прэзыдэнта, тая яго пераслала ў «Міністэрства прыродных рэсурсаў і абароны навакольнага асяродзьдзя».

Міністар, казаў адзін з выступоўцаў, запэўніваў: павелічэньня вытворчасьці ня будзе.

«Значыць райвыканкам ідзе ў разрэз рашэньню Міністэрства прыроды», — выснаваў у выступе пасялковец.

Паводле жыхароў Вейна, у іх пад бокам на тэрыторыі Свабоднай эканамічнай зоны № 4 узьведзеныя, ці ўзводзяцца больш за дваццаць хімічных вытворчасьцяў.

«Кожная зь іх нясе патэнцыйную небясьпеку навакольлю і здароўю», — настойвалі людзі.

Жыхар Вейна: «Выкіды непрыкметныя. Яны назапашваюцца ў арганізьме»
Жыхар Вейна: «Выкіды непрыкметныя. Яны назапашваюцца ў арганізьме»

«Выкіды з гэтай зоны цяпер мала прыкметныя, але ў арганізьме будуць накоплівацца. Цяперашняе пакаленьне гэта ўзьдзеяньня можа і не адчуць, а нашы дзеці і ўнукі гэта адчуюць на сабе», — засьцерагаў адзін з выступоўцаў.

Заля дамагалася ад чыноўнікаў адказу, хто даў дазвол на павелічэньне магутнасьці прадпрыемства. Людзі вінавацілі ўладу ў махінацыях з дакумэнтамі.

«У праекце была закладзеная такая магутнасьць прадпрыемства», — заявіў Анатоль Дуцько.

Заля выбухнула: «Кім закладзены?».

Чыноўнік адрэагаваў: — «Ня намі, а інвэстарам! Мы вам дамо адказ!»

Пасялкоўка «Хто даў дазвол на павелічэньне вытворчасьці?»
Пасялкоўка «Хто даў дазвол на павелічэньне вытворчасьці?»

«Вы нам цяпер адкажыце!», — настойвалі людзі.

Дуцько паабяцаў людзям даць дакумэнтацыю з дазволам на павелічэньне магутнасьці заводу.

Наш інтарэс жыць у чыстай зоне

У дырэктара прадпрыемства Міхаіла Караваева адзін з жыхароў Вейна запытаўся: «Вы пабудавалі завод, каб нам набрудзіць, каб мы брудам дыхалі?».

Кіраўнік прадпрыемства паспрабаваў пераканаць жыхароў, што вытворчасьць тэхнічнага вугляроду не нашкодзіць навакольлю. Ён прызнаў: выраб прадукту мае экалягічную нагрузку, але тут жа заўважыў: у параўнаньні з іншымі заводамі не настолькі вялікую.

Міхаіл Караваеў: «Нагрузка на экалёгію будзе, але невялікая»
Міхаіл Караваеў: «Нагрузка на экалёгію будзе, але невялікая»

«Павелічэньне нагрузкі на экалёгію будзе ня значным. Усяго адзін працэнт ад аб’ёму вытворчасьці, — даводзіў ён. — Доля нашых выкідаў, у агульным аб’ёме ўсёй прамзоны нязначная. Праблемы экалёгіі не ў працы «Омск Карбон. Магілёў».

Довадам Караваева пасялкоўцы таксама не далі веры.

«Як можна падлічыць долю выкідаў вашага заводу, калі прадпрыемствы прамысловай зоны працуюць яшчэ не напоўніцу», — запытаўся ў яго пасялковец.

«Наш інтарэс — жыць у чыстай зоне. Пакуль ня будзе гарантыяў, што завод бясьпечны, ніякага дазволу на ягоную працу не дамо. Мы хочам жыць і нашы дзець хочуць дыхаць чыстым паветрам», — наперабой зь месцаў лямантавалі жыхары.

Абвестка з запрашэньнем на грамадзкія слуханьні
Абвестка з запрашэньнем на грамадзкія слуханьні

«Дзеля чаго вы стараецеся», — зьвярталіся яны да чыноўнікаў. — «Вы хочаце нас угробіць дзеля нейкіх інвэстыцыяў ды прэміяў. Вы нас мусіце бараніць, а замест гэтага расказваеце нам казкі..».

Сход скончыўся нечакана. Пасьля хвалі крытыкі і працяглага маўчаньня чыноўнікаў людзі пачалі разыходзіцца.

Старшыня райвыканкаму Анатоль Дуцько ў гутарцы з журналістам сказаў, што бліжэйшым часам прадстаўнікі ўлады сустрэнуцца з працоўнай групай жыхароў Вейна, каб адказаць на пытаньні, якія былі агучаныя на сходзе.

«Для нас было важна пачуць меркаваньні людзей», — адзначыў чыноўнік.

Пасёлак Вейна. За савецкім часам улады не наважыліся тут зачыніць царкву
Пасёлак Вейна. За савецкім часам улады не наважыліся тут зачыніць царкву

«Народ ня даў дазволу на павелічэньне магутнасьці хімічнага прадпрыемства. Мы будзем настойваць на гэтай пазыцыі. Наш голас пачулі. На гэтым ня спынімся», — заявіў адзін з чальцоў працоўнай групы.

Першую прадукцыю «Омск Карбон Магілёў» абяцае вырабіць у 2017 годзе. Раней казалі, што гэтая падзея адбудзецца ў другой палове 2016 году. Заяўляецца, што тэхнічным вугляродам будуць забясьпечаныя беларускія патрэбы ў ім. Лішкі будуць пастаўляцца за мяжу.

Дом культуры, дзе праходзіў сход
Дом культуры, дзе праходзіў сход

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG