Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як міністар абароны не пагадзіўся з галоўнакамандуючым


Андрэй Раўкоў
Андрэй Раўкоў

Прапанову не забіраць у войска адзінага сына ў сям’і агучыў летась Аляксандар Лукашэнка. Аднак на прэсавай канфэрэнцыі на гэтым тыдні міністар абароны Андрэй Раўкоў заявіў журналістам, што гэта быў не загад галоўнакамандуючага, а толькі асабістае меркаваньне Аляксандра Лукашэнкі.

«А як гэта ўспрымуць тыя, у каго два сыны? Не, гэта мы не разглядаем як магчымыя захады» — сказаў Андрэй Раўкоў. Ён таксама нагадаў, што цяпер Беларусь апынулася ў «дэмаграфічнай яме».

Аднак магчыма справа ня столькі ў «яме», якая азначае зьніжэньне нараджальнасьці, а ў структуры гэтай самай нараджальнасьці.

Паводле перапісу 2009 году ад усіх беларускіх сем’яў зь дзецьмі да 18 гадоў 66.4% сем’яў мелі толькі адно дзіця, 28.3% — дваіх дзяцей, 5.3% — траіх ці болей дзяцей.

Такім чынам пераважная колькасьць беларускіх сем’яў — гэта аднадзетныя сем’і.

Праўда, прапорцыі крышачку мяняюцца — скажам, у 2015 годзе больш за палову нованароджаных дзяцей (57.2%) былі другімі і наступнымі дзецьмі ў сем’ях. Але гэта неабавязкова доўгатэрміновы трэнд, а народжаныя ў 2015 годзе хлопчыкі пойдуць у войска толькі ў 2033 годзе.

Той жа 2015 год быў рэкордны за апошнія 25 гадоў паводле нараджальнасьці — на сьвет тады зьявілася 119 тысяч маленькіх грамадзян Беларусі, але ў 2016 годзе — ужо толькі 117.8 тысяч, у 2017 годзе — яшчэ на 14 тысяч менш.

У апошнія гады у Беларусі хлопчыкаў нараджаецца больш, чым дзяўчынак, савецкая песьня «на 10 девчонок по статистике 9 ребят» робіцца неактуальнай. Сярод самых маленькіх беларусаў і беларусак гэта ўжо ня так. Аднак гэтая перавага не настолькі вялікая, каб даць у бліжэйшыя гады беларускаму войску больш салдатаў.

Такім чынам тэндэнцыі, якія выявіліся пасьля перапісу, не зьмянілі карціну, якую прадставіў перапіс: пераважная бальшыня беларускіх сем’яў мае адно дзіця.

Скасаваць прызыў для хлопцаў, якія зьяўляюцца адным дзіцем у сям’і — гэта, паводле грубай ацэнкі, скараціць прызыўны кантынгент мінімум напалову

Міністар Раўкоў на прэсавай канфэрэнцыі на гэтым тыдні скардзіўся на тое, што істотна пагаршаецца якасьць нават цяперашніх прызыўнікоў, даводзіцца браць тых, каго ў іншай сытуацыі не прызывалі б. Скасаваць прызыў для хлопцаў, якія зьяўляюцца адным дзіцем у сям’і — гэта, паводле грубай ацэнкі, скараціць прызыўны кантынгент мінімум напалову.

Наўрад ці беларуская дзяржава, прынамсі, не мяняючы іншыя умовы вайсковай службы, можа дазволіць сабе гэта.

Магчымае скарачэньне ўзброеных сілаў (хаця яны ў Беларусі і так ня надта вялікія), ня выключаны перавод вайсковай службы на прафэсійную аснову, хаця б часткова. Апошняе, зразумела, запатрабуе глыбокіх рэформаў і істотнага павелічэньня абарончых выдаткаў.

Але грошы тэарэтычна можна знайсьці ці запазычыць. А вось маладых хлопцаў, якіх кіраўнік дзяржавы паабяцаў вызваліць ад службы, замяніць няма кім. Таму міністру і давялося абвясьціць прэзыдэнцкае абяцаньне не абяцаньнем, а выказваньнем асабістага меркаваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG