Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будуць беларускія палякі паведамляць Варшаве пра антыпольскія заявы


Горадня, будынак Саюзу палякаў у Беларусі.

У Горадні ў палянійных арганізацыях па-рознаму рэагуюць на заклік польскіх уладаў паведамляць пра антыпольскія заявы.

На сайтах амбасадаў Польшчы зьявіўся ліст кіраўніка Сэнату Польшчы Станіслава Карчэўскага, у якім ён, спасылаючыся на закон аб Інстытуце нацыянальнай памяці (так званы «закон пра Галакост»), зьвярнуўся да палякаў, якія жывуць за мяжой з заклікамі прымаць меры па аднаўленьні гістарычнай праўды і абароне добрага імя палякаў.

Палякаў, якія жывуць за мяжой, просяць паведамляць уладам у Варшаве пра меркаваныя антыпольскія выказваньні.

Радыё Свабода зьвярнулася да палякаў Горадні з пытаньнем, як яны ставяцца да закліку ўладаў з Варшавы і ці зьбіраюцца паведамляць пра антыпольскія заявы.

На гэткія заявы мы будзем адказваць у нашых мэдыях

Анджэй Пісальнік, прэсавы сакратар незалежнага Саюзу палякаў Беларусі пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс, лічыць, што да антыпольскіх заяваў, паводле ліста кіраўніка Сэнату, трэба адносіць выказваньні кшталту таго, што падчас Другой сусьветнай вайны існавалі «польскія лягеры сьмерці», альбо калі кажуць, што «бандэраўцы — гэта героі, якія слушна змагаліся супраць палякаў».

«На Беларусі я з такой фармулёўкай пакуль не сустракаўся, але калі заўважу, то мы пра гэта будзем пісаць у нашых мэдыях і гэта будзе раўназначна таму, што мы адрэагавалі і паведамілі ў Варшаву. Я так гэта разумею», — кажа Анджэй Пісальнік.

«Як мы можам нешта паведамляць у Варшаву, калі нас лічаць „лукашэнкаўцамі“?»

Кіраўнік Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі праўладнага Саюзу палякаў Беларусі Казімір Знайдзінскі адразу адзначыў, што ўлады ў Варшаве зь нейкіх прычынаў ставяцца да іх легітымнага Саюзу палякаў, прызнанага ўладамі Беларусі, вельмі нэгатыўна.

«Мы некалькі разоў пісалі ім, што ў Беларусі разбураюцца польскія дамы, якія вы ж нам і пабудавалі: у Наваградку, Горадні, іншых гарадах, але нам ніхто нічога не адказвае нягледзячы, што мы легітымны Саюз палякаў. Ну то як я пасьля гэтага магу ім пра нешта паведамляць, калі яны лічаць нас „лукашэнкаўцамі“, маўляў, мы падтрымліваем прэзыдэнта Беларусі? Я нават ня ведаю, калі б мы і зьвярталіся да іх зь нейкімі паведамленьнямі, то ці адрэагавалі б яны на гэта».

Спадар Знайдзінскі сказаў Радыё Свабода, што пакуль яму з падобнымі заявамі ў бок палякаў, пра якія гаворыцца ў лісьце кіраўніка Сэнату, у Беларусі сустракацца не даводзілася.

Ад 2005 году ў Беларусі існуюць два Саюзы палякаў. Адзін зь іх падтрымліваюць беларускія ўлады, а другі, пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс, імі не прызнаецца, але мае падтрымку ад уладаў Польшчы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG