Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд дагэтуль ня можа разгледзець справу актывісткі Femen за акцыю перад Лукашэнкам і Парашэнкам


Анжаліна Дыяш з Femen на цырымоніі падпісаньня дамоваў паміж Беларусьсю і Ўкраінай.

Суд Кіева ўжо больш як паўгода ня можа вызначыцца з разглядам справы актывісткі Femen Анжаліны Дыяш, якая абвінавачваецца ў падробцы дакумэнтаў і хуліганстве за леташнюю акцыю ў ліпені падчас сустрэчы беларускага і ўкраінскага прэзыдэнтаў у Кіеве.

Сёньня Пячэрскі раённы суд Кіева мусіў падоўжыць папярэдняе слуханьне справы, але паседжаньне не адбылося праз «занятасьць судзьдзі». Дагэтуль суд таксама не разгледзеў хадайніцтва адваката Яраслава Яцэнкі пра аб’яднаньне дзьвюх крымінальных спраў у адну. Мінулыя пасяджэньні, якія плянаваліся ў сьнежні мінулага года, таксама не адбыліся.

Адвакат актывісткі Яраслаў Яцэнка мяркуе, што зацягваньне працэсу выклікана «бязладнасьцю пракурора і сьледчых, якія ня аб’ядналі дзьве справы ў адну яшчэ на стадыі дасудовага расьсьледаваньня і паасобку перадалі іх у суд».

«Зараз адпаведнае рашэньне мае ўхваліць суд, а гэта патрабуе часу, таму што працэсуальныя рашэньні з гэтай нагоды павінны прыняць два розныя судзьдзі, якія разглядаюць гэтыя справы. Вялікія ж перапынкі паміж пасяджэньнямі ў нашых судах — цяпер нармальна зьява. Хоць, вядома, я не выключаю і магчымасьць таго, што такое зацягваньне адбываецца па ўказаньні зьверху, каб спаў ажыятаж да справы з боку СМІ», — дадаў адвакат.

Праваахоўныя органы Ўкраіны распачалі супраць Анжаліны Дыяш адразу дзьве крымінальныя справы. Іх дасудовае расьсьледаваньне адбывалася асобна — паводле часткі 1 артыкулу 296 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (хуліганства, што суправаджаецца асаблівым нахабствам і цынізмам) і паводле часткі 4 артыкулу 358 (выкарыстаньне заведама падробленага дакумэнта). Абодва гэтыя правапарушэньні караюцца як штрафам, гэтак і пазбаўленьнем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў.

У гадавіну разгону Плошчы прайшла першая акцыя Femen у Беларусі. Тры актывісткі стаялі з плякатамі каля будынку КДБ у Менску. Некалькі хвілінаў яны выкрыквалі «Жыве Беларусь!». З КДБ выбегла ахова і затрымала відэаапэратара «Нашай Нівы» Тацяну Гаўрыльчык, а таксама фатографа Юлію Дарашкевіч. Самі актывісткі Femen пасьпелі зьбегчы.
У гадавіну разгону Плошчы прайшла першая акцыя Femen у Беларусі. Тры актывісткі стаялі з плякатамі каля будынку КДБ у Менску. Некалькі хвілінаў яны выкрыквалі «Жыве Беларусь!». З КДБ выбегла ахова і затрымала відэаапэратара «Нашай Нівы» Тацяну Гаўрыльчык, а таксама фатографа Юлію Дарашкевіч. Самі актывісткі Femen пасьпелі зьбегчы.

Пасьля акцыі перад Аляксандрам Лукашэнкам і Пятром Парашэнкам Анжаліна Дыяш правяла яшчэ некалькі акцый.

7 лістапада 2017 года ў чырвонай хустцы і галіфэ часоў СССР яна паднялася на помнік працоўным заводу «Арсэнал» у Кіеве і заклікала аб’яднацца «пралетарыяў усіх краін», каб раздушыць «шакалядную гідру». Гэтая акцыя стала відавочным намёкам на цяперашняга прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку, які валодае бізнэсам па вытворчасьці шакаляду.

У верасьні 2017 года ў Харкаве за некалькі хвілін да пачатку адборачнага матчу чэмпіянату сьвету па футболе між зборнымі Ўкраіны і Турцыі актывістка напаўаголеная выбегла на поле. На грудзях у яе было напісана «Эрдаган забойца».

Сёлета ў студзені Анжаліна Дыяш кінулася да прэзыдэнта Чэхіі Мілаша Зэмана на выбарчым участку ў Празе, выкрыкваючы: «Zeman, Putin’s slut!» (Зэман — Пуцінава к*рва!). За гэтую акцыю праскі суд пакараў яе трохмесячным умоўным зьняволеньнем з гадавым выпрабавальным тэрмінам, а потым дэпартавалі з Чэскай Рэспублікі з гадавой забаронай уезду.

Менавіта пасьля акцыі ў Чэхіі Анжаліну Дыяш звольнілі з прыватнага дзіцячага садка, у якім яна працавала. Як паведаміла Свабодзе Анжаліна Дыяш, бацькі дзяцей былі абураныя яе дзейнасьцю ў Femen. Але нават нягледзячы на згубленую працу, яна ня мае намеру адмаўляцца ад удзелу ў гэтай арганізацыі. «Я ведаю, што я была добрай настаўніцай, я не расчараваная і гляджу наперад. Я ведаю, што знайду нешта новае для сябе», — перакананая актывістка.

Наступныя судовыя слуханьні маюць адбыцца 6 сакавіка (у справе аб хуліганстве) і 16 красавіка (аб падробцы дакумэнтаў).

6 выпадкаў, калі Femen распраналіся супраць Лукашэнкі

XS
SM
MD
LG