Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістка, якая выбегла паўголая перад Зэманам, пакараная ўмоўным тэрмінам і дэпартацыяй


Aктывістку ўкраінскага руху FEMEN Анжэліну Дыяш, якая на прэзыдэнцкіх выбарах у Чэхіі ў пятніцу на выбарчым участку выбегла паўголая да прэзыдэнта Зэмана, акруговы суд у Празе-5 пакараў у нядзелю трохмесячным умоўным зьняволеньнем з гадавым выпрабавальным тэрмінам.

Пры гэтым яе дэпартавалі з Чэскай Рэспублікі з гадавой забаронай уезду. 27-гадовай актывістцы пагражалі два гады турмы, паведамляе сайт novinky.cz.

У судзе Дыяш заявіла, што надалей лічыць сябе невінаватай, аднак пакараньне прымае, бо хоча як найхутчэй вярнуцца дадому ва Ўкраіну. Прысуд быў прыняты ў рамках спрошчанага працэсу і адразу ўступіў у сілу.

Актывістка руху FEMEN Дыяш у пятніцу кінулася да Зэмана, выкрыкваючы: «Zeman, Putin’s slut!» (Зэман — Пуцінава к*рва!), той самы лёзунг быў напісаны ў яе на целе. Паўголую жанчыну на ўчастку нэўтралізавала прэзыдэнцкая ахова.

Паводле адвакаткі Луцыі Грдай, Дыяш не зьбіралася нападаць на Зэмана, пратэст быў задуманы як мірны, яна не хацела ні з кім уступіць у фізычны кантакт, была няўзброеная. «Таму яна ўзьняла рукі ўгору, каб было відаць, што яна ня мае зброі», — дадала адвакатка.

Паводле яе, Дыяш хацела папярэдзіць чэхаў, каб яны не галасавалі за Зэмана, бо Чэхія падобна Ўкраіне магла б стаць ахвярай усё большага ўплыву Расеі.

Паліцыя паведаміла, што 27-гадовая жанчына хутчэй за ўсё трайшла на выбарчы ўчастак з фальшывым журналісцкім пасьведчаньнем.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG