Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістка Femen, якая разьдзелася перад Лукашэнкам, прыйшла ў суд у скандальнай майцы. ФОТА


Belarus -The Femen activist Angelina Dias,
Belarus -The Femen activist Angelina Dias,

Сёньня Пячэрскі раённы суд Кіева пачынае разглядаць справу актывісткі руху «Femen» Анжаліны Дыяш, якая сёлета ў ліпені зладзіла акцыю пратэсту падчас сустрэчы беларускага і ўкраінскага прэзыдэнтаў ў Кіеве.

На паседжаньне суду Анжаліна Дыяш прыйшла ў футболцы з надпісам «Парашэнка=Лукашэнка».

У размове з журналістамі актывістка адзначыла, што, як і раней, не шкадуе пра зладжаную акцыю. «Я яе паўтарыла б і зараз», — сказала яна.

Анжаліна Дыяш таксама паведаміла, што нягледзячы на тое, што тэрмін меры стрыманьня ў выглядзе падпіскі пра нявыезд завяршыўся, сьледчыя органы так і не вярнулі ёй пашпарт.

Яе адвакат Яраслаў Яцэнка паведаміў Свабодзе, што сёньня ён будзе патрабаваць ад суду аб’яднаць дзьве крымінальныя справы ў адну.

Праваахоўныя органы Ўкраіны адкрылі супраць Анжаліны Дыяш адразу дзьве крымінальныя справы. Іх дасудовае расьсьледаваньне адбывалася асобна — паводле часткі 1 артыкулу 296 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (хуліганства, што суправаджаецца асаблівым нахабствам і цынізмам) і паводле часткі 4 артыкулу 358 (выкарыстаньне заведама падробленага дакумэнта). Абодва гэтыя правапарушэньні караюцца як штрафам, гэтак і пазбаўленьнем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў.

Сёлета ў ліпені падчас цырымоніі падпісаньня супольных дамоваў паміж Беларусьсю і Ўкраінай у рамках афіцыйнага візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў у залю выбегла жанчына з крыкамі «Стоп дыктатуры», «Жыве Беларусь» і такім самым надпісам на аголеных грудзях. На працягу 10 сэкундаў яе вывелі ахоўнікі, цырымонія працягнулася.

6 выпадкаў, калі Femen распраналіся супраць Лукашэнкі

Падобныя акцыі «Femen» часта ладзіць у сувязі з палітычнымі або грамадзкімі падзеямі. Актывісткі ладзілі ў 2011 годзе топлес-акцыю ў тым ліку пад дзьвярыма беларускага КДБ, адна з жанчын выступала ў ролі Аляксандра Лукашэнкі. Пазьней актывісткі заяўлялі, што беларускія праваахоўнікі іх зьбілі, абстрыглі і без дакумэнтаў кінулі ў лесе.

Таксама актывісткі ладзілі ў Кіеве «Начную атаку на Лукашэнку» ў 2013 годзе.

Пячэрскі раённы суд Кіева перанёс разгляд справы актывісткі Femen Анжаліны Дыяш на 26 сьнежня, адхіліўшы пракурора ад справы з прычыны парушэньня абвінавачаньнем працэсуальнага заканадаўства.

Апроч таго, суд абавязаў абвінавачаньне вярнуць актывістцы пашпарт, які яна здавала сьледчаму пасьля абраньня для яе такога захаду стрыманьня, як падпіска пра нявыезд.

«Я задаволеная рашэньнем суда. Мой адвакат зьвяртаўся неаднарозова з хадайніцтвам пра вяртаньне пашпарту, але пракуратура ігнаравала звароты. І сёньня пракурор таксама ня змог абгрунтавана адказаць, паводле якіх мой пашпарт заставаўся ў іх, а гэта парушае маё права на свабоду руху», — паведаміла Анжаліна Дыяш.

У той жа час яе адвакат Яраслаў Яцэнка дадаў, што заўтра суд мае правесьці папярэдняе паседжаньне па другой справе — пра выкарыстаньне Анжалінай Дыяш заведама падробленага дакумэнта. «Гэтыя дзьве справы аб’ядноўвае адсутнасьць падстаў для разгляду справы па сутнасьці», — адзначыў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG