Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампанію затрыманага бізнэсоўца Кныровіча могуць прызнаць банкрутам


Прадпрымальнік Аляксандар Кныровіч, архіўнае фота

Эканамічны суд Менскай вобласьці завёў справу аб банкруцтве кампаніі бізнэсоўца Аляксандра Кныровіча, затрыманага летась у студзені.

Пра гэта піша TUT.BY са спасылкай на Адзіны дзяржаўны рэестар зьвестак аб банкруцтве.

Справу аб банкруцтве завялі паводле заявы крэдытора кампаніі, ТАА «Кентаўр-Энэрга». У дачыненьні да кампаніі Кныровіча ААТ «Сармат Тэрма Інжынірынг» уведзены абарончы пэрыяд да 20 сакавіка. Паводле закону «Аб эканамічнай няздатнасьці», абарончы пэрыяд уводзіцца для дасудовага аздараўленьня даўжніка і забесьпячэньня захаванасьці яго маёмасьці.

Упраўляючы справы аб банкруцтве Андрэй Дзегцяроў сказаў TUT.BY, што ўвядзеньне абарончага пэрыяду гарантуе, што да 20 сакавіка прадпрыемства будзе працаваць у звычайным рэжыме.

Бізнэсовец Аляксандар Кныровіч таксама вядомы як блогер і вядоўца эканамічнай праграмы ў інтэрнэце. У студзені 2017 году Кныровіч камэнтаваў мэдыя сытуацыю вакол рэзыдэнцыі ў Шаршунах, адносна якой меркавалася, што гэта нібыта 18-я рэзыдэнцыя Лукашэнкі.

Аляксандар Лукашэнка пра Кныровіча: «Злодзей павінен сядзець у турме»

Аляксандра Кныровіча затрымалі 25 студзеня 2017 году разам з супрацоўнікамі ягоных фірмаў, некаторых дзяржаўных структур, у тым ліку «Брэстэнэрга». Усе 11 затрыманых знаходзіліся ў СІЗА КДБ.

Паводле афіцыйных крыніц, у справе ёсьць эпізоды з даваньнем хабару адказным супрацоўнікам ЖКГ і арганізацыя фіктыўных тэндэраў на пастаўкі труб. Гаворка ідзе пра суму ня менш як 2,8 мільёна рублёў. У лютым 2017 году Кныровічу выставілі абвінавачаньне паводле артыкула 243.2 Крымінальнага кодэксу «Нясплата падаткаў у асабліва буйным памеры».

XS
SM
MD
LG