Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд разгледзіць пазоў Дзерыпаскі 1 сакавіка. Празь яго ў Расеі пагражаюць заблякаваць YouTube і Instagram


Насьця Рыбка. Фота з Інстаграму.

Пазоў мільярдэра Алега Дзерыпаскі да «Насьці Рыбкі» суд разгледзіць 1 сакавіка.

Вакол фота і відэа з інстаграму «Рыбкі» (сапраўднае імя — Анастасія Вашукевіч) пабудавана расьсьледаваньне Фонду барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага, якое распавядае аб сумесным адпачынку на яхце Алега Дзерыпаскі і віцэ-прэм’ера Сяргея Прыходзькі.

Бізнэсмэн падаў на Рыбку ў суд гораду Усьць-Лабінск Краснадарскага краю. На наступны дзень пасьля публікацыі расьсьледаваньня, у пятніцу 9 лютага суд Усьць-Лабінск пастанавіў абмежаваць распаўсюд інфармацыі з расьсьледаваньня ФБК Аляксея Навальнага.

Калі да вечара серады 14 лютага матэрыялы ня будуць выдаленыя, доступ карыстальнікаў у Расеі да YouTube і Instagram можа быць закрыты. З рэестра «Роскомнадзора» вынікае, што выдаленьню падлягаюць 14 пастоў у Instagram і 7 відэа з YouTube.

Судзьдзя Ўладзімер Асіпенка адмовіўся паказваць прадстаўнікам ФБК і «Медиазоны» дакумэнты па пазове Дзерыпаскі, заяўляючы, што іх інтарэсы не закранутыя.

ФБК, «Медиазона», Радыё Свабода і іншыя СМІ атрымалі ад «Роскомнадзора» лісты пра тое, што на іх сайтах апублікаваная забароненая да распаўсюджваньня ў Расеі інфармацыя. У рэестар уключылі матэрыялы расьсьледаваньня ФБК пра бізнэсоўца Алега Дзерыпаску і віцэ-прэмʼера ўраду Расеі Сяргея Прыходзьку.

У расьсьледаваньні, апублікаваным у чацьвер Аляксеем Навальным, сьцьвярджаецца, што ў жніўні 2016 году Прыходзька правёў некалькі дзён на яхце Дзерыпаскі. Апазыцыйны палітык абвінаваціў віцэ-прэмʼера ў карупцыі. Прадстаўнік Дзерыпаскі заявіў, што бізнэсовец не рабіў нічога супрацьзаконнага і будзе абараняць свае гонар і годнасьць, у тым ліку ў судзе.

XS
SM
MD
LG