Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатары сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР прапанавалі Шорцу сустрэцца


Андрэй Шорац, архіўнае фота

Сябры аргкамітэту па сьвяткаваньні 100-годзьдзя БНР зьвярнуліся да старшыні Менгарвыканкаму Андрэя Шорца з прапановай сустрэцца і абмеркаваць правядзеньне сьвяточнай дэманстрацыі і мітынгу-канцэрту 25 сакавіка.

Яны мяркуюць, што ў гэтай сустрэчы, якая можа адбыцца 7 лютага або ў іншы зручны час, павінны ўзяць удзел кіраўніцтва Менгарвыканкаму, заяўнікі масавай акцыі, а таксама лідэры палітычных партый і грамадзкіх аб’яднаньняў, якія ўваходзяць у аргкамітэт.

«Мы заклікаем Вас да шчырага і сумленнага дыялёгу і супольнага адзначэньня 100-годзьдзя адной з найважнейшых падзеяў у гісторыі нашай нацыі і нашай краіны», — гаворыцца ў звароце да старшыні Менгарвыканкаму.

Ініцыятары сустрэчы лічаць непрымальнай практыку мінулых гадоў, калі менскія ўлады зьмянялі заяўлены маршрут масавых акцый да Дня Волі «без абмеркаваньня ды ўзгадненьня з арганізатарамі і без тлумачэньня шырокай грамадзкасьці прычынаў адмовы».

«Тым больш непрымальным мы лічым прыклад мінулага году, калі гарвыканкам парушыў дзейнае заканадаўства і ня даў адказу на заяву аб правядзеньні масавага мерапрыемства ў вызначаны законам тэрмін. Мы настойваем на адкрытым абмеркаваньні», — гаворыцца ў звароце.

Аўтары звароту выказваюцца за тое, каб сьвяточныя мерапрыемствы прайшлі мірна і ўрачыста, без запалохваньняў і перасьледу ўдзельнікаў.

Паводле намесьніка старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, мерапрыемствы будуць «выключна сьвяточнымі, скіраванымі на нацыянальную кансалідацыю».

«Мы гатовыя да абмеркаваньня ды пошуку прымальных для ўсіх бакоў варыянтаў правядзеньня сьвяточных мерапрыемстваў», — сказаў Янукевіч.

Абвешчаны збор сродкаў на сьвяточны канцэрт да 100-годзьдзя БНР

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG