Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сурвіла: «Без БНР не было б БССР і не існавала б незалежная дзяржава — Рэспубліка Беларусь»


Cтаршыня рады БНР Івонка Сурвіла

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла зьвярнулася зь лістом з нагоды пачатку юбілейнага для Беларусі 1918 году, на які прыпадае 100-годзьдзе абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Старшыня Рады БНР згадвае, як летась Канада сьвяткавала свае сто пяцідзясятыя ўгодкі: «І як прыемна было бачыць, што ня толькі ўлады, але і кожны горад, кожнае мястэчка, кожная вёска адзначалі гэты юбілей».

Забудземся ў гэты дзень на тое, што яшчэ не нармальна ў нашым краі.

Івонка Сурвіла зьвяртаецца з заклікам: «Давайце і мы, усе мы, у Беларусі і ў замежжы, адзначым наш Юбілей — сто гадоў адноўленага існаваньня нашай дзяржавы. Пачатак быў нялёгкі, ва ўмовах вайны на нашай зямлі між чужымі нам імпэрыямі, ва ўмовах дагавораў між імі, у якіх мы ня бралі ўдзелу. Але нашыя продкі ўсё ж здолелі абвясьціць сьвету, што беларускі народ жыве і жадае быць незалежным, паўнавартасным гаспадаром свае зямлі». Старшыня Рады БНР, якая жыве ў Канадзе, адзначае, што «дзякуючы адвазе і вытрываласьці нашых продкаў, незалежнасьць Беларусі была абвешчаная, прызнаная суседзямі, і нават бальшавікі ня здолелі зноў зрабіць з нас расейскую губэрню. Усе мы ведаем, што без БНР не было б БССР і сёньня не існавала б незалежная дзяржава — Рэспубліка Беларусь».

Івонка Сурвіла прапануе адзначыць падзеі 1918 году гэтак, як адзначаюць такія сьвяты грамадзяне вольных краінаў — урачыстымі сустрэчамі, прысьвечанымі БНР, канцэртамі, гутаркамі, імпрэзамі. «Забудземся ў гэты дзень на тое, што яшчэ не нармальна ў нашым краі, бо верым, што дачакаемся і мы тае вольнай, беларускай Беларусі, пра якую ўсе марым», — лічыць яна.

Мяне вучылі пра ўсё гэта мае бацькі.

Што да асабістых праектаў, прысьвечаных стагодзьдзю БНР, то старшыня Рады БНР прапануе, каб «нашыя мастакі арганізавалі ў 2018 годзе выставу, прысьвечаную Беларускай Народнай Рэспубліцы, каб паэты выказалі сваю любоў да Бацькаўшчыны ў сваіх юбілейных вершах, каб пісьменьнікі выдалі нарысы на тэму стагодзьдзя. І каб дзеткі ў школах папрасілі настаўнікаў расказаць ім пра падзеі ў Менску стогадовай даўніны, пра значнасьць незалежнасьці для кожнага народу, пра месца БНР у нашай гісторыі. Мяне вучылі пра ўсё гэта мае бацькі. Зьвяртаюся да нашай дыяспары — мо і вы перадалі б сваім дзеткам пачуцьцё гонару звацца беларусамі, якое перадалі нашыя бацькі майму брату і мне ў далёкім замежжы».

БНР: нявывучаныя ўрокі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:34:46 0:00

Як нарадзілася першая беларуская незалежнасьць, якое значэньне БНР мае для будучыні Беларусі? Над гэтымі пытаньнямі ў Зоне Свабоды разважаюць Сяргей Абламейка, Аляксандар Лукашук і Сяргей Навумчык.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG