Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магчыма, вы аб гэтым ніколі не задумваліся, але невядома хто каму ў большай ступені патрэбны: чалавек мікраарганізмам, якія яго шчыльна і ў вялікай колькасьці суправаджаюць усё жыцьцё, ці мікраарганізмы чалавеку. Мяркуйце самі.

Хто каму больш патрэбны

У нашым страўнікавым тракце жыве ў сярэднім каля 50 трыльёнаў мікраарганізмаў, што амаль у паўтара раза болей, чым клетак ва ўсім целе! Прычым узаемадачыненьні паміж чалавечай істотай і мікраарганізмамі характарызуюцца як мутуалізм — гэта значыць як вельмі патрэбныя адно аднаму.

Біёлягі лічаць, што чалавек можа пражыць і без мікробаў у страўнікавым тракце. Але вось мікробам патрэбныя рэшткі ежы ў кішэчніку, бо спэцыяльным шляхам анаэробнага гліколізу яны атрымліваюць адтуль неабходнае харчаваньне для сябе і пры гэтым як бы паглынаюць шкодныя для чалавечага арганізму рэчывы. Такім чынам чалавек і мікробы з посьпехам суіснуюць.

Мікробы любяць актыўных гаспадароў

У апошнія гады зьявіліся дадзеныя аб тым, што стан мікраарганізмаў страўнікавага тракту наўпрост залежыць ад паводзін чалавека, а найбольш ад узроўню его фізычнай актыўнасьці.

Былі праведзены вопыты, згодна зь якімі аэробныя фізычныя нагрузкі на працягу шасьці месяцаў працягласьцю ад 30 да 60 хвілін тры разы на тыдзень прыводзілі да якасных зьменаў стану і дзейнасьці мікрафлёры кішэчніка.

мікробы ў адказ на фізычныя практыкаваньні пачыналі вырабляць значна большую колькасьць так званых кароткаланцуговых тлустых кіслотаў

Да аэробных фізычных нагрузак адносяцца хуткая хада, павольны бег, плаваньне ў басэйне, язда на ровары, разнастайныя гульні кшталту футболу, валейболу і іншыя, нават праца на лецішчы, дзе мы шмат ходзім і робім «працоўныя» практыкаваньні на градках.

Пры гэтым мікробы ў адказ на фізычныя практыкаваньні пачыналі вырабляць значна большую колькасьць так званых кароткаланцуговых тлустых кіслотаў, якія садзейнічаюць прафіляктыцы цукровага дыябэту, атлусьценьня і хранічных хвароб сэрца.

Ня лішнім будзе адзначыць, што мікраарганізмы таксама выпрацоўвалі рэчывы, якія нармалізавалі рухі сьценкі кішэчніка, што садзейнічала нармальнаму апаражненьню і мела станоўчы эфэкт пры запорах — праблеме, якая часта сустракаецца ў асоб сталага ўзросту.

Пасіўнасьць гаспадара перадаецца мікробам

На жаль было высьветлена, што такія карысныя паводзіны мікраарганізмаў страўнікавага тракту маюць месца толькі тады, калі чалавек актыўна рухаецца ці займаецца аматарскімі фізычнымі практыкаваньнямі. Як толькі ён іх перастае рабіць ці пачынае весьці недастаткова актыўны лад жыцьця, то і мікраарганізмы «супакойваюцца» і вяртаюцца да менш здаровага тыпу паводзінаў.

карысныя паводзіны мікраарганізмаў маюць месца толькі тады, калі чалавек актыўна рухаецца

Такім чынам, каб нашы мікробы былі намі задаволеныя, неабходна весьці фізычна актыўны лад жыцьця, гэта значыць згодна з парадамі Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя ў тыдзень рухацца ня менш за 150 хвілін у аэробным рэжыме.

У адказ мікраарганізмы страўнікавага тракту «дапамогуць» нам сваімі карыснымі рэчывамі (такімі як кароткаланцуговыя тлустыя кіслоты) пазьбегнуць небясьпечных хранічных сардэчна-судзінных і мэтабалічных хвароб, а таксама запораў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG