Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцаў, якія заключылі аднаполы шлюб, абвінавацілі ў «пашкоджаньні дакумэнтаў»


Павел Стацко і Яўген Вайцяхоўскі.

Паліцыя Масквы завяла супраць Паўла Стацко і Яўгена Вайцяхоўскага, якія заявілі аб рэгістрацыі ў Маскве заключанага ў Даніі аднаполага шлюбу, адміністрацыйныя справы аб пашкоджаньні пашпартоў.

Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні МУС, якое цытуе партал «Медуза». Паведамленьне зьявілася пасьля таго, як расейская ЛГБТ-сетка заявіла, што ў кватэру Стацко і Вайцяхоўскага ў Люберцах спрабавалі ўвайсьці супрацоўнікі праваахоўных органаў.

Стацко паведаміў тэлеканалу «Дождж», што не адчыніў дзьверы, у кватэры пасьля гэтага адключылі сьвятло і інтэрнэт.

Раней Стацко і Вайцяхоўскі паведамлялі пра тое, што ім паступаюць пагрозы.

Павел Стацко і Яўген Вайцяхоўскі заключылі шлюб у Даніі, пасьля чаго падалі дакумэнты ў шматфункцыянальны цэнтар паслуг у Маскве для яго рэгістрацыі. Там пацьвердзілі законнасьць саюзу. Аднак на наступны дзень, 25 студзеня, Міністэрства ўнутраных спраў назвала пашпарты аднаполай пары несапраўднымі. Супрацоўніца, якая паставіла штамп аб рэгістрацыі шлюбу, і яе кіраўнік будуць звольненыя.

Пашпарты Вайцяхоўскага і Стацко са штампамі аб шлюбе
Пашпарты Вайцяхоўскага і Стацко са штампамі аб шлюбе

«МУС вывела сытуацыю за рамкі ЛГБТ-супольнасьці і за рамкі абмеркаваньня аднаполых шлюбаў і парушыла правы супрацоўніцы, якая дзейнічала ў адпаведнасьці з законам», — сказаў Стацко. Ён таксама паведаміў, што мае намер зьвярнуцца ў суд і дамагацца адмены рашэньня аб прызнаньні несапраўднымі пашпартоў і рашэньня аб звальненьні супрацоўніцы МУС.

Заключаць аднаполыя шлюбы ў Расеі не дазваляецца. У краіне дзейнічае закон аб забароне прапаганды нетрадыцыйных сэксуальных адносін сярод непаўналетніх. Эўрапейскі суд у правах чалавека прызнаў гэтую меру дыскрымінацыйнай.

Паводле артыкулу аб «пашкоджаньні дакумэнтаў» прадугледжанае пакараньне ў выглядзе невялікага штрафу.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG