Паводле папярэдніх дадзеных, ён набірае каля 55 працэнтаў галасоў, яго сапернік, былы прэзыдэнт Акадэміі навук Іржы Драгаш — каля 45 адсоткаў.
Цягам падліку галасоў суадносіны, аднак, могуць зьмяніцца. Пакуль не падлічаныя галасы ў большасьці ўчасткаў у Празе, дзе большасьць выбарнікаў падтрымлівае саперніка Зэмана.
Поўныя папярэднія вынікі галасаваньня чакаюцца ў бліжэйшыя гадзіны.
У першым туры выбараў два тыдні таму Зэман атрымаў каля 39 адсоткаў галасоў, Драгаш — каля 26 адсоткаў. Аднак Іржы Драгаша падтрымала большасьць кандыдатаў у прэзыдэнты, якія ня выйшлі ў другі тур.
Зэман на працягу свайго першага пяцігадовага тэрміну неаднаразова наведваў Расею і выказваўся за адмену санкцый, уведзеных у сувязі з анэксіяй Крыма і вайной на ўсходзе Ўкраіны. Яго сапернік Драгаш лічыцца праэўрапейскім палітыкам.