12 і 13 студзеня ў Чэхіі праходзяць прэзыдэнцкія выбары. У іх удзельнічаюць дзевяць кандыдатаў. Паводле апытаньняў грамадзкай думкі, хутчэй за ўсё адбудзецца другі тур выбараў, у які выйдуць цяперашні прэзыдэнт Мілаш Зэман і былы кіраўнік Акадэміі навук Іржы Драгаш.
Пры гэтым, паводле сацыёлягаў, дзейны прэзыдэнт мае шанцы перамагчы ўжо ў першым туры, а ў другім туры шанцы Зэмана і Драгаша прыблізна роўныя.
Апрача Іржы Драгаша асноўнымі канкурэнтамі Зэмана сацыёлягі і сродкі масавай інфармацыі называюць музыканта і прадпрымальніка Міхала Горачка і былога прэм’ер-міністра ад Грамадзянскай дэмакратычнай партыі Мірка Топаланка. Яны крытыкуюць Зэмана, заяўляючы, што яго выказваньні і ўчынкі палярызуюць грамадзтва, а таксама за занадта цёплыя, на думку яго апанэнтаў, адносіны з Масквой.
Астатнія прэтэндэнты, паводле сацыёлягаў, маюць зусім невялікія шанцы.
Дзейнага прэзыдэнта падтрымаў прэм’ер-міністар Андрэй Бабіш. Большасьць апазыцыйных партый выступаюць у падтрымку апанэнтаў Зэмана.
Радыё Свабода зьвярнулася да беларусаў, якія атрымалі чэскае грамадзянства, з просьбай расказаць, за каго яны будуць галасаваць і які ключавыя пытаньні гэтых выбараў для іх, а таксама для іх сяброў і сваякоў.
Настасься Доду, праграмістка, Брно:
«Выбіраю паміж Фішэрам і Драгашам. Хутчэй за ўсё спынюся на другім, бо ён мае найбольшыя шанцы супраць Зэмана.
Я не асабліва сачыла за кампаніяй, і грамадзянства маю нядаўна, але для мяне важная сама магчымасьць выказаць свой голас, і што ён будзе ўлічаны. Гэта незвычайнае адчуваньне адказнасьці і магчымасьці на нешта паўплываць, пасьля беларускіх выбараў
У сувязі з тым, што тут прэзыдэнт — пасада збольшага для прыгажосьці, выбіраю проста найбольш адукаванага і прыстойнага, каб ня меў экстрэмісцкіх поглядаў, быў праэўрапейскім і не распальваў варожасьці паміж рознымі групамі насельніцтва
Для мяне найбольш важныя пытаньні — застацца ў Эўразьвязе і не адварочвацца ад уцекачоў»
Рыгор Жыдкоў, фінансавы дырэктар, Прага:
«Буду галасаваць за Топаланка. Гэтыя выбары значаць менш, чым выбары парлямэнту, але яны маюць большую сымболіку, таму што прэзыдэнт прэзэнтуе дзяржаву — хай сабе ня маючы значнай моцы.
Ключавыя пытаньні зьвязаны з пазыцыяй Чэхіі ў рамках Эўразьвязу — альбо быць як Польшча і Вугоршчына — на ўскраіне, альбо больш у цэнтры побач зь Нямеччынай».
Натальля Ямпілкава, перакладчыца, Млада-Болеслаў:
«Я цяпер ня ў Чэхіі, і таму я ўзяла пасьведчаньне выбарца, каб паўдзельнічаць у галасаваньні, але, на жаль, выглядае, што ў мяне не атрымаецца патрапіць у амбасаду. Інакш я б галасавала за Драгаша. Калі будзе другі тур галасаваньня, а ён хутчэй за ўсё будзе, я буду галасаваць за праціўніка Зэмана.
Для мяне і для некаторых маіх сяброў і родных гэтыя выбары значаць адказ на пытаньне, ці застанецца ў Чэхіі прэзыдэнтам чалавек, для якога дэмакратычныя каштоўнасьці ня маюць вялікага значэньня. Спадзяюся, што не застанецца».
Рыта Гаціх, гандлёвая прадстаўніца, Лыса над Лабэм:
«Галасаваць я буду. Пляную за Марка Гілшэра. Хочацца каб прэзыдэнтам быў чалавек малады і разумны, які ня быў пад уплывам камуністычнага выхаваньня.
Выбары — гэта грамадзянскі абавязак магчымасьць паўплываць на сытуацыю ў краіне. Думаю што для большасьці маіх сяброў і знаёмых ключавы момант — гэта абраньне іншага прэзыдэнта, які зможа годна прэзэнтаваць краіну ў сьвеце».
Ільля Глыбоўскі, кіраўнік аддзелу лягістыкі, Лыса над Лабэм:
«Галасаваньне — гэта таямніца, але я скажу. Мой кандыдат Міхал Горачэк. Па-мойму, астатнія да яго ўзроўню не дацягваюць.
Удзел для мяне — гэта рэалізацыя майго дэмакратычнага права голасу, чаго цяпер у Беларусі няма».
***
Радыё Свабода спыталася ў інтэрнэт-суполцы беларусаў Чэхіі, ці зьбіраецца нехта з тых, хто бярэ ўдзел у галасаваньні, падтрымаць дзейнага прэыздэнта Чэхіі Мілаша Зэмана. На момант публікацыі ніхто з удзельнікаў суполкі не адгукнуўся.