Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп прапанаваў плян міграцыйнай рэформы: легалізаваць 1,8 млн нелегалаў


Дональд Трамп абмяркоўвае іміграцыйную рэформу падчас сустрэчы з сэнатарамі ў Белым доме 9 студзеня 2018 году

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прапанаваў у чацьвер плян легалізацыі 1,8 мільёна незаконных мігрантаў, прывезеных у Амэрыку ў юным узросьце іх бацькамі. Яны атрымаюць права падаць заяву на грамадзянства празь 10-12 гадоў пры ўмове наяўнасьці працы і адсутнасьці судзімасьці.

Адным з пунктаў гэтага пляну зьяўляецца ўзмацненьне жорсткасьці памежнага кантролю на мяжы з Мэксыкай і скарачэньне агульнай колькасьці мігрантаў, якія прыяжджаюць у краіну.

Белы дом спадзяецца, што Сэнат прагаласуе па адпаведным законапраектам у першым чытаньні ўжо ў пачатку лютага. Дакумэнт прадугледжвае вылучэньне 25 мільярдаў даляраў на будаўніцтва загароды на мяжы з Мэксыкай і фінансаваньне мераў па ўзмацненьні прапускнога рэжыму на мяжы з Канадай.

Указ, прыняты яшчэ Баракам Абамам, ахоўвае ад дэпартацыі каля 700 тысяч нелегальных мігрантаў, якія трапілі ў ЗША, калі былі дзецьмі, але тэрмін яго дзеяньня мінае ў пачатку сакавіка. Паводле ацэнкі цяперашняй адміністрацыі, прыкладна такая ж колькасьць нелегальных мігрантаў з гэтай катэгорыі не зарэгістраваліся ў адпаведнасьці з указам Абамы, тым ня менш плян Трампа распаўсюджваецца і на іх.

Канфрантацыя паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі з нагоды іх статусу прывяла да закрыцьця на тры дні многіх дзяржаўных установаў, якія страцілі бюджэтнае фінансаваньне. Ініцыятыва прэзыдэнта павінна дапамагчы вырашэньню міграцыйнай праблемы, заявіў лідэр большасьці ў Сэнаце ЗША рэспубліканец Мітч Маконэл. Аднак заканадаўцы ад Дэмакратычнай партыі раскрытыкавалі прапанову прэзыдэнта Трампа, назваўшы яе спробай разьяднаць сем’і імігрантаў, а будаваньне памежнай сьцяны выкіданьнем грошай на вецер.

XS
SM
MD
LG