Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп непрыстойна выказаўся пра Гаіці і краіны афрыканскага кантынэнту, адкуль у ЗША прыбываюць мігранты


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

У чацьвер прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выклікаў абурэньне сябраў Кангрэсу і СМІ сваёй заўвагай на адрас імігрантаў з Гаіці і з афрыканскага кантынэнту.

На сустрэчы з заканадаўцамі ў Белым доме 11 студзеня, прысьвечанай рэформе іміграцыйнай палітыкі, калі сэнатар-дэмакрат Дзік Дурбін падчас абмеркаваньня праблемаў іміграцыі згадаў Гаіці, Дональд Трамп спытаў, чаму хто-небудзь хоча, каб у ЗША прыбывалі імігранты з Гаіці і з краінаў Афрыкі, і дадаў:

«Зь якой нагоды мы павінны прымаць у сябе людзей з гэтых ср...ых краінаў?».

Ён сказаў, што трэба імкнуцца да таго, каб у ЗША прыяжджала больш людзей з такіх краінаў, як Нарвэгія, паведамляе телаканал CNN са спасылкай на афіцыйных асобаў, якія прысутнічалі на сустрэчы.

Галоўнай тэмай гутаркі была легалізацыя незаконных мігрантаў, якіх у юным узросьце прывезьлі ў Амэрыку іх бацькі. Даведаўшыся, што сярод іх ёсьць гаіцяне, Трамп пацікавіўся, ці нельга зрабіць так, каб іх амністыя не кранула.

Шэраг заканадаўцаў-дэмакратаў асудзілі словы Трампа, назваўшы іх расісцкімі, у той час, як некаторыя рэспубліканцы выказалі расчараваньне словамі прэзыдэнта, паведамляе The Washington Post.

Намесьнік прэс-сакратара Белага дому Радж Шах ня стаў аспрэчваць гэтую інфармацыю, сказаўшы толькі, што ў адрозьненьне ад вашынгтонскіх палітыкаў, заклапочаных у першую чаргу замежнікамі, прэзыдэнт Трамп нязьменна бярэ ў аснову інтарэсы амэрыканцаў. І таму хоча, каб Амэрыка рушыла ўсьлед за прыкладам тых дзяржаваў, якія ўвялі ў сябе так званую «бальную» сыстэму прыёму мігрантаў, заснаваную на іх прафэсійных ведах і здольнасьці адаптавацца да новых умоваў жыцьця.

Раней Дональд Трамп заявіў пра неабходнасьць адмены візавай лятарэі (Green Card), у выніку якой у Злучаныя Штаты трапляюць «найгоршыя» прадстаўнікі іншых дзяржаваў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG