Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Віцебску агучаць новы вырак Вользе Сьцяпанавай за сьмерць немаўляці падчас хатніх родаў


Вольга Сьцяпанава

У Віцебскім абласным судзе мае завяршыцца паўторны разгляд справы, распачатай супраць жыхаркі Санкт-Пецярбургу паводле артыкулу 144 Крымінальнага кодэксу (прычыненьне сьмерці па неасьцярожнасьці).

На ранейшых 7 судовых пасяджэньнях падсудная адсутнічала, суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасьці судовага працэсу невядомыя. Вядома толькі тое, што гэта паўторны разгляд справы, бо абласны суд адмяніў рашэньне Чыгуначнага раённага і разглядаў справу з самага пачатку.

Старшынявала на працэсе судзьдзя абласнога суду Галіна Бондал, інтарэсы падсуднай абараняла адвакатка Надзея Бірукова.

Інцыдэнт, які паўторна разьбіраўся ў судзе, выклікаў шырокі рэзананс як у Беларусі, так і за яе межамі. Ураджэнка Віцебску, а цяпер жыхарка Санкт-Пецярбургу Вольга Сьцяпанава зьбіралася нарадзіць сваё другое дзіця на радзіме, бо спадзявалася на дапамогу маці ў доглядзе старэйшай дачкі і немаўляці. 19-га лютага 2017 году, яна нарадзіла малодшую дачку, але не змагла даць рады, калі заўважыла, што нованароджаная ня дыхае. Паводле сваякоў, выкліканая хуткая дапамога прыехала несвоечасова, і менавіта таму немаўля ўратаваць не ўдалося.

Супраць Вольгі Сьцяпанавай завялі крымінальную справу, 4 месяцы яе ўтрымлівалі ў СІЗА праз падазрэньне, што яна мае намер уцячы ад пакараньня. Чыгуначны райсуд Віцебску прысудзіў ёй 6 месяцаў пазбаўленьня волі з адбыцьцём пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах калёніі-пасяленьня. Жанчына скарысталася сваім правам на абскарджаньне прысуду, і 3-га лістапада калегія абласнога суду адмяніла гэты вырак.

Цяпер абласны суд мае вынесьці ўласнае рашэньне ў гэтай справе.

5 прызнаньняў Вольгі Сьцяпанавай, якую асудзілі за сьмерць дзіцяці падчас хатніх родаў

XS
SM
MD
LG