Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прычына пераносу кніжнай выставы ў Менску — «важнае дзяржаўнае мерапрыемства». Якое — сакрэт


Выставачны комплекс «БэлЭкспа», фота Bahdanovich Alena / Shutterstock
Выставачны комплекс «БэлЭкспа», фота Bahdanovich Alena / Shutterstock

З прычыны «важнага дзяржаўнага мерапрыемства» традыцыйную Менскую міжнародную кніжную выставу-кірмаш перанесьлі на пазьнейшы тэрмін.

Загадзя плянавалася, што ХХV выстава-кірмаш пройдзе 7–11 лютага, а літаральна за 2 тыдні да адкрыцьця стала вядома, што імпрэза перанесеная на 3 тыдні пазьней: на 28 лютага — 4 сакавіка. Прычына — важнае дзяржаўнае мерапрыемства, якое раптоўна заплянавалі на той жа час на той жа пляцоўцы.

Арганізатары выставы — Міністэрства інфармацыі, Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт, ААТ «Белкніга» і ААТ «Макбел».

У Міністэрстве інфармацыі адмовіліся назваць Свабодзе раптоўную прычыну пераносу традыцыйнага міжнароднага мерапрыемства.

«Выстава перанесеная з аб’ектыўнай прычыны. Аб’ектыўнай. Я ня буду камэнтаваць. Вы думаеце, мы ня ў шоку? Я ня маю права казаць — сярэдняму складу ў нас забараняюць казаць. Міністар на бальнічным, тэлефануйце першаму намесьніку міністра Ігару Ўладзімеравічу Луцкаму», — параіла Свабодзе начальнік Упраўленьня выдавецкай і паліграфічнай дзейнасьці Мінінфармацыі Алена Паўлава.

Памочнік міністра інфармацыі Алег Бурак таксама адмовіўся гаварыць аб прычыне пераносу выставы і накіраваў да Луцкага. З Луцкім зьвязацца не ўдалося, сакратарка ўвесь час адказвала, што «ён на падыходзе да міністэрства».

Яшчэ адзін з арганізатараў — «Белкніга». Першы намесьнік генэральнага дырэктара Генадзь Сілінскі таксама дакладнай прычыны пераносу не назваў.

«Прычына, паверце, банальная. У нас жа, па вялікім рахунку, застаўся толькі адзін выставачны комплекс — „БелЭкспа“, а там у гэты час праводзяць нейкія дзяржаўныя мерапрыемствы. Ня ведаю дакладна, якія, але быццам бы нават з кіраўніком дзяржавы. Магчыма, нават сустрэча з журналістамі. На жаль, так „наклалася“. Мы выбачаемся, пішам лісты ўдзельнікам», — кажа Генадзь Сілінскі.

У ААТ «Макбел» Свабодзе таксама сказалі, што два дні рассылаюць удзельнікам лісты.

«Вы не ўяўляеце, у якім шоку мы былі самі, калі даведаліся пра перанос мерапрыемства», — уздыхае супрацоўніца кампаніі.

Дзеля якога мерапрыемства пераносяць Міжнародную выставу-кірмаш, не паведамілі і ў самім Нацыянальным выставачным комплексе «БелЭкспа». Як высьветлілася, калі «БелЭкспа» праводзіць мерапрыемствы, яно арандуе плошчы ў Галоўнага гаспадарчага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта, якому належыць будынак на праспэкце Пераможцаў, 14.

Але супрацоўнікі Галоўнага гаспадарчага ўпраўленьня кажуць, што яны ня ведаюць, дзеля якога мерапрыемства перанесьлі кніжную выставу-кірмаш.

«Будынак „БелЭкспа“ — рэспубліканская ўласнасьць, і там праходзяць мерапрыемствы рэспубліканскага значэньня. Няма афіцыйнага тлумачэньня, чаму выставу перанесьлі. Мы ня ведаем і ня маем права камэнтаваць, якія віды і фарматы мерапрыемстваў там праводзяцца. Мы толькі абслугоўваем будынак», — сказаў Свабодзе памочнік начальніка Галоўнага гаспадарчага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Андрэй Новік.

Многія выдаўцы могуць не даехаць

Летась у Менскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы брала ўдзел 31 краіна сьвету, было прадстаўлена 320 выдавецтваў, зь якіх 105 — замежныя. Удзельнікі выставы загадзя замаўляюць квіткі, каб даехаць да сталіцы Беларусі, транспарт, каб даставіць грузы кніг, альбомаў.

На выставу запрашаюцца вядомыя пісьменьнікі, ганаровыя госьці. Як патлумачыў прадстаўнік кнігавыдавецкай індустрыі, яшчэ восеньню адно дыппрадстаўніцтва ў Менску зьвярнулася да свайго ляўрэата Нобэлеўскай прэміі па літаратуры з запрашэньнем на Менскую кніжную выставу. Ляўрэат адмовіўся, бо такія сустрэчы плянуюцца за нашмат большы час.

«Некаторыя расейскія выдаўцы могуць не даехаць да нас. А бязь іх выстава стане зусім панылай. І ўся міжнароднасьць зьвядзецца да бяскніжных стэндаў Туркмэністану, Палестыны, Таджыкістану, Ірану, Швайцарыі», — адзначыў спэцыяліст.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG