Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начосы, якія падзялілі беларусаў


Зьезд «Белай Русі» 19 студзеня 2018 году
Зьезд «Белай Русі» 19 студзеня 2018 году

Калі і выбіраць нейкі зьнешні сымбаль цемрашальства і адсталасьці цяперашняй улады — дык гэта «начос».


Беларускія дыскусіі ў сацыяльных сетках часта разьвіваюцца паводле пэўных няпісаных правілаў. Як толькі пэўная частка незалежнага грамадзтва гучна праявіць свае крытычныя пачуцьці на адрас нейкай пэрсоны альбо групы — абавязкова знойдуцца абаронцы, якія з вышыні сваіх бездакорных маральных пазыцыяў запытаюць: «Як можна? Чаму вы ўсе на яго (яе, іх) накінуліся? Гэта ж непрыгожа, непрыстойна» і гэтак далей.

Знайшліся абаронцы і ў «цётак з начосам», якія сталі прывабнай мішэньню для публікі пасьля фотарэпартажаў са зьезду «Белай Русі». «Абаронцы», сярод якіх вядомыя журналісты Сьвятлана Калінкіна і Аляксандра Фядута, казалі — «нельга абмяркоўваць зьнешнасьць», «на сябе паглядзіце» і (як жа бяз гэтага?) «Нет борьбы с теми, кто способен ответить и кто по-настоящему силен».

Перш за ўсё — прычым тут увогуле зьнешнасьць? Зьнешнасьць (твар, фігуру, рот, нос, рукі) ніхто не абмяркоўваў. Зьнешнасьць — гэта тое, што дадзена чалавеку ад прыроды. Макіяж, прычоска, адзеньне, абутак — гэта тое, што чалавек выбірае сам і што яго ў значнай ступені характарызуе.

Калі б нейкі беларускі міністар зрабіў прычоску «іракез», альбо прыйшоў бы на паседжаньне ўраду ў спартовых штанах — нам бы таксама казалі, што гэта не варта абмяркоўваць? «Яго асабістая справа»?

Кожная сацыяльная група мае свае прыкметы. У бандытаў у 90-я гэта былі чырвоныя пінжакі, у цяперашніх хіпстэраў — бароды, у жанчын з правінцыйнай наменклятуры — начосы. Калі вы ідзяце па вуліцы ў нейкім раённым цэнтры і бачыце такую цётачку з начосам — дык гэта на 99% альбо чыноўніца з выканкаму, альбо дырэктарка школы.

Зьезд «Белай Русі» 19 студзеня 2018 году
Зьезд «Белай Русі» 19 студзеня 2018 году

Іх зьнешні выгляд дэманструе, што як мінімум ў сэнсе культуры і стылю яны засталіся ў 1970-80-х, і канстатаваць гэта не зьяўляецца чымсьці крамольным ці нетактоўным. А прыхільнасьць да пэўнай эстэтыкі дастаткова шмат кажа пра сьветапогляд чалавека. Думаеце, на палітычныя рашэньні Лукашэнкі не ўплывае ягоная глыбокая адданасьць савецкім культурным і эстэтычным узорам?

Ну давайце яшчэ забаронім нам іранізаваць з «ціхароў», нязграбна пераапранутых міліцыянтаў на акцыях апазыцыі. Гэта ж так негуманна — сьмяцца са скураных куртак і востраносых чаравікаў гэтых няшчасных паднявольных людзей, у іх жа дзеці.

Людзі таму і накінуліся на «цётак з начосам» — менавіта за іхнюю прыналежнасьць да скрадзеных выбараў, разваленай адукацыі, зруйнаванай архітэктуры, беспрацоўя і «дармаедзтва» — ўсяго таго, што беларусам ненавісна ў цяперашняй уладзе. Не аднойчы бывала ў гісторыі, калі нейкая дэталь адзеньня альбо пэўная прычоска станавіліся сымбалем эпохі — як андатравыя шапкі сталі сымбалем позьняй савецкай наменклятуры. Дык калі і выбіраць нейкі зьнешні сымбаль цемрашальства і адсталасьці цяперашняй улады — дык гэта «начос».

Зьезд «Белай Русі» 19 студзеня 2018 году
Зьезд «Белай Русі» 19 студзеня 2018 году

Як правільна заўважылі некаторыя ў сацыяльных сетках, адзінае, што ў большасьці народа засталося ў магчымасьці праявіць свае адносіны да ўлады — -гэта сьмех з гэтай улады. І гэта — апошняе — «свае» ж заклікаюць адмяніць?

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG