Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз прыняў стратэгічны плян перапрацоўкі плястыку


Ілюстрацыйнае фота. Беларускі сьмецьцеперапрацоўчы сартавальны завод каля сьмецьцевага палігону «Трасьцянецкі»
Ілюстрацыйнае фота. Беларускі сьмецьцеперапрацоўчы сартавальны завод каля сьмецьцевага палігону «Трасьцянецкі»

Паводле ацэнак эканамістаў, на плястыкавай ўпакоўцы Эўропа страчвае за год да 105 млрд эўра. Да 2030 году ўвесь ўпаковачны матэрыял на рынку Эўразьвязу павінен будзе перапрацоўвацца,​ паведамляе DW.

Насельніцтва краін – сяброў Эўразьвязу і эўрапейскія прадпрымальнікі павінны вырабляць менш неарганічных адходаў і перапрацоўваць значна больш плястыку. Згодна са стратэгічнай праграмай, прадстаўленай Эўразьвязам 16 студзеня, да 2030 году «ўвесь ўпаковачны матэрыял на рынку Эўразьвязу павінен будзе падлягаць другаснай перапрацоўцы».

Плян грунтуецца на эканамічным стымуляваньні перапрацоўкі плястыкавых адходаў і скарачэньні спажываньня аднаразовай ўпакоўкі. «Проста сказаць „давайце забаронім плястык“ нічога ня дасьць», — заявіў першы намесьнік старшыні Эўракамісіі Франс Тымерманс.

У Эўропе штогод вырабляюць 25 млн тон плястыкавых адходаў

Для рэалізацыі стратэгіі, у прыватнасьці, плянуецца:

  • стварэньне ва ўсіх эўрапейскіх партах пунктаў збору плястыкавых адходаў, якія дастаюць з мора;
  • стварэньне палепшаных і пашыраных перапрацоўчых прадпрыемстваў;
  • далейшае скарачэньне выкарыстаньня аднаразовага плястыку;
  • выпрацоўваньне эканамічных стымулаў для перапрацоўчай прамысловасьці;
  • стварэньне адзіных маркіровак для біяраскладальных заменьнікаў плястыку;
  • абмежаваньне выкарыстаньня мікраплястыкі.

Ва ўсім сьвеце плястык складае 85 адсоткаў адходаў, якія трапляюць на пляжы, а эўрапейцы штогод вырабляюць 25 млн тон плястыкавых адходаў, зь якіх на сёньняшні дзень толькі 30 адсоткаў зьбіраюцца для перапрацоўкі, адзначаецца ў камюніке Эўракамісіі. Пры гэтым, паводле падлікаў эканамістаў, толькі 5 адсоткаў кошту ўпаковачных матэрыялаў застаецца ў эканоміцы. Астатняе беззваротна страчваецца празь вельмі кароткі час. Гэта абыходзіцца ў 70–105 млрд эўра штогод.

«Эўропа ня можа сабе дазволіць такія страты», — адзначаецца ў дакумэнце.

Папера, шкло, шыны — так. Вопратка — не. Як і якое сьмецьце перапрацоўваюць у Беларусі

За адзін год у Менску зьбіраюць 1 мільён 100 тысяч тон сьмецьця. А па ўсёй Беларусі — 4 мільёны тон. Аднак пакуль у Беларусі на асобны збор сьмецьця прыпадае толькі 30% усяго яго аб’ёму. Астатнія 70% ідуць у агульную кучу. Перапрацоўваецца толькі маленькая частка адходаў: так, за 2016 год толькі 16% ня трапіла на хаваньне ў зямлю, а было выкарыстана як другасная сыравіна для прадпрыемстваў. У іншых краінах гэты паказчык даходзіць да 90% і болей (у Швэцыі — 99%).

Фонд Усходнеэўрапейскага партнэрства ў сфэры энэргаэфэктыўнасьці і экалёгіі у сьнежні 2017 году выдзеліў грант у 2 мільёны эўра для будоўлі рэгіянальнага палігону бытавых адходаў у Менскай вобласьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG